Тур у “Пушчанку”, або Адпачынак у стылі кантры

З таго часу, як у Хамуцінах сям’я Леўчукоў пачала прымаць гасцей – турыстаў, вёска нібы памаладзела. Хоць зімовым вечарам тут толькі ў 18-і хатах у вокнах запальваецца святло, але цішыня і сасновы лес, што шчыльна атуліў вёску з аднаго боку,— “изюминка”, якую час ад часу шукаюць людзі, стомленыя гарадскім тлумам. Вярнуцца пасля экскурсіі на ўтульную сядзібу, а не ў гасцініцу – такому варыянту нярэдка аддаюць перавагу госці Камянеччыны. А гаспадары заўсёды блізка, бо асталяваліся праз дарогу, побліз двух гасцявых дамоў. Ала і Іван у Хамуцінах ужо гадоў трыццаць, і рашэнне ўзяць побач са сваім домам участак для будаўніцтва было больш чым узважаным. Вырашылі, што на новай сядзібе будуць прымаць аматараў падарожжаў…

Цяпер у двух гасцявых дамах могуць размясціць 17 чалавек. З хваляваннем летась чакалі першых наведвальнікаў сядзібы — расіян. Але хваляваліся дарма, бо гасцям ў іх спадабалася, і сёлета яны зноў наведаліся ў “Пушчанку”. Увогуле ўсходнеславянскі сярэдні клас з задавальненнем едзе да нас. Многія прыязджаюць сюды з дзецьмі і ўнукамі, каб паказаць ім Беларусь. Наведаліся, было, у сядзібу і госці з далёкага замежжа — французы і датчане. Самабытнасць у спалучэнні з камфортам і надаюць адпачынку своеасаблівы каларыт. Складальнікамі камфорту ў Хамуцінах сталі транспартнае забеспячэнне гаспадарамі запланаваных экскурсій, калі турысты не на сваім аўто, узаемапаразуменне і бытавыя зручнасці. Апошняе – надзвычай важная ўмова на час адкрыцця сядзібы: гасцям павінна быць па-дамашняму ўтульна. У Леўчукоў да іх паслуг – сучасныя санвузлы, гарачая вада ў любы час сутак, магчымасць прыгатаваць хатнюю страву з вясковых прадуктаў – часта госці самі завіхаюцца на кухні. Ацяпленне ў гасцявых дамах самае што ні ёсць вясковае – кафляныя печы, якія многіх гараджан прыводзяць у захапленне.

Спытала ў Алы, ці не стамляюцца ад малазнаёмых гасцей на сядзібе.

– Так, з людзьмі трэба знаходзіць агульную мову, падладжвацца пад характар чалавека, але калі ад’язджаюць, некаторы час месца сабе не знаходжу: у двары пуста, ціха, на душы шчыміць. Бо калі прымаеш людзей у сваёй сядзібе, – роднішся з імі. Але прымушаю сябе брацца за справу, прыбіраю, мыю і зноў радуюся, калі нам звоняць і едуць да нас людзі…

Пацікавілася і коштам адпачынку ў “Пушчанцы”. У залежнасці ад колькасці чалавек, што адначасова селяцца ў доме, ён вагаецца ў межах 130-180 тыс. рублёў у суткі. Для пастаянных кліентаў гаспадары робяць скідкі.

Блізкасць да Камянюкаў садзейнічае патоку турыстаў. На сядзібе бацькам па магчымасці дапамагаюць дзеці, якіх у Леўчукоў чацвёра. Двое ўжо маюць свае сем’і, малодшы сын служыць у арміі, а найменшая дачка – васьмікласніца (па дваіх вучняў у Хамуціны прыязджае школьны аўтобус з Навіцкавічаў). Сямейны бізнес “збудавалі” разам, пачаўшы яго з будоўлі ў прамым сэнсе слова. Па дапамогу звярталіся хіба што да электрыкаў. Агратурыстычная сядзіба набыла завершанасць, ды прыдзірлівае гаспадарскае вока шукае ўсё новыя варыянты дасканаласці. На Новы год тут зноў чакаюць сям’ю з Яраслаўля, якая і 2013-ы сустракала ў Белавежскай пушчы, дзе час не ляціць на злом галавы, дзе асаблівае паветра і можна ўслухацца ў сябе і адкрыць нешта вельмі важнае, што і словамі не выкажаш.

***

Той, хто любіць сустракаць Новы год на ўлонні прыроды, у аграсядзібе, добра ведае, што забраніраваць месцы варта з восені. Тое ж датычыць і Камянеччыны. “Свабодную” сядзібу ў святочныя дні адшукаць няпроста. У “Лясной” (Белая) чакаюць гасцей з Мінска, ў “Доме рыбака” (Камянюкі) – з Санкт-Пецярбурга, у “Асалодзе” (Бабічы) – з Падмаскоўя, у “Крайняй хаце” (Хваянаўка) рыхтуюцца прыняць брастаўчан… Адпачынак у вёсцы становіцца арыгінальным прадуктам.

Галіна Новік.

1 thought on “Тур у “Пушчанку”, або Адпачынак у стылі кантры

  1. Очень приятно читать, как в Каменецком районе развивается агротуризм. Среди перечисленных агроусадьб что-то не видно “Теремка” , который в Каменюках, на улице Каменюкской, 50. Или он уже закрылся или туристы еще не нашли к нему дорогу?

Добавить комментарий