15 снежня прайшлі матчы другога тура раённага міні-футбольнага першынства.
Галоўнай адметнасцю тура сталі прапушчаныя прайграўшымі камандамі 27 мячоў. І калі “Белавежскі” пасля правалу ў першым туры, у гульні з чэмпіёнам мінулага года, “Нівай”, прапусціў толькі тройчы (вызначыліся Дзмітрый Мартынюк, Сяргей Яўтуховіч і Аляксандр Панасюк), то ў дзвюх астатніх сустрэчах абаронцы, пэўна, узялі выхадны. Інакш, чым аргументаваць такія буйныя пройгрышы (10:0 – перамога “Савушкінага прадукта” над “Гатча-Осаўскім” і 14:1 – “Высокага” над “Без праблем”)? Фантастыка! Пазайздросцілі б нават хакеісты. І калі гол Васілія Лесіка ў вароты “Нівы” ў поўнай меры цягне на гол прэстыжу, то адзіны трапны ўдар “беспраблемаўца” Вадзіма Іванюка назваць гэтакім не паварочваецца язык. Сяргей Андраюк (дубль), Станіслаў Ляўко (чатыры), Сяргей Ярома (пяць), Дзмітрый Гуркін, Дзмітрый Фёдараў і Андрэй Каралюк (аднойчы) проста парвалі абарону “Без праблем”, як Тузік грэлку.
Для “малочнікаў”, якія ў стартавым паядынку сустракаліся з гасцямі з Жабінкаўшчыны, падобны статус апанента, пэўна, паслужыў дадатковым раздражняльнікам. Таму яны са спакойным сумленнем “адсыпалі” ім на дарожку дзесяць мячоў. Асабліва пастараліся на гэтым “поприще” Мікалай Шахно і Дзмітрый Жабенка. У гэтага тандэма галявы парытэт – па чатыры мячы. Другі дуэт – Аляксандр Давідзіч і Дзяніс Абрамчук – толькі па разе агарошыў “осаўцаў”.
У наступным туры, 23 снежня, “Белавежскі” згуляе з “Савушкіным прадуктам”, “Без праблем” – з “Нівай” і “Гатча-Осаўскі” – з “Высокім”. Далей у першынстве надыдзе паўза. А чацвёрты тур каманды згуляюць ў 2013 годзе – 13 студзеня. А ўжо 20 студзеня мы даведаемся, хто стане чэмпіёнам.
* * *
У мінулую нядзелю ў межах рэгіянальнага міні-футбольнага турніру “Эліт-Ліга” адбыліся матчы чацвёртага тура.
“Ніва”, ведучы па ходзе паядынка з розніцай у два мячы, саступіла PKS “Pogon”, прапусціўшы двойчы на апошняй хвіліне. “Усход”, як і ў першым крузе, перайграў “VTA-Кавярдзякі” (на гэты раз з лікам 7:3) і захаваў шанцы на выхад у накаўт-раўнд. “Ніву” ж, нават пры добрым зыходзе, хутчэй за ўсё чакаюць паядынкі ў суцяшальным турніры. Інакш – вылет у прэм’ер-лігу. Як кажуць, адступаць ужо няма куды.
Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.
Это может быть интересно:
-
Смотр-конкурс ко Всемирному дню борьбы со СПИДом прошёл в Каменецком районе
-
Решение об образовании участков для голосования в Каменецком районе
-
МИНИ-ФУТБОЛ ВОЗВРАЩАЕТСЯ! ИТОГИ ПЕРВЫХ МАТЧЕЙ ПРЕДСТАВИТЕЛЕЙ КАМЕНЕТЧИНЫ
-
НАША ДЗЮДОИСТКА ПОЛИНА ШИБАНОВА СНОВА НА ПЬЕДЕСТАЛЕ
-
Масштабный просветительский проект «Президентская республика» продолжает шагать по Каменетчине