Усе дзеці таленавітыя! І іх педагогі таксама…

Напрыканцы студзеня ў цэнтры маладзёжнай творчасці Брэста адбыўся майстар-клас для педагогаў дадатковай адукацыі “Сучасныя накірункі ў выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве сродкамі выхавання і развіцця творчай асобы”, удзел у якім прыняла кіраўнік гурткоў “Фларыстыка” і “Юны дэкаратар” ЦДАДіМ Каменца Марыя Сіпайла.

Праводзіла мерапрыемства абласное метадычнае аб’яднанне педагагічных работнікаў выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. І наша зямлячка падчас яго пазнаёміла калег з элементамі тэхнікі пап’е-машэ ў дэкаратыўных вырабах.

Там жа, у ЦМТ, зладжана выстава, на якой прадстаўлены работы пераможцаў мінулагодняга конкурсу “Усе дзеці таленавітыя” (а хто б з гэтай ісцінай паспрачаўся?). І сярод іх – самабытныя творы юных выхаванцаў Камянецкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – апошніх, дарэчы, узнагародзілі адпаведнымі дыпломамі.

“Вавёрчыны запасы” – вынік творчай працы Рэгіны Злобінай. Прычым, у гэтай работы асаблівая гісторыя! Над ёй шчыравала яшчэ і Мілана Філосаф, сяброўка Рэгіны. Ведала, што імя яе не будзе ўказана ні ў паспарту работы, ні ў дыпломе, але гэта не спыніла – сапраўднае сяброўства даражэйшае!
– Гэта вельмі каштоўна! – захапляецца Марыя Сіпайла, пад чыім чуйным кіраўніцтвам працавалі дзяўчынкі. – Зрабіць нешта лепш, не так, як іншыя, увогуле працэс надзвычай складаны. Ён патрабуе працы падсвядомасці і натхнення. Самае няпростае – пачаць работу, бо павінен нарадзіцца інтуітыўны бляск ідэі. Далей ужо прымяняюцца веды, выпрацоўваюцца схема і план паслядоўных дзеянняў. Пасля ідзе канструктыўнае выкананне новага твора. У ходзе работы нешта можа мяняцца. З майго боку – як настаўніка – патрабуюцца накіраванне, падтрымка і карэкцыя на ўсіх этапах работы з абавязковай матывацыяй да творчасці.

“Навагодні мухамор” прадставіла на суд журы конкурсу Марына Некрашэўская. Яе педагог – Таццяна Атаманчук вядзе заняткі гуртка “Дзіцячая фантазія”.

А Ілья Баеў стварыў “Зімовую казку” (кіраўнік – Марыя Прусава, гурток “Дэкаратыўная лепка”).
Віншуем нашых юных творцаў!

Настасся НАРЭЙКА
Фота з архіва ЦДАДіМ Каменца

Хотите читать актуальные новости Каменца и Каменецкого района первыми?Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/navinykam