У Высокім, як дома

Изображение 1054Апошняя нядзеля студзеня чацвёрты год запар становіцца для высакаўчан знакавым днём. Менавіта ў гэты дзень горад традыцыйна збірае ў Высокаўскім Доме культуры сваіх сяброў, каб усім разам наладзіць “Добрыя сустрэчы”. Сёлета тэмай цёплай сустрэчы стаў ДОМ у самым шырокім разуменні гэтага слова: як утульны ачаг сям’і, як любімы горад, як родная краіна і як планета Зямля.

Напэўна, лепш за ўсё расказаць пра тое, што для нас дом, можна з дапамогай творчасці. Вядучыя Ірына Вярэніч і Ірына Дубінская плаўна падводзілі гледачоў да кожнага канцэртнага нумара, і ў кожным было нешта сваё, адметнае. Дапамагаў ім у гэтым дырэктар ГДК Алег Грыпічук.

Пад шчырыя апладысменты выходзілі на сцэну добра знаёмыя па папярэдніх “Сустрэчах” Сяргей Карпаў і яго гурт «Марціні» з Белавежскага; Наталля Залесава і ансамбль “Таямніца” з Пелішча; клуб творчай моладзі “Свой круг” з Відамлі (кіраўнік – Ірына Вярэніч), Таццяна і Ганна Храмянковы з Відамлі, Жанна Вярэніч з Макарава, Вольга Самасюк з Каменца, Юлія Логвін з Белавежскага, салістка Белдзяржканцэрта Ганна Місевіч, брастаўчане Анатолій Ламачэўскі, Алеся Васілеўская і Ігар Пашэчка, Аляксандр Чорны з Мінска і Васілій Палока з Белавежскага, высакаўчане Павел Сухараў, Алена Зайцава, Ганна Серафімовіч і Святлана Васільева.

Не абышлося і без прэм’ер. Упершыню выступілі Віталій Пракаповіч з Брэста, кавер-бэнд “Музыка душы” пад кіраўніцтвам АляксандраИзображение 978 Шахалевіча (Камянюкі), квартэт “Брыганціна” (цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Высокім), трыа юных саксафаністаў з мясцовай музычнай школы.

У Высокае завітала дырэктар Брэсцкай абласной філармоніі Таццяна Калтынаева, яна выканала пад гітару некалькі рамансаў. Юным гледачам таксама пашанцавала: ім было даспадобы выступленне ўдзельніцы дзіцячага Еўрабачання-2013 Ангеліны Піпер з Брэста, цяпер яе можна пачуць у тэлевізійным праекце “Я магу!”

А танцавальную частку канцэрта поўнасцю ўзяў на сябе ўзорны ансамбль эстраднага танца “Непаседы” (кіраўнік – Ларыса Нічыпарук, балетмайстар – Наталля Данілюк). Ім апладзіравалі ледзь не стоячы, асабліва ўразіла “Венецыянскае танга”, падрыхтаванае спецыяльна для канцэрта ў Высокім.

У антракце гледачы змаглі наведаць міні-кафэ “Добрыя сустрэчы”. Тут можна было бясплатна пачаставацца салодкімі напоямі ад сям’і Лазебаў, мандарынамі з лагатыпам “Добрых сустрэч” ад ГДК, а таксама далучыцца да дэгустацыі сыру ад “Белавежскіх сыроў”. Вабілі разнастайнасцю забаўкі для дзяцей і гліняны посуд.

Изображение 950Другая частка канцэрта традыцыйна прысвячалася Новаму году і Калядам, якія мы паспелі адсвяткаваць. Аднак і пра асноўную тэму ніхто не забыўся. Дакладна падабраныя па тэматыцы песні раскрылі паняцце ДОМА, як разумее яго кожны з нас. Упэўнена, што вечарам 25 студзеня многія ў зале Высокаўскага ГДК адчувалі сябе, як дома…

Напрыканцы канцэртнай праграмы прагучаў гімн “Добрых сустрэч”, а следам за ім – добра знаёмая кожнаму з дзіцячых гадоў песня “Солнечный круг”, якую хорам выканалі ўсе, хто быў на сцэне і ў зале…

На гэтым “Добрыя сустрэчы” не развітваюцца з намі. Пра іх будзе нагадваць уваходны білет, выкананы па традыцыі ў выглядзе кішэннага каляндарыка, якім можна карыстацца на працягу ўсяго года. А 2015-ы прынясе з сабою новыя “Добрыя сустрэчы”, прычым – юбілейныя, пятыя. Алег Грыпічук абяцае, што гледачоў чакае не толькі новы фармат любімага агульнага свята, але і мноства сюрпрызаў.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.Изображение 875P.S. Спонсарамі “Добрых сустрэч 4” выступілі СААТ “Белавежскія сыры”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзірайвыканкама, сям’я Лазебаў – гаспадары магазіна “Світанак”, Марына Сопіна (УП “Міхмар”, магазін “Фартуна”), высакаўчанін Мікалай Байдоўскі, ЧУП “ЮкаМір” (магазін “Афіна” прадаставіў падарункі для артыстаў, што выступалі на “Добрых сустрэчах” упершыню).

Добавить комментарий