Усе глядзім прагноз надвор’я…

PICT6780Напярэдадні вясенніх палявых работ гутарыла з начальнікам аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргеем МУРЫНЫМ. Да вашай увагі – адказы на пытанні, якія турбуюць сёння не аднаго чалавека.

– Сяргей Аляксандравіч, зараз многіх хвалюе пытанне: “Калі пачнецца пасяўная?” Якія прагнозы дае райсельгасхарч?

– Пачатак сёлетняй пасяўной кампаніі, як ніколі, вызначаецца ўмовамі надвор’я. У апошнія гады вясна прыходзіла ўжо ў сакавіку, у першай дэкадзе якога актыўна прыступалі да першых вясенніх падкормак азімых культур і шматгадовых траў мінеральнымі ўгнаеннямі, а сяўбу ранніх яравых зерневых і зернебабовых завяршалі на пачатку другой дэкады красавіка. Для прыкладу: па стане на 10 красавіка 2011-га пасеялі ранніх зерневых і зернебабовых культур 82% ад задання, у 2012-м – 97%. У тыя гады ўжо былі пасеяны першыя гектары цукровых буракоў і бульбы. Сёлета да масавай яравой сяўбы прыступім не раней, чым у трэцяй дэкадзе красавіка. Аднак і гэтыя тэрміны будуць вызначацца надвор’ем і наяўнасцю снежнага покрыва на палях. З 10 красавіка адзначаецца тэндэнцыя росту тэмпературы паветра ў сярэднім на +5, +6 градусаў, а на наступным тыдні прагназуецца стабільная тэмпература паветра +14, +16 градусаў, што дазволіць прагрэцца глебе да пачатку сяўбы. З улікам той сітуацыі, якая склалася, пасяўную кампанію неабходна правесці ў максімальна кароткія тэрміны. Аднак гэта не павінна стаць прычынай панікі і масавых чутак аб тым, што нічога не паспеем зрабіць своечасова. Паспеем. Матэрыяльна-тэхнічная аснашчанасць нашых сельскагаспадарчых арганізацый, распрацаваныя на аснове гэтага рабочыя планы гавораць аб тым, што сяўбу ранніх яравых зерневых можна правесці за 12-14 дзён. Аналагічныя тэрміны былі зацверджаны і ў мінулыя гады. Калі надвор’е не прынясе больш сюрпрызаў, то да 15 мая павінны закрыць пытанні па цукровых бураках і бульбе. Кукурузу можна сеяць крыху пазней. Расцягванне тэрмінаў – гэта несур’ёзнасць кіраўніка пры падрыхтоўцы да вясенне-палявой работы.

– Скажыце, тэхніка да пасяўной гатова ў поўным аб’­ёме?

– Той тэхнікі, што ёсць, дастаткова для правядзення вясенняй сяўбы ў аптымальныя тэрміны. У сельгасарганізацыях раёна 400 трактароў, з іх 54 – энерганасычаныя з магутнасцю рухавіка 250 конскіх сіл і больш, 44 – камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты і 51 – камбінаваныя пасяўныя агрэгаты, 24 – зерневыя сеялкі, 33 – бульбасаджалкі і іншая тэхніка. Па стане на пачатак гэтага месяца раёнам у цэлым забяспечана планавая гатоўнасць тэхнікі па ўсіх пазіцыях. Праведзены ў поўным аб’ёме тэхнічны агляд трактароў і прычапнога інвентару. Камянецкім райаграсэрвісам выкананы план рамонту поўнакамплектных машын. Усяго на падрыхтоўку тэхнікі, якая прыме ўдзел у сяўбе, затрачана каля 20 мільярдаў рублёў, асвоены выдзеленыя вобласцю 710 мільёнаў льготных крэдытаў банка. Будзе выкарыстана каля 2 тысяч тон дызельнага паліва і 300 тон бензіну. Агульныя затраты на вясеннія работы – каля 20 мільярдаў рублёў.

– Куды выедуць першыя трактары?

– Выхад тэхнікі ў поле будзе вызначацца станам самога поля. Зараз пакуль ляжыць снег. Адназначна, пакуль зрабіць “першыя крокі” немагчыма. Першымі на палі выйдуць агрэгаты для ранневясенніх падкормак азімых культур. Не выключана прыцягненне сельгасавіяцыі. Асноўныя аб’ёмы іх будуць выкананы прыватным прадпрыемствам “Заходняе”. Трэба падкар­міць за тыдзень 25 тысяч гектараў азімых і 18 тысяч – шматгадовых траў. Пачнуць сваю работу і звенні па ўнясенні арганічных угнаенняў.

– Якія плошчы адведзены пад яравую сяўбу?

– Сяўбу яравых культур правядзём на плошчы 30,1 тысячы гектараў, у тым ліку яравых зерневых і зернебабовых (без кукурузы на зерне) – на 9,8 тысячы, бульбы – 0,5 тысячы, цукровых буракоў – 3,3 тысячы, кукурузы – 14 тысяч. Для забеспячэння валавога збору зерня кукуруза на зерне зойме 4,3 тысячы гектараў. Зернебабовыя ў зерневай групе зоймуць 2,3 тысячы гектараў. Для выканання задання Дзяржаўнай комплекснай праграмы па развіцці бульбаводства, агародніцтва і пладаводства на 2011-2015 гады ў раёне будуць задзейнічаны фермерскія гаспадаркі. Штогод на іх палях пад гэту культуру адводзіцца да 300 гектараў.

– А што з насеннем?

– Да пачатку вясенняй сяўбы ўсё гатова. Асабліва гэта датычыць падрыхтоўкі насеннага матэрыялу. Сяўбу правядзём насеннем не ніжэй другой рэпрадукцыі як зерневых, так і бульбы. Своечасова праведзена работа па сортазмене і сортаабнаўленні. Закуплена за межамі раёна каля 200 тон элітнага насення зерневых і зернебабовых, 100 тон бульбы. У поўным аб’ёме завезена насенне кукурузы. Акрамя таго, забяспечаны страхавы фонд насення зерневых у аб’ёме 20% ад агульнай засыпкі ў выпадку выяўлення гібелі азімых зерневых пасля зімы.

– Сяргей Аляксандравіч, раскажыце, на якіх пасевах будуць праведзены першыя хімапрацоўкі.

– Першыя хімічныя работы будуць праведзены на пасевах рапсу супраць шкоднікаў – 4360 гектараў – і на 6-і тысячах гектараў азімых зерневых, якія не прапалолі восенню. Уся хімахоўная апаратура гатова да работы. Пад поўную запатрабаванасць завезены сродкі аховы раслін.

– Дзякуй за размову!

Гутарыла Наталля ГРЫЦУК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий