У Камянецкім раёне занепакоены сітуацыяй з ложкамі сястрынскага догляду

Старасць прыходзіць да кожнага… І добра, калі ў гэты час побач з бабуляй ці дзядулем – родныя людзі, калі над галавой – дах цёплага, утульнага дома, калі здароўе хай і капрызіць, але не моцна. Але ж бывае і інакш. Адзінота і немач навальваюцца камянямі. І тады на дапамогу прыходзіць дзяржава – пажылых людзей забіраюць на ложкі сястрынскага догляду, якія звычайна функцыянуюць пры ўстановах аховы здароўя.

Зусім нядаўна на заканадаўчым узроўні ў пытанне ўтрымання пацыентаў на такіх ложках былі ўнесены змены. І яны непакояць не на жарт…. Глядзіце самі.

30 сакавіка бягучага года ўступіла ў законную сілу Пастанова Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 14.03.2024 г. №48, якой унесены змяненні ў Інструкцыю аб парадку аказання медыка-сацыяльнай дапамогі. У прыватнасці, Інструкцыя дапоўнена пунктам, які прадугледжвае абмежаванне тэрміну знаходжання пацыента ў арганізацыях аховы здароўя, што аказваюць медыка-сацыяльную дапамогу, да 180 дзён (шэсць месяцаў) у сукупнасці ў каляндарным годзе. А куды падзецца такому чалавеку ў астатні час?!

Такую сітуацыю, безумоўна, нельга пакідаць без увагі, тым больш і час прыспешвае (Інструкцыя ўступіла ў сілу 1 ліпеня). Таму ў нашым раёне працаваць над ёю пачалі яшчэ ў чэрвені. Намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Шпак, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аксана Высагроцкая і іншыя зацікаўленыя правялі рабочую нараду, галоўнай тэмай якой сталі перспектывы аказання медыка-сацыяльнай і сацыяльнай дапамогі жыхарам раёна, у тым ліку пацыентам бальніц сястрынскага догляду з улікам новых нормаў дзеючага заканадаўства.

Па выніках нарады быў складзены ліст да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярыны Паздзяйкінай з просьбай ініцыяваць хадайніцтва перад Міністэрствам аховы здароўя аб адмене вышэйзгаданых змяненняў норм дзеючага заканадаўства.

Ліст падмацаваны фактамі… Так, з 1 ліпеня сёлета 27 пацыентаў ложкаў сястрынскага догляду ў раёне падлягаюць выпісцы, а ў кароткатэрміновай перспектыве практычна ўсіх пацыентаў чакае тое ж самае.
Спецыялісты Камянецкага ТЦСАН вывучылі магчымасці далейшага жыццяўладкавання названых вышэй 27 грамадзян. І вынікі несуцяшальныя…

14 з іх не маюць сувязі з роднымі (у тым 9 не маюць добраўпарадкаванага жылога памяшкання),
трое выказалі жаданне для афармлення ў дамы-інтэрнаты,
адзін чалавек мае магчымасць вярнуцца дадому,
адносна яшчэ аднаго распрацоўваецца магчымасць прадастаўлення месца ў інтэрнаце,
адзін будзе размешчаны ў доме сумеснага самастойна пражывання ў Дзмітровічах,
арганізацыяй жыццеўладкавання яшчэ семярых будуць займацца родныя.
Як бачым, па стане на 1 ліпеня найбольшую асцярогу выклікае лёс 14 грамадзян, сямёра з якіх ляжачыя, са слабым зрокам і маюць патрэбу ў кругласутачным доглядзе, забяспечыць які немагчыма з прычыны адсутнасці ў раёне ўстановы сацыяльнага абслугоўвання з кругласутачным знаходжаннем. Таксама няма магчымасці размясціць гэтых грамадзян у дамах-інтэрнатах вобласці па розных прычынах (адмова ад афармлення, фінансавыя пытанні і інш.).

Часткова вырашэннем гэтага пытання можа стаць адкрыццё ў раёне аддзялення кругласутачнага знаходжання. Але ў сувязі з ім, згодна з папярэднімі разлікамі, спатрэбіцца ўвесці ў штат ТЦСАН 12,5 штатнай адзінкі з месячным фондам аплаты працы 25 тыс. руб. Таксама ўзнікне неабходнасць добраўпарадкавання і абсталявання памяшканняў для размяшчэння такога аддзялення, што запатрабуе дадатковых фінансавых укладанняў.

Акрамя таго, у сувязі з выхадам Пастановы не выключана меншая запатрабаванасць ложкаў сястрынскага догляду, што можа пацягнуць скарачэнне ложкавага фонду ўстановы аховы здароўя раёна.

Хотите читать актуальные новости Каменца и Каменецкого района первыми?Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/navinykam