У Каменцы – музычны драйв

IMG_7342Сёлета 12 чэрвеня райвыканкам прыняў рашэнне аб правядзенні маладзёжнага праекта “Камянецкі драйв”. Свята пройдзе ў гарадскім парку 5-6 ліпеня. Наш карэспандэнт папрасіў начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалая ГРОМІКА расказаць аб новым праекце.

– Мікалай Канстанцінавіч, найперш скажыце, калі ласка, пра яго мэты і задачы…

– Аб гэтым запісана ва ўмовах праекта: падтрымка і развіццё маладзёжнага музычнага руху, творчасці ў сучасных жанрах; пошук новых талентаў; папулярызацыя сучаснага вакальна-інструментальнага мастацтва, захаванне яго лепшых традыцый; умацаванне іміджа турыстычнай прыцягальнасці нашага горада і раёна; падтрымка аб’яўленага Прэзідэнтам краіны Года гасціннасці. Гэта і падарунак жыхарам Каменца і раёна ў гонар 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і далучэнне моладзі да сучаснай музычнай культуры, здаровага ладу жыцця і творчай ініцыятывы.

– Але ж увасобіць задуманае ў жыццё не так проста?

– Так. Задумка няпростая і затратная. У нас быў рыцарскі турнір, але давялося адмовіцца ад яго, бо ля вежы мала месца для такіх баталій, няма такой прасторы, як, скажам, у Мсціслаўлі, Навагрудку… Ідэя музычнага свята такога кшталту ўзнікла даўно, летась арганізавалі выступленне брэсцкіх вакальна-інструментальных гуртоў. І замахнуліся на больш грандыёзнае шоу. Набылі сучасную гукаўзмацняльную апаратуру. Магутны гук, добрае святло – чаму ж не паспрабаваць? Ведаеце, людзі ўжо стаміліся ад так званай папсы, ад спеваў пад фанаграму, ад субкультуры. Успомнім хоць бы апошняе “Еўрабачанне”. У наш раён нячаста прыязджаюць такія гранды, як аркестр Фінберга, знакамітыя групы… А гадоў 30-40 таму назад амаль у кожнай гаспадарцы быў свой духавы аркестр, у кожным клубе – вакальна-інструментальны ансамбль. Гэта сёння перайшлі на лёгкае рамесніцтва: з Інтэрнета можна ўзяць фанаграму, – і спявай, калі ласка… Але “жывую” музыку нішто не заменіць – гэта творчая праца, сапраўднае мастацтва. І дзякуй уладам, якія падтрымалі нашу ідэю, дапамагаюць увасобіць яе ў жыццё.

– А цяпер – больш канкрэтна аб праграме свята, яе ўдзельніках.

– Свята пройдзе ў гарадскім парку, разлічана, у асноўным, на моладзь, якая любіць “тусоўкі”. Будзе і рок, і лёгкая музыка, і новая, і 40-гадовай даўнасці. Так што, лічу, прынясе асалоду і для школьніка, і для пенсіянера… Тым больш, што выканаўцы – прафесіяналы, маю на ўвазе найперш  знакамітыя мінскія гурты. Ды і іншыя – з музычнай адукацыяй, як брэсцкія гурты “Садъ”, “Драмрокстудио”… Дарэчы, з апошняга гурта хлопцы разам са мной займаліся ў музычным вучылішчы. Арганізатары ўлічылі памылкі на ранейшых святах: будуць пашыраны гандлёвыя рады, наладжаны забавы, гульні для дзяцей. У продажы – і сувеніры з лагатыпам нашага праекта. Упершыню наладжваем такое музычнае свята для душы, каб Каменец меў свой імідж, каб адарваць на пэўны час маладых ад камп’ютара, ад негатыву, далучыць да сучаснага музычнага мастацтва. Памятаеце, у савецкі час не прымалі рок-музыку, а яна ж таксама мае выхаваўчую ролю.

– Крыху пра нашых музыкантаў, якія выступяць на свяце…

– Наш камянецкі гурт выступае ў сучасным стылі, у рэпертуары – і філасофскія матывы, і адвечная тэма кахання. І свае песні выконваюць. Не скажу больш – лепш прыйсці і паслухаць…

– Скажыце, а чаму праект назвалі “Камянецкі драйв”?

– Вас цікавіць слова “драйв”? Значыць, новая, дынамічная музыка, якая абуджае добрыя пачуцці…

– І напрыканцы – якія планы на будучае?

– Планы ёсць. Упершыню правядзём такое свята, але плануем яго і на наступны год: запросім вядомую групу “Яблычны чай”, якой кіруе наш зямляк – Ігар Сацэвіч з Каменца. Яны выступаюць у стылі джаз. Не змогуць прыехаць сёлета, але чакаем у будучым гасцей з Украіны, Польшчы. Разлічваем на дапамогу спонсараў, будзем ім удзячныя, бо зразумела, што невялікая плата за ўваход у парк не кампенсуе немалыя выдаткі. Але культуру рублём вымяраць нельга. Затраты – дзеля людзей, іх адпачынку, далучэння да мастацтва.

Распытваў Георгій ПАРАФЯНЮК.

Добавить комментарий