Удзельнікі патрыятычнага культурна-асветніцкага праекта “Цягнік Памяці” завіталі ў “Белавежскую пушчу”

На працягу двух тыдняў 200 старшакласнікаў з 8 краін (Беларусь, Расія, Кыргызстан, Казахстан, Арменія, Таджыкістан, Азербайджан і Узбекістан) будуць падарожнічаць па мясцінах воінскай славы, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, гістарычных і культурных аб’ектах нашай рэспублікі і Расійскай Федэрацыі.

Праект “Цягнік Памяці” стартаваў 21 чэрвеня з Брэста, з мемарыяльнага комплекса “Брэсцкая крэпасць-герой”. І на наступны дзень маладых людзей розных нацыянальнасцей, аб’яднаных сяброўствам і агульнай памяццю аб мінулым, сардэчна віталі ў Нацпарку.

Спярша юнакі і дзяўчаты наведалі вальеры, пазнаёміўшыся з іх насельнікамі, а пасля накіраваліся на Царскую паляну. Тут гасцей чакала разнастайная забаўляльная праграма: паказальнае выступленне пагранічнікаў з заставы “Камянюкі”, выстава тэхнікі, што дапамагае несці службу на граніцы (з ёй можна было сфатаграфавацца), экспазіцыя ўзораў народнай творчасці ад цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Высокага і канцэртная праграма. Падчас апошняй на сцэну выходзілі танцавальны калектыў “Фіеста”, клуб аматараў фальклору “Катрынка”, а таксама юныя спевакі Насця Мегель з Белавежскага, Коля Макараў, Наташа Салышка, Ліза Авярчук і Яна Харашылава з Высокага.

Апладысментаў і воклічаў “Малайцы!” было надзвычай многа, слухачы літаральна не маглі ўседзець на месцы, танцавалі разам з артыстамі, фатаграфаваліся з імі на памяць…

Былі на свяце, вядома ж, і пачастункі. Школьнікам прапанавалі салдацкую кашу і гарбату з ліпы – вельмі смачна і па-пушчанску! Тут жа можна было набыць сувеніры, пушчанскі мёд і не толькі.
Калі надышоў час ад’язджаць, развітвацца рабятам было вельмі няпроста. “Мы хочам, каб яны засталіся!” – з такімі словамі дзяўчаткі з “Катрынкі” махалі ўслед аўтобусам з новымі сябрамі. Сяброўства, яно такое – нараджаецца імгненна, калі адчуваеш еднасць.

Учора, 23 чэрвеня, “Цягнік Памяці” прыбыў у Гродна. І наперадзе ў яго пасажыраў яшчэ вельмі шмат цікавага!

Настасся НАРЭЙКА
Фота аўтара

Хотите читать актуальные новости Каменца и Каменецкого района первыми?Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/navinykam