У “Камянецкім зацішшы”

IMG_2605Рашэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі 2014 год у краіне аб’яўлены Годам гасціннасці. Адпаведны указ падпісаны 27 снежня мінулага года.

Гэта азначае, што ў рэспубліцы ў бягучым годзе, з улікам асаблівасцей геаграфічнага становішча, культурна-гістарычных і прыродных каштоўнасцей, удзеляць вялікую ўвагу развіццю турыстычнай галіны эканомікі і выхаванню патрыятызму і пачуцця гордасці беларусаў за сваю краіну. Важнай задачай 2014-га стала развіццё турыстычнай інфраструктуры. У межах задачы рэалізацыі турыстычнага патэнцыялу рэспублікі пастаўлена падзадача: развіццё экалагічнага турызму.

На гэту тэму і хацелася б пагаварыць сёння. Калі быць больш дакладнай, то пра “маладую” аграсядзібу “Камянецкае зацішша”, якая адчыніла свае дзверы для турыстаў каля паўтара года таму.

Гаспадаром згаданай сядзібы з’яўляецца Яўгеній Касцючык, які на пачатку і не думаў пра турыстычны бізнес, проста рабіў для ўласных патрэб лазню побач з домам. Але потым захапіўся працэсам і “понеслось”…

“На самым пачатку на тым месцы, дзе зараз стаіць сядзіба, была звычайная, нічым не прыметная гаспадарчая пабудова, – так распачаў аповяд аб сваім дзецішчы Яўгеній Уладзіміравіч. – Будаваў лазню, бо люблю “песціць” сябе, сваіх блізкіх і знаёмых венічкам і прафесійным масажам…”

Разлік быў такі, што збудуе гаспадар парную, душавую і пакойчык для пасядзелак. Калі лазня была гатова, Яўгеній Касцючык даведаўся аб праграме IMG_2608развіцця агратурызму. Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, на сямейным савеце было вырашана, што трэба спрабаваць сябе ў гэтым бізнесе. Ды і Каменец падыходзіў па ўсіх параметрах (напрыклад, колькасцю насельніцтва).

“Адкрыць аграсядзібу няцяжка, але для таго, каб атрымаць крэдыт на развіццё гэтага бізнесу, прыйшлося нямала папацець… – зазначыў гаспадар “Камянецкага зацішша”. – Калі пачынаў сваю дзейнасць, то вельмі баяўся, што справа не пойдзе, бо побач няма лесу і возера. Але гэта, як аказалася, не з’яўляецца недахопам для тых, хто едзе да нас адпачыць душой і целам…”

Усё, што зараз ёсць на сядзібе (а гэта двухпавярховы будынак), зроблена рукамі гаспадара, яго жонкі, сям’і, а таксама пры дапамозе сяброў. Безумоўна, дах, электрычнасць і газ праводзілі спецыялісты, а вось, напрыклад, сцены з камення – работа сям’і Касцючыкаў (а зараз Яўгеній Уладзіміравіч з карпатлівай дакладнасцю майструе двухпавярховы дзіцячы ложак).

Будаўніцтва сядзібы працягвалася каля чатырох гадоў, а калі 1 год і 8 месяцаў назад будынак быў здадзены ў эксплуатацыю, то ўзніклі іншыя праблемы – размяшчэнне інфармацыі на прасторах інтэрнета: большасць сайтаў з’яўляюцца платнымі…

IMG_2594“Камянецкае зацішша” адпавядае сваёй назве. Здавалася б, ну, няма ў нашым райцэнтры такога месца, дзе не было б чуваць гулу машын і не відаць людзей. Але гэта не так: сядзіба – прамое гэтаму пацвярджэнне. Пятляючы па шматлікіх вулачках Каменца, заязджаем у двор аграсядзібы. І тут чакае сюрпрыз: на самой справе вакол ціша і спакой (і гэта ў 5-і хвілінах хадзьбы ад Брэсцкай вуліцы). Вось як Яўгеній Уладзіміравіч сам гаворыць пра назву і яе паходжанне: “Некаторыя даюць сваім тварэнням імёны жонкі ці дзяцей, але я пайшоў па іншым шляху і назваў так, як называў гэта месца з пачатку майго знаходжання тут”.

Асноўны кантынгент адпачываючых – сем’і з дзецьмі, хоць і бываюць такія кампаніі, якія ўключаюць у сябе толькі і выключна мужчын, але гэта не нагода думаць, што прыязджаюць выпівохі. “Не ведаю, як растлумачыць, але ўсе адпачываючыя, а гэта за паўтара года каля 180 чалавек, былі людзьмі настолькі культурнымі, што ніводнага дрэннага слова з боку суседзяў я не пачуў, і гэта вельмі радуе…” Дарэчы, у “Зацішша” прыязджаюць адпачываць ад штодзённай гарадской мітусні не толькі брастаўчане (а іх асноўная маса), але і мінчане. Былі госці і з Расіі, Нарвегіі, Германіі, Польшчы. Хоць вялікага наплыву, як у некаторых калег, адпачываючых тут няма, але ж і для таго, каб гэта быў сапраўдны адпачынак, трэба, каб гаспадар набіраўся сіл і новых ідэй…

Мне было цікава, якія паслугі, акрамя ляжання ў ложку ў ціхім месцы, можна атрымаць на сядзібе. Аказалася, што іх нямала. Напрыклад, гаспадар возіць IMG_2583усіх жадаючых у грыбы, на рыбалку, у Белавежскую пушчу, Камянецкую вежу. Для дзяцей ёсць свае забавы – клоуны з дрэсіраваным пудзелем не дадуць сумаваць ніводнаму малому. Акрамя спальняў і лазні, на тэрыторыі ёсць цудоўнае месца для адпачынку на чыстым паветры. Для гэтага да дома гаспадар прыбудаваў навес, дзе жадаючыя могуць паспытаць шашлык ці рыбную поліўку, ці проста пасядзець за ціхай гутаркай на свежым паветры.

Як зазначыў Яўгеній Уладзіміравіч, ужо пачалі з’яўляцца пастаянныя кліенты, якія часам прапаноўваюць гэта месца адпачынку для сваіх знаёмых і сяброў. Безумоўна, асноўная інфармацыя аб сядзібе ёсць у інтэрнеце, але ж словы чалавека, якому давяраеш, больш надзейныя і яскравыя, чым фота і каментарыі чужых людзей.

І хоць адпачываць у “Камянецкім зацішшы” можна на ўсю катушку ўжо сёння, але ў гаспадара яшчэ мноства планаў на будучае. Напрыклад, марыць ён аб дзіцячай пляцоўцы, якая павінна размясціцца перад сядзібай. Але на ўсё трэба сродкі, якіх, на жаль, не хапае на ўсе задумы. А яшчэ мара Яўгенія Касцючыка – сапраўдная руская печ… Як прызнаўся сам мужчына, калі толькі планаваў заняцца агратурызмам, то думаў, што гэта будзе дадатковы даход. На самой жа справе аказалася, што для Яўгенія Уладзіміравіча сядзіба стала любімым хобі, якое прыносіць душэўнае заспакаенне. “Вельмі прыемна становіцца, калі перад ад’ездам мае госці гавораць аб тым, што ім не хочацца адсюль ехаць, бо месца адпачынку і яго гаспадар ім прыйшліся даспадобы. А ці не гэта з’яўляецца галоўным вынікам маёй работы?” – з гонарам зазначыў гаспадар “Камянецкага зацішша”.

Ідэя напісання матэрыялу прыйшла ў апошніх чыслах снежня, калі стала вядома, што 2014 год стане Годам гасціннасці. За святочныя дні гэта думка не згубілася, і ў ход пайшоў інтэрнет. Гавораць, для таго, каб зразумець фільм перад яго праглядам, трэба абавязкова прачытаць водгукі аб ім. Так і зрабіла, толькі не аб фільмах чытала, аб “Камянецкім зацішшы”. Была прыемна здзіўлена, што яны аказаліся выключна станоўчымі. Але самае цікавае, сярод маіх знаёмых камянчан знайшлося толькі некалькі чалавек, якія ведалі пра існаванне такой аграсядзібы. Апошнія, дарэчы, не змаглі ўтаіць у сабе захаплення гэтай мясцінай.

Калі ішла на сустрэчу з Яўгеніем Уладзіміравічам, не магла ўявіць сабе, што жыву побач з месцам, якое па праву можна назваць раем…

Наталля ГРЫЦУК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий