У Ганцах жылі плытагоны…

2 (2)Амаль бязлюдная цяпер гэта вёска, што ў Рэчыцкім сельсавеце. Бачыла на сваім вяку нямала падзей, у гушчыні якіх тутэйшыя сяляне. Працавалі цяжка, жылі з мазаля, але не надта давалі сябе ў крыўду тамтэйшай уладзе.

Вось хоць бы адно з данясенняў начальніка жандармскага ўпраўлення Брэст-Літоўскага ўезда ад 13 верасня 1878 года: ”Крестьяне деревень Гонцов и Воли Дворцовской волости выказали ослушание против мирового посредника и прибывшего с ним пристава. Оно выразилось в том, что крестьяне не допустили разграничения своих земель от земли имения Чемери графа Грабовского, требуя пастьбы скота в помещичьем лесу, тогда как права на то им предоставлено не было, ибо крестьянам было отведено пастбище. Обратив это пастбище в сенокосный луг, они требуют отвода нового пастбища до 150 десятин… Сначала крестьяне Гонцов согласились на постановку межевых знаков, но когда Яков Дащик сказал, что его однодеревенцы не допустят этого, остальные бросились на поставленные уже колья и вырвали их… крестьянин Афанасий Смалюк ударил в грудь урядника Бегебу…Потому сего числа отправлены в деревни Гонцы и Воля две роты Смоленского пехотного полка…”

Свае раны пакінула тут Першая сусветная вайна, вялікім патрасеннем стала бежанства ўглыб Расіі. Але людзі ўпарта вярталіся на сваю зямлю, зноў працавалі да сёмага поту, гадавалі дзяцей.

Хоць хаты цяпер пазіраюць на свет вокнамі ў белых фіранках, аднак адчуваецца, што за імі пуста. Вясковая дарога злілася з сакавіта-5 (2)зялёным лугам, а да кожнага з трох жылых сёння дамоў вядзе асобная сцежка, больш ці менш прыметная. Адна з іх прывяла на падворак Алены Іванаўны Зголіч. З яе сядзібы праз ажурную засень дрэў відаць хату старэйшай сяброўкі – Ніны Андрэеўны Смалюк. Ад іх, апошніх сведкаў больш даўняй гісторыі вёскі, нечакана пачула настальгічны аповяд пра самую памятную акалічнасць іх маладосці і тутэйшага пейзажу – раку, што некалі цякла побач з Ганцамі, пра заліўныя лугі і квітучы “лотэць”, пра рыбу і ракаў удосталь, пра самаробныя лодкі, без якіх не маглі вясною дабрацца да суседняга ся­ла… Імя вёскі таксама звязана з той ракою: сяляне наймаліся на сезонную працу – гналі плыты ад пушчанскіх Брадоў ці Шэрашава да Каменца. Лесу шмат заўсёды патрабавалася на будоўлю, а шлях па вадзе быў самым надзейным. Сяляне-плытагоны і сталі нагодай назвы Ганцы. На жаль, пасля занадта стараннай ме­ліярацыі тут замест трох рукавоў ракі засталіся сухія рэчышчы, а побач меліярацыйныя каналы, прывольна пачуваюцца бабры.

6 (2)…З шуфляды старога стала Ніна Андрэеўна дастала стос фотаздымкаў, сярод іх – злёгку пажаўцелыя, даўнішнія. Вось спыненае імгненне лета 1969-га, пад вярбою спадарыні-аднавяскоўкі ў нядзелю. А вось муж Ніны Андрэеўны – Павел Якаўлевіч – на фоне пышналістай кукурузы (быў старшынёй сельскага Савета). Наступны здымак занатаваў сустрэчу сяброў-партызан у лесе каля Лесак. Так, Павел Смалюк ваяваў у саставе партызанскага атрада, створанага ў пушчанскім лесе з шасці разрозненых груп, у якіх былі і кадравыя вайскоўцы. Жонка захоўвае пасведчанне, выдадзенае 1 сакавіка 1943-га радавому партызанскага атрада імя Чкалава брыгады “Савецкая Беларусь” Паўлу Якаўлевічу Смалюку. Ён уваходзіў у склад групы, якая ўчыняла дыверсіі на чыгунцы, на такіх важных участках, як Брэст – Чаромха, Высока-Літоўск – Лышчыцы, Брэст – Жабінка… Хоць дасюль няма адназначнай ацэнкі дзейнасці партызан у нашай мясцовасці ў час Вялікай Айчыннай, але ёсць факты: толькі за дзесяць месяцаў 1943-га партызанамі атрада імя Чкалава былі пушчаны пад адхон 24 варожыя эшалоны… Партызанская барацьба завяршылася ў ліпені 1944-га ў час злучэння з наступаючымі часцямі Чыр­вонай Арміі. Вайна пагрукатала на захад, а лясная вёска зноў пачынала сваё адраджэнне.

Тая ж Алена Іванаўна Зголіч, што родам з недалёкіх Баяраў, добра памятае, як у вайну ўсе 24 хаты гаспадары ў Ганцах разабралі на бярвенні, каб хоць як схаваць ад агню, якім пагражалі фашысты. У той час яе будучы муж быў вывезены на працу ў Германію, уцёк з Кенігсберга, злавілі – трапіў у лагер. Пашчасціла ацалець, вярнуцца дадому пасля вайны. Разабраныя хаты сяляне прывезлі кожны на сваю сядзібу, працавалі талакой, таму вёска хутка набыла даваенны выгляд, нават памаладзела. А ў 1950-м у Ганцах пачалі запісваць у калгас. Сям’я Зго­лічаў, у якую прыйшла Алена, дала на гэта згоду ў ліку першых, хоць многія супраціўляліся новаму, калектыўнаму гаспадаранню. Яе муж пасля кароткай вучобы ў Высокім працаваў на трактары, яна ў паляводстве, бо да фермы, што ў Волі, пяшком няблізка. Зараблялі працадні, за якія плацілі па 20 капеек, гадавалі дзяцей – траіх дачок; пра дэкрэтны водпуск тады ніхто і не чуў. Добра выручалі каровы на падвор’ях, але сена давалася вельмі цяжка – нарыхтоўвалі яго на балоце ля Дварцоў. Як згадвае Алена Іванаўна, касілі, стоячы ў вадзе, выносілі скошанае на сухі груд, пазней неяк дабіраліся туды, каб сена высушыць…

Сёння ж у Ганцах на шырокім лугавым прыволлі – казіны “статак” з дзвюх асобін. Гэтых сімпатычных жывёлін трымае маладая сям’я, якая змяніла горад на вёску. Ад купленай імі тут хаты засталіся хіба што дзве сцяны. Малады гаспадар не без дапамогі сваякоў усё перайначыў, перабудаваў – атрымаўся шыкоўны дом на сядзібе, дзе гадуюць дзіця, дзе дагледжаны пчальнік, адмысловая цяпліца, удосталь агародніны, садавіны і ягад. Да таго ж побач і ягадны ды грыбны лес. Ён нямала прыцягвае сюды дачнікаў, бо ёсць штосьці надзвычай прыгожае ў гэтай пушчанскай мясціне, дзе можна акрыяць душой і што ўсё больш цэняць гараджане. І сёння тут на продаж засталася ўжо толькі адна хата.

Тры разы на тыдзень прыязджае аўталаўка, зімой – таксама, бо пра шлях да вёскі дарожнікі дбаюць. Сённяшнія старажылы Ганцоў – Ніна Смалюк і Алена Зголіч – маюць за спінай амаль па 90 гадоў. Яны ўжо толькі ўдзвюх засталіся з той жаночай суполкі, што на памятным нядзельным фотаздымку. На зіму едуць да дзяцей, вясной зноў сустракаюцца ў прывольных Ганцах. Чакаюць у госці ўнукаў, якім перадалі сакрэты аб самых грыбных ды ягадных мясцінах у лесе. А ён дорыць ім часам і зусім нечаканых гасцей, тых, хто лес не ведае, а таму блукае, шукае дарогу, – чым не нагода прывеціць людзей. Радуе іх кожны прыезд дачнікаў, бо калі на даўно апусцелым падворку з’яўляецца гаспадар, ажывае надзея, што і Ганцы яшчэ будуць жыць, хоць бы назвай на карце.

* * *

Перад развітаннем Алена Іванаўна падвяла нас да сціплай, дагледжанай магілкі, што побач з дарогай, якая вядзе ў блізкі лес. Тут, на старых3 (1) могілках, якія ўжо зараслі лесам, у вайну жыхары Ганцоў пахавалі дзвюх жанчын – Марыю Цыбулю, расстраляную фашыстамі за тое, што сын пайшоў да партызан, і медсястру – яе ў вёсцы называюць салдаткай, – якая загінула у час наступлення Чырвонай Арміі і імя якой, на вялікі жаль, ніхто не ведае; пазней сюды перазахавалі Марыю Смалюк, якую гітлераўцы расстралялі ў Шчарчове з той прычыны, што яе муж быў савецкім актывістам. Усе трое пад агульным сумным узгоркам – сімвалам агульнай трагедыі. Кожны год сюды прыязджаюць рэчыцкія школьнікі з настаўнікамі. Сустракаюцца з Аленай Іванаўнай, хата якой побач, слухаюць яе аповяд аб былым. Урок гісторыі не па падручніку.

Галіна НОВІК.

Фота Наталлі ГРЫЦУК.

Добавить комментарий