Вайна… Маладое пакаленне не можа адчуць увесь жах гэтага слова, бо жыццё наша зараз – пад мірнымі нябёсамі. Але некаторыя даты прымушаюць прыслухацца да аповесцяў старых людзей, адкрыць кнігі памяці, плакаць перад страшэннымі кадрамі дакументальных фільмаў. Подзвігу многіх і многіх мы абавязаны нашым уладкаваным жыццём. Сярод гэтых героеў і камянчанін Уладзімір Нікіфаравіч Габец, якога, на жаль, ужо няма, але памяць аб ім засталася ў сэрцах людзей.
Уладзімір Нікіфаравіч нарадзіўся 28 ліпеня 1917 года ў беднай сялянскай сям’і ў Белавежы (Польшча). Галеча, якая панавала ў той час, вымушала бацькоў цяжка працаваць. Ужо ў 15-гадовым узросце Уладзік на мясцовым заводзе тачкай вазіў да месца фармоўкі гліну. Праца гэта была даволі цяжкая, нават старэйшыя рабочыя задыхаліся ад жару, які ішоў ад печы. Акрамя таго, з бацькам ехаў вазіць лесаматэрыялы з Белавежскай пушчы.
“Памятаю такі выпадак, – успамінае Уладзімір Габец у інтэрвью Уладзіміра Латоціна, якое выйшла ў “Ленінцы” ад 10 сакавіка 1973 г. – Загадана было прывезці сасновую калоду, даўжэзную, ды і ў корані-адрэзе больш метра таўшчынёю. Прыладкоўваліся ўсяляк: коллямі, з дапамогай ланцуга і каня, але пакласці яе на сані мы так і не здолелі. У такім выпадку пагрузілі два танчэйшыя хлысты і павезлі…
– Я вам загадаў прывезці тую калоду, – і прадстаўнік фірмы распасцёр на ўсю шыр свае рукі, – а вы што…
На наступны дзень Нікіфару прыйшлося ходзіць па знаёмых і прасіць іх на дапамогу, каб прывезці калоду”.
Уладзімір Габец, тады яшчэ хлопчык, разумеў, што без яго дапамогі сям’я абысціся не можа.
У 1939 годзе Уладзіміру даручылі дастаўляць пошту. Потым, акрамя працы, наведваў вячэрнюю школу. У 1940-м – служба ў Ленінградзе. Пачаткам вайны для Уладзіміра Нікіфаравіча стаў той момант, калі варожыя самалёты хутка наблізіліся да горада. Савецкія воіны падпусцілі іх вельмі блізка, а потым сустрэлі шквальным агнём. Уладзімір Габец на той час быў сяржантам, намеснікам камандзіра зенітнай гарматы.
Зеніткі ахоўвалі не толькі Ленінград, але і Кранштат. Аднак сілы былі няроўныя… У верасні гітлераўскія войскі прарваліся да Ладажскага возера, захапілі Шлісельбург, адрэзалі ўсе сухапутныя камунікацыі, што звязвалі Ленінград з краінай. Блакада горада працягвалася больш за два гады. Тым часам зенітна-ракетныя ўстаноўкі знаходзіліся не ў самім акупіраванным горадзе, а як бы воддаль. Сяргей, сын Уладзіміра Нікіфаравіча, чуў ад бацькі, што казармаў ці спецыяльных пабудоў, у якіх салдаты маглі адпачыць, не было, таму спалі на голай зямлі. З голаду елі сабачае мяса.
Цяжкія ўмовы таго часу, раненне-кантузія праз гады адбіліся на здароўі Уладзіміра Нікіфаравіча. Зяць, муж дачкі Ірыны, неаднаразова адвозіў на сваім матацыкле з люлькай цесця ў бальніцу – хварэў на інсуліназалежны дыябет.
Увогуле, Уладзімір Габец быў вельмі сціплы, амаль ніколі не жаліўся, як цяжка жылося падчас вайны, не выстаўляў на агляд свае ўзнагароды. А іх было нямала. Напрыклад, медаль “За адвагу”. Ёсць таксама падзяка ад Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна за вызваленне горада Тарту, што ў Эстоніі.
А вось ленінградцы, калі ветэран наведваў іх ужо мірны горад, заўсёды адносіліся з пашанай. Сяргей (унук) успамінае, як яны з дзедам чакалі таксі, на якое была чарга. Незнаёмы мужчына, які ўбачыў на грудзях ордэнскія планкі, падыйшоў і за руку падвёў старога з малым да машыны. Такія ж выпадкі здараліся і ў іншых месцах Ленінграда – у гасцініцы, напрыклад, можна было забраніраваць любы нумар, не чакаючы.
Уладзімір Нікіфаравіч часта ўспамінаў свайго паплечніка, з якім ваяваў у адной батарэі, але розных узводах – Юрыя Уладзіміравіча Нікуліна. Ужо тады будучы артыст любіў жартаваць. У страі, калі салдатам патрэбна было ісці нага ў нагу па форме, Юрый наўмысна зашпільваў гімнасцёрку не на той гузік ды яшчэ і выдурняўся, каб усе пасмяяліся. А ў вольны час Нікулін любіў выступаць перад сябрамі. Пераапранаўся ў немца. Усё як мае быць: нямецкая форма з фашысцкім крыжам на рукаве, каска, шынель. Гэтымі несур’ёзнымі паводзінамі будучы комік паднімаў настрой замучанным вайною таварышам. Рагаталі нават самыя стомленыя!
У 1985 годзе Уладзіміра Нікіфаравіча не стала. Апошняя фатаграфія, якую ён паспеў зрабіць, – з унукамі Сярожам (хлопчык у акулярах), Андрэем і Сашкам (малы на руках у дзеда).
Калі падчас гутаркі з роднымі ветэрана пыталася пра цікавыя і невядомыя падзеі вайны, зяць Міхаіл Сцяпанавіч Сіпайла не раз паўтараў словы: “Раней мы гэтаму не надавалі значэння…”, на што Ірына Уладзіміраўна дадавала: “А зараз усё так важна”.
Смерць ставіць усё на сваё месца, як і вайна. Адразу адкрываюцца і любоў, і лютая нянавісць, і здрады, і шчырае сяброўства… І кожны з нас павінен запомніць гэтыя словы: “А зараз так важна”. Цяпер трэба берагчы нашых дзядоў і бабуль, выбачаць ім, любіць, даглядаць. Няхай гэтае “зараз” будзе своечасовым, каб потым не было позна.
Ганна СОЎПЕЛЬ.
Фота з сямейнага архіва.
Это может быть интересно:
-
17 сентября, в День народного единства, нотариусы Брестчины будут консультировать бесплатно
-
«Готовь сани летом…» О подготовке Каменетчины к отопительному сезону
-
Александр Каприцкий: “Сенаторская деятельность – это большая ответственность и серьезная работа”
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ Г.КАМЕНЦА