У пушчу з Лапландыі

Вось і прыйшла самая чароўная пара года, багатая на цуды зіма. Дзеці і дарослыя прыехалі сустракаць яе ў самае сэрца Белавежскай пушчы – маёнтак Дзеда Мароза. 1 снежня сюды вярнулася з казачнай Лапландыі і Снягурка. Прыехала не адна, а ў суправаджэнні Матухны Зімы.

Свята, прымеркаванае да такой падзеі, атрымалася цікавым і разнастайным. У маёнтку панавала атмасфера навагодняга ранішніка. Скамарохі голасна заклікалі гасцей на свята. Ва ўсім гэтым віражы чараўніцтва і дарослыя вярталіся ў краіну дзяцінства: вадзілі карагоды ля самай высокай ёлкі, спявалі навагоднія песні і, заплюшчыўшы вочы, летуценна ўсміхаючыся, загадвалі жаданні. Дзеці імкнуліся дакрануцца да сапраўдных Дзеда Мароза і Снягуркі, прамаўляючы свае запаветныя мары самому выканаўцу іх. І усё ж больш за ўсіх жаданняў пачуў чароўны масток на сажалцы Царэўны-жабы, які даваў магчымасць замовіць чаго заўгодна ў колькасці – 92.

Нягледзячы на хмары і вецер, кожны знаходзіў сабе самае цікавае, што сагравала яго. Млын, што перамеле ўсе “зробленыя” за год грахі, карыстаўся найбольшай папулярнасцю сярод дарослых. Дзяцей прыцягвалі героі любімых казак: «Каза-дзераза», «Маша і мядзведзь», «12 месяцаў»… Горад майстроў разгарнуў уздоўж паляны яркія дэкаратыўныя вырабы з дрэва і пацерак.

Загараліся цікаўнасцю госці, калі аглядалі драўляныя хаткі, якія нібы толькі-толькі сышлі са старонак кніжкі. Кожны лічыў сваім доўгам паглядзецца ў Снягуркіна люстэрка вечнай маладосці, ступіць на парог хаты самога Дзеда Мароза.

Гаспадар маёнтка разам з унучкай настроены кожны дзень у бліжэйшыя тры месяцы дарыць людзям веру ў добрую казку. Рэзідэнцыі Дзеда Мароза толькі дзесяць гадоў. Але за такі кароткі час тут ужо пабывалі госці з 93-х краін свету. Штодня прымаюць да пяці тысяч наведвальнікаў, і ў бліжэйшыя дні чакаецца мільённы. Спяшайцеся, бо ім можа стаць любы з вас!

Сюды хочацца вяртацца

Сустракаючы зіму ў такім чароўным месцы, мы таксама паверылі ў казку. Строга выконваючы ўсе правілы, загадвалі жаданні, вадзілі карагоды, і нават розніца ва ўзросце паміж намі і самымі маленькімі гасцямі была ледзь адчувальная. Уражаннямі назапасіліся на цэлы год, бо у наступным мы абавязкова сюды вернемся. А як іншыя?

Сям’я РАЙЧУКОЎ, г. Брэст:

– Мы прыехалі ў Белавежскую пушчу першы раз. Вельмі хацелі паказаць дачцэ сапраўдную казку. Зараз вось пытае: ці праўда, што Дзеду Марозу 300 гадоў? Ёй спадабалася Снягурка, гаворыць, калі вырасце, таксама адгадуе такую касу. Рашылі, што прыязджаць будзем кожны год, – для нас важна, каб наша дзяўчынка верыла ў цуды як мага даўжэй!

Сям’я ЗАЙЦАВЫХ, г. Мінск:

– Прыехаць сюды нам параілі сябры. Зараз і мы ўсім раіць будзем. Вядома, тут ёсць на што паглядзець не толькі дзецям, але і дарослым. Узяць хаця б самую высокую ёлку ў Еўропе, тут мы вельмі шчыра загадвалі жаданні! Абавязкова прыедзем улетку. Упэўнены, што і летам у рэзідэнцыі Дзеда Мароза не меней цікава.

Аляксандр ДЗЮБКІН, г. Добруш (Гомельская вобласць):

– З жонкай адпачываем у санаторыі «Сонечны». Калі там прапанавалі арганізаваць такую паездку, мы згадзіліся не задумваючыся. Даўно хацелі наведаць пушчу, але не атрымлівалася, бо жывём далёка. Спадабалася вельмі. Такое ўсё незвычайнае, казачнае. Бачылі рэзідэнцыю па тэлевізары, на фота сяброў, але паглядзець на гэта сваімі вачамі, нават падыхаць гэтым паветрам – дарагога варта. Зусім іншыя адчуванні – жывыя.

Сям’я ЛУШНІКАВЫХ, г. Брэст:

– У нас сям’я журналістаў, таму тут мы бывалі многа разоў. Але калі прыязджаеш, як зараз, не “па рабоце”, – іншая справа. Сёння прыехалі ўсёй сям’ёй. Вядома, шкада, што снегу няма, усё ж першы дзень зімы. Заўсёды раім сябрам і знаёмым гэтыя мясціны. Такая прыгажосць настройвае на святочнасць, напаўняе думкі чараўніцтвам.

Сям’я БАРУШКАЎ, г. Пружаны:

– Да Дзеда Мароза прыехалі ўпершыню, хоць і жывём недалёка. Але, як кажуць, чым бліжэй, тым больш складана выбрацца, усё адкладвалі «на потым». Зараз, канешне, кожны год будзем сустракаць тут зіму. Галоўнае, што дзецям спадабалася такое падарожжа ў казку. Але ў наступны раз абавязкова прыедзем вечарам: гавораць, што ад каляровых агеньчыкаў прыгажосць тут неапісальная!

Рэпартаж падрыхтавалі

Анастасія ЯНКІНА,

Наталля ГРЫЦУК (фота).

Добавить комментарий