У Камянецкім раёне учора прайшло выязное пасяджэнне Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў

Выязное пасяджэння Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў 28-га склікання прайшло 26 верасня на базе Камянецкага раёна. І невыпадкова яго ўдзельнікі абралі для сустрэчы нашы Камянюкі з Нацыянальным паркам “Белавежская пушча” – дзе яшчэ, як не тут гутарыць пра работу, што праводзіцца зацікаўленымі службамі выканаўчых і распарадчых органаў вобласці па забеспячэнні функцыянавання асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і біясферных рэзерватаў?

У рабоце сесіі прынялі ўдзел дэпутаты Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі абласных арганізацый і служб, кіраўнікі заказнікаў, старшыні гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў, старшыня Камянецкага раённага Савета дэпутатаў Ірына Нігерыш і першы намеснік старшыні Камянецкага райвыканкама Валерый Траяноўскі (як прадстаўнікі прымаючай стараны).

Пасля адкрыцця пасяджэння ў Камянюцкім сельскім цэнтры рамёстваў і культуры дэпутаты ўсклалі кветкі да помніка нашым землякам, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай, і ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання. Далей гасцей чакалі ў мясцовай школе, якая мае статус «зялёнай». Тут да прыроды адносяцца з павагай і любоўю (а як інакш, калі побач выдатны прыклад для пераймання – Нацыянальны парк?). Ва ўстанове адукацыі створана піянерская дружына “Экаполіс”, а кожны клас мае свой экалагічны атрад. Працуе школьнае лясніцтва. Ёсць гурток “Экалагічны тэатр” і экасцежка “Таямніцы лесу” з 8 прыпынкаў. Дэпутаты з цікавасцю пазнаёміліся з абсталяваннем экалагічнага рэсурснага цэнтр, адкрытага ў 2014-м на базе Камянюцкай СШ, а таксама паглядзелі выставу, прысвечаную генацыду беларускага народа падчас вайны, галоўным экспанатам якой з’яўляецца міні-макет вёскі Лескі, чый трагічны лёс назаўсёды застанецца ў нашай памяці.

Прэзентацыю сваёй дзейнасці падрыхтаваў у гэты дзень і Камянецкі раённы цэнтр турызму і краязнаўства – у спартыўнай зале школы. Свае навыкі ў турысцкім прыкладным мнагабор’і дэпутатам прадэманстравала каманда Вайскоўскай СШ, якая рыхтуецца прадстаўляць Камянеччыну на абласных спаборніцтвах. А на вуліцы ля школы гасцей чакалі юныя майстры фігурнага ваджэння веласіпеда, якім таксама было чым пахваліцца.

Наступным пунктам насычанай праграмы выязной сесіі стала наведванне археалагічнага музея пад адкрытым небам ДПУ “НП “Белавежская пушча”, пасля экскурсіі па якім дэпутаты сабраліся ў холе Музея прыроды, дзе іх увазе прапанавалі прэзентацыі дзяржаўных прыродаахоўных устаноў Брэсцкай вобласці, што кіруюць заказнікамі рэспубліканскага значэння (сярод іх – заказнікі “Выганашчанскае”, “Спораўскі”, “Званец”, “Сярэдняя Прыпяць”, “Простыр”, “Прыбужскае Палессе”…).

Далей мела месца пленарнае пасяджэнне, падчас якога разглядалася пытанне, агучанае ў пачатку гэтага матэрыялу. Дакладчыкам стаў намеснік старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Шылінчук. Пазней пра асноўныя прынцыпы работы Нацпарка, накіраваныя на функцыянаванне, ахову і выкарастанне асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый, расказаў намеснік генеральнага дырэктара “Белавежскай пушчы” Аляксандр Аўсей, а дырэктар ДПУ “Рэспубліканскі біялагічны заказнік “Спораўскі” Вадзім Пратасевіч пазнаёміў прысутных з дзейнасцю ўстановы, якую ўзначальвае. І поспехі абедзьвюх былі асобна адзначаны старшынёй Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрыем Наркевічам. Наша прырода сапраўды пад надзейнай аховай!

Таксама былі разгледжаны пытанні парадку дня. А завяршылася пасяджэнне зваротам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанны Стаціўкі, якая закранула важнае пытанне будучай электаральнай кампаніі і запрасіла далучацца да Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, старшынёй абласной арганізацыі якой з’яўляецца.
А завяршыць гэты аповед варта выказваннем, якое запала ў памяць: калі чалавек знікне з нашай планеты, прырода ўзрадуецца. Сумна і вельмі слушна адначасова. Варта задумацца…

Настасся НАРЭЙКА
Фота аўтара

 

Хотите читать актуальные новости Каменца и Каменецкого района первыми?Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/navinykam