Часта бачым турыстаў на веласіпедах – самадастатковых, цікаўных людзей. Іх “тураператар” –лета. Маршрут звяраюць па карце (плюс – навігатар). Амаль увесь дарожны “сэрвіс” мацуецца да двухколавага сябра…
Рафала Прылоўскага з Вроцлава на Беларусь прывёў найперш прыватны інтарэс: тут, недалёка ад Ліды, жыла сям’я яго дзядулі, які ў 1939-м быў прызваны ў Войска польскае, а пазней і яго блізкія апынуліся ў Польшчы. Яму ўжо 94 гады, ён больш за паўвека трызніць сваімі роднымі Гароньцамі, некалькі разоў ездзіў туды, апошні раз у 1987-м. Узрост… Унук, аматар веласіпедных вандровак, столькі чуў пра радзіму дзядулі, што ўрэшце вырашыў накіравацца ў летні “подруж” не ў Германію, Францыю, Іспанію, як звычайна, а на ўсход. Упершыню. Запрасіў у падарожжа сваю сяброўку Малгажату Харашкевіч, карані якой – на Валыні (яе продкі пасля Другой сусветнай у выніку пераносу лініі граніцы аказаліся па той бок Буга).
Хоць яны аднагодкі, але Рафал ужо не застаў у школе той час, калі там абавязковым прадметам была руская мова (яе змяніла англійская), а бліжэй да ўсходняй граніцы Польшчы яна затрымалася даўжэй, таму Малгажата даволі добра гаворыць на мове Пушкіна.
З кароткай размовы з імі даведалася, што ў дзедавых Гароньцах цяпер толькі 20 “жывых” дамоў; што там яшчэ знайшліся людзі, якія яго помняць; што вязуць дзядулю ўспаміны яго землякоў, здымкі яго роднай хаты. За дзень праязджалі 70-80 кіламетраў. Наведаліся яны і ў Мінск. А найбольш цяжкім быў шлях па Навагрудчыне, дзе ўзгорыстая мясцовасць. Але затое пабывалі і ў доме-музеі Адама Міцкевіча, убачылі рэшткі Навагрудскага замка (10-16 ст.), які на пачатку 18 ст. быў узарваны шведамі… Па дарозе назад, да пункту пропуску “Перароў”, падарожнікі наведалі і Камянецкую вежу. З паўгадзіны на чай у рэдакцыі – і накірунак на Камянюкі…
Падарожжа, якім засталіся задаволеныя, акрамя іншага, стала для іх іспытам і на сумяшчальнасць. Рафал і Малгажата (ён – праграміст, яна – бухгалтар) збіраюцца неўзабаве ўзяць шлюб.
Галіна НОВІК.
Фота Міколы ШУМА.