Сусветны дзень снегу вучні 5-7 класаў СШ №1 г.Каменец адзначылі на чыстым паветры, весела, шумна і з карысцю для здароўя.
Збудавалі снежную крэпасць, а потым, назапасіўшы цэлы арсенал снежак рознага калібру, пачалі “бой”. Крэпасць выстаяла, бо абаранялі яе не толькі школьнікі, але і снегавікі. Класныя кіраўнікі адчайна “хварэлі” за сваіх, але ў выніку перамагло сяброўства.
Тым часам у будынку школы чыталі “Азбуку здароўя”. Так называлася віктарына, у якой удзельнічалі трэцякласнікі. З паперы, сурвэтак і іншых падручных матэрыялаў яны майстравалі вясёлых снегавічкоў.
* * *
Марознае і ветранае надвор’е ў суботу, 19 студзеня, не перашкодзіла сабрацца вучням 5 – 11 класаў Камянецкай гімназіі на стадыёне “Колас”. Тут праводзілі спаборніцтвы па біятлоне “Снежны снайпер- 2013”, прысвечаныя Сусветнаму дню снегу. Упарта змагаліся за перамогу ўсе ўдзельнікі. Падбадзёрвалі іх балельшчыкі. А ў панядзелак на лінейцы ў гімназіі настаўнікі і вучні шчыра віталі прызёраў, якіх узнагародзілі дыпломамі адпаведнай ступені.