Успех и на работе, и дома…

У Марыі Шубіч з Караліна стаж працы на малочнатаварнай ферме ўжо больш за дваццаць гадоў.
У 1988-м маладая жанчына разам са сваёй сям’ёй пераехала з далёкага Закарпацця ў невялікую вёску Каралін. Пачынала працаваць аператарам машыннага даення яшчэ ў калгасе “Расія”, а зараз – ААТ “Белавежскі”, амаль увесь час на малочнатаварнай ферме “Кунахавічы”. У гэтым годзе Марыя Юр’еўна надаіла ад каровы ў сярэднім па 9950 кг. І гэта лепшы вынік па гаспадарцы сярод аператараў машыннага даення. У мінулым годзе была на другім месцы.
У Марыі Шубіч трое дарослых сыноў, нявестка і двое цудоўных унукаў – Насценька і Косцік. І гэта, як лічыць сама Марыя Юр’еўна, яе самае вялікае багацце, даражэйшае за ўсё на свеце. Не так даўно, у лістападзе, гаспадарка выдзеліла для жанчыны кватэру з усімі гарадскімі выгодамі ў Караліне (да гэтага часу яна жыла ў Кунахавічах). Усё быццам бы добра, толькі вось хвалюецца гаспадынька з-за таго, што засталіся на папярэднім месцы жыхарства яе любімыя кветкі. І чакае вясну, каб на новым месцы пасадзіць прыгожы, усім на зайздрасць, кветнік. А зараз, пакуль за вокнамі блішчыць снег, вольную хвілінку любіць правесці за цікавай кнігай ці часопісам (увогуле, гэта яе любімы занятак). Таксама Марыя Юр’еўна не прамінае ніводнага артыкула ў роднай раёнцы…
Дэвіз, з якім ідзе па жыцці гэтая цудоўная жанчына, – усё для дзяцей і ўнукаў і дзеля дзяцей і ўнукаў. Галоўным жа ў жыцці, лічыць Марыя Шубіч, у кожнай сапраўднай маці павінны быць здароўе і поспех не яе самой, а самых родных і любімых крывіначак.

Наталля ГРЫЦУК

Добавить комментарий