У палоне чыстага натхнення

IMG_3204Напрыканцы лютага ў Каменец са ўсяго раёна з’ехаліся юныя паэты і барды. Іх сабраў фінал IV раённага конкурсу маладых талентаў “Дэбют”. Ці варта ж было пераадольваць няблізкую дарогу, а потым сваё хваляванне для таго толькі, каб агучыць са сцэны невялікі свой твор – верш ці песню? Безумоўна, варта! Бо паэту і барду (незалежна ад узросту!) патрэбны слухач.

У тую суботу ў актавай зале сярэдняй школы №2 г.Каменец панавала атмасфера чыстага натхнення. Вершы класікаў: Навэлы Матвеевай, Максіма Багдановіча, Фёдара Цютчава, Васіля Жуковіча, Сяргея Ясеніна – у выкананні вядучых Лізаветы Кірылюк і Аліны Мартысюк перамяжоўваліся творамі сучасных школьнікаў. І былі паміж імі заўважная сувязь, пераемнасць традыцый і… наватарства. Нехта рабіў першыя крокі ў чароўнай краіне Паэзіі, хтосьці выходзіў на сцэну ўпэўнена, маючы за спінай вопыт падобных імпрэз. Музычныя паўзы для “Дэбюта” падрыхтавалі юныя артысты, вучні СШ №1 і 2 г.Каменец Ягор Панасюк, Каця Мяшкова, Насця Макарэвіч, Саша Карвацкая, Таня Чарэнда, Маша Барзова, Ліза Варошык, Лера Макарава.

Вызначаючы пераможцаў, журы ўлічвала і змест твораў, і слоўны запас аўтара, і мастацкія сродкі, і граматнасць пры афармленні, і манеру выканання. Конкурс ёсць конкурс.

У намінацыі “Вершы пра родны край, прыроду і поры года” адзначаны: Ганна Снюк і Паліна Ішкова (3 клас, Раснянская СШ), Яўгенія Галямава і Соф’я Мальчук (4 клас, Высокаўская СШ), Яна Баўфалік (4 клас, СШ №2 г.Каменец), Анастасія Нікалаева (6 клас, СШ №2 г.Каменец), Дар’я Марзан (7 клас, Высокаўская СШ), Іван Ярмаловіч і Арцём Бірук (7 клас, гімназія г.Каменец), Яўгенія Дацкевіч (9 клас, гімназія г.Каменец).

Адны юныя паэты захапляліся прыгажосцю зімы (гэта была самая папулярная тэма), іншыя аддавалі перавагу вясне і восені… Прыгажосць свету – у кожнай кроплі…

У намінацыі “Вершы пра сям’ю і пра сябе” лепшымі сталі Ганна Мачульская (5 клас, СШ №2 г.Каменец), Алена Карэцкая (7 клас, Войская СШ), Ксенія Стэльмах (11 клас, Амелянецкая СШ).

Дзяўчынкі прызнаваліся ў сваёй любові да самых родных людзей, сяброў, а таксама закраналі актуальныя праблемы нашага грамадства, такія, напрыклад, як сіроцтва.

Намінацыя “Бардаўская песня” аб’ядноўвала дзвюх дзяўчат. Лізавета Кірылюк (9 клас, СШ №2 г.Каменец) і Марына Курняўка (11 клас, цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Высокае) выканалі песні пад акампанемент гітары, і слухачы не маглі ўтрымацца ад апладысментаў. Журы вырашыла ўзнагародзіць і Лізу, і Марыну.

У намінацыях “Вершы пра каханне і сяброўства” адзначана творчасць Таццяны Міхалеўскай (8 клас, Навасёлкаўская БШ), Соф’і Асіпук (11 клас, цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Высокае) і Анастасіі Цэкат (11 клас, гімназія г.Каменец).

“Вершы-звароты” – Максім Васілюк (4 клас, Высокаўская СШ).

“Вершы пра рознае” – Валерыя Астапук (5 клас, гімназія г.Каменец).

Пераможцы ў намінацыі “Глядацкія сімпатыі” былі відавочныя яшчэ падчас выступленняў. 7 галасоў сабрала Ксенія Стэльмах, шэсць – Арцём Бірук. Віншуем! Заслужаныя ўзнагароды знайшлі сваіх уладальнікаў на ўрачыстых школьных лінейках.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий