У Горы, да Раманюкоў…

Z01NRuUXt4cГэтая вёска мае такую нязвыклую назву ў мясцовасці, дзе нават узгорак – рэдкасць, а таму не адразу і ўразумееш, якое слова тут вызначальнае, – гора ці гара. Больш даспадобы другі варыянт. Тым больш, калі зірнуць зводдаль, дык і сапраўды сядзіба Марыі і Віктара Раманюкоў нібыта ў нізінцы. І ў вянку нясумнага хваёвага лесу. Па яго ўскрайку ўезжаная дарога і вядзе да гэтага прыгожага хутара, які з’яўляецца працягам Гораў хутчэй усяго толькі афіцыйна, бо да “галоўнай” вёскі з кіламетр. Але яна амаль абязлюдзела. Апусцелыя хаты пазіраюць на свет сумнымі вачамі-вокнамі, да якіх ушчыльную падступілі зараснікі вяшняку. Звяртае ўвагу на сябе хіба што прасторная сядзіба, абнесеная высокім зялёным профілем, – хтосьці з гараджан аблюбаваў яе як дачную мясціну. Летам напэўна вёску абудзяць людскія галасы. А сёння тут больш радуе “жывая” дагледжаная сядзіба (з адмысловым садам) вышэй згаданых Раманюкоў, дзе ва ўсім адчуваецца ўмелая гаспадарская рука.

Изображение 575Сорак гадоў – такі шафёрскі стаж Віктара Якаўлевіча. Марыя Мікалаеўна амаль столькі ж часу працавала таксама ў тутэйшым калгасе – у паляводстве. А дома, у сваёй гаспадарцы, заўжды мелі дзве каровы, не адну свінаматку, чараду гусей, ваджацца з якімі асабліва любіла гаспадыня. Напамінам пра тыя дні, набрынялыя цяжкай працай, засталася гара пульхных падушак у вышываных навалачках. Цяпер жа, з улікам узросту, перавагу аддаюць непераборлівым жывёлінам – авечкам. Гэта ўжо больш клопат гаспадара. А даведзеная летам да ладу воўна – і ёсць занятак на ўсю зіму для гаспадыні: зграбны калаўротак так і чакае яе вольную хвіліну, каб зноў пабегла між не вельмі зграбных пальцаў спрадвечная нітка, без якой увесь свет – хаос…

Сюды, на хутар да Раманюкоў, штотыдня прыязджае аўталаўка. Вось толькі з нядаўняга часу невялікі адрэзак дарогі, што вядзе да Робенкі, уИзображение 549 дажджлівую пагоду пагражае стаць непраезным. Тады даводзіцца ісці насустрач аўталаўцы, каб не рызыкаваць дакладнасцю яе маршрутнага графіка, – прадукты ж чакаюць і ў іншых вёсках. Адарванымі ад свету сябе не адчуваюць, на сваім “пежо” найчасцей выбіраюцца ў Каменец.

Узлесак у суседстве – грыбныя мясціны, раскоша для малінніку, побач з хатай – паша для авечак. Наўрад ці чуу Віктар Якаўлевіч пра дзяржаўную праграму “Авечкагадоўля”, што мае на ўвазе адраджэнне авечага статка ў Беларусі, але ён яго ніколі і не зводзіў. І ў дзяцінстве авечак пасвіў: былі добрай падмогай для іх сям’і, гаспадар якой не вярнуўся з вайны. Сялянская чуйка даўно падказала, што гэта выгадная справа: ёсць чым і гасцей пачаставаць, і з дзецьмі-гараджанамі падзяліцца, і ад ваўняных шкарпэтак зімою яны не адмаўляюцца. Шкада толькі, што цяпер немагчыма прадаць нарыхтоўшчыкам лішак той жа воўны ці аўчыны, якія нярэдка проста спальваюць. У такіх гаспадароў, як Віктар Раманюк, душа баліць ад гэтага відовішча. Хіба што дзякуючы дзяржпраграме ўсё ж адродзіцца вытворчасць вырабаў з айчыннай сыравіны. Вырасла б зацікаўленасць і вяскоўцаў – і ў тых жа Горах хтосьці з нашчадкаў-гараджан, выйшаўшы на пенсію, з карысцю сабе і дзяржаве даглядаў бы авечы статак. І ажыла б яшчэ адна сядзіба… Хай сабе і не ў год Авечкі.

 

* * *

З месяц назад хату Раманюкоў ў пышным абрамленні соснаў аздобіла вясёлая сямейная бяседа. Нагода была важкая, падвойная, – 80 гадоў гаспадару і дата залатога шлюбу. Прыехалі абедзве дочкі з сем’ямі, прывезлі ўнукаў і праўнукаў. Шчыра ўдзячныя лёсу, што бацькі жывуць у пары, што ёсць з кім падзяліцца і добрай, і сумнай навіной, ёсць з каго браць прыклад малодшым.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий