Турызм на сяле? Лёгка!

IMG_8406Аб перспектывах сельскага турызму гавораць многа. Апошнім часам адпачынак у вёсцы набывае ўсё большую папулярнасць. Дынамічнаму развіццю айчыннага агратурызму ў многім садзейнічае фінансавая падтрымка, якую аказвае ААТ “Белаграпрамбанк” па распрацаванай у ліпені 2007 года Праграме “Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь”. Аб тым, як банк будуе сваё супрацоўніцтва з суб’ектамі аграэкатурызму, даведалася ў кіраўніка РКЦ №3 г.Каменец філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Брэсцкага абласнога ўпраўлення Надзеі НІКІЦІНАЙ.

– Надзея Паўлаўна, як Вы лічыце, з чым звязана прынятае ў 2007 годзе рашэнне рэалізацыі Праграмы з удзелам банка ў развіцці аграэкатурызму ў Беларусі?

– У адраджэнні беларускай вёс­кі значнае месца належыць аграэкатурызму. Важную ролю ў яго папулярызацыі ў нашай краіне іграе комплекс мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў дзяржаве. У межах гэтай палітыкі ААТ “Белаграпрамбанк”, адзіны з усіх айчынных банкаў, дарэчы, па асабістай ініцыятыве, аказвае ўсебаковае садзеянне развіццю аграэкатурызму. Мэты, якіх планавалася дасягнуць падчас рэалізацыі Праграмы, маюць важнае эканамічнае значэнне: умацаваць дзейнасць па аказанні паслуг у сельскай мясцовасці, садзейнічаць самазанятасці і самарэалізацыі людзей у вёсцы. Таксама актыўнае асваенне дадзенага накірунку – рашэнне сацыяльных і культурных задач. Зараз вельмі важна спыніць тэндэнцыю зніжэння колькасці сельскага насельніцтва, захаваць самабытную культуру беларускай вёскі… Банк выконвае функцыю агента Урада па абслугоўванні дзяржпраграм у АПК, таму з’яўленне Праграмы – заканамернае. Яе рэалізацыя забяспечваецца пры цесных узаемаадносінах з райвыканкамам і грамадскім аб’яднаннем “Адпачынак у вёсцы”.

– Скажыце, як пашыраецца геаграфія паслуг аграэкатурызму на тэрыторыі раёна?

– У нашым раёне, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі, вельмі актыўна. Прычым аграэкасядзібы знаходзяцца амаль у кожным кутку раёна. Але большасць усё ж – у межах Белавежскай пушчы. Усяго зарэгістравана 35 суб’ектаў аграэкатурызму. Усе яны знаходзяцца ў розных стадыях развіцця: адны толькі пачынаюць сваю працу, другія – ва ўсю прымаюць турыстаў. Крэдытная падтрымка банка садзейнічае пашырэнню колькасці суб’ектаў. Так, льготныя крэдыты “Белаграпрамбанка” скарысталі 8 фізічных асоб. Думаю, далейшаму развіццю аграэкатурызму будзе садзейнічаць працяг дзеяння Указа №372 “Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь” да 1 сакавіка 2020 года. А гэта азначае, што льготы для стваральнікаў сядзіб у вёсцы застануцца надоўга. Акрамя таго, дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму могуць здзяйсняць не толькі фізічныя асобы і фермерскія гаспадаркі, але і сельскагаспадарчыя арганізацыі.

– Асноўная форма падтрымкі банкам суб’ектаў аграэкатурызму – крэдытная. Якія ўмовы прадастаўлення крэдытаў?

– Фінансавая падтрымка “Белаграпрамбанка” заключаецца ў крэдытаванні суб’ектаў сельскага турызму на льготных умовах: сума крэдыту – да 2000 базавых велічынь, працэнтная стаўка – 5% гадавых, тэрмін крэдытавання – да 5-і гадоў сельскагаспадарчым арганізацыям, да 7-і – фізічным асобам, адтэрміноўка пагашэння асноўнага доўгу па крэдыту – да 12 месяцаў. Што тычыцца забеспячэння крэдыту, то для фізічных асоб – няўстойка па ім да 500 базавых велічынь, па крэдыту звыш 500 базавых велічынь – паручыцельства фізічнай асобы, залог нерухомай маёмасці; па сельскагаспадарчых арганізацыях – залог рухомай і нерухомай маёмасці, тавары ў абароце.

– Ці ёсць абавязковыя ўмовы для выдачы крэдыту?

– Згодна з тым жа Указам №372, суб’екты аграэкатурызму могуць здзяйсняць дзейнасць у сферы аграэкатурызму і разлічваць на крэдытную падтрымку банка пры наяўнасці наступных умоў: рэгістрацыі суб’екта аграэкатурызму ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку; жылога дома ці некалькіх дамоў у сельскай мясцовасці ці малых гарадскіх пасяленнях, якія належаць на праве ўласнасці фізічнай асобе – суб’екту аграэкатурызму і (ці) члену яго сям’і ці сельскагаспадарчай арганізацыі; вольных жылых пакояў у жылым доме – да 10-і; здзяйснення суб’ектамі аграэкатурызму дзейнасці па вытворчасці і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, заснаванай на асабістым працоўным удзеле і выкарыстанні зямельнага ўчастка, прадастаўленага для гэтых мэт у адпаведнасці з заканадаўствам; магчымасцей для азнаямлення аграэкатурыстаў з прыроднымі і архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальнымі культурнымі традыцыямі адпаведнай мясцовасці.

– Надзея Паўлаўна, а якія ёсць іншыя накірункі ўдзелу банка ў развіцці сельскага турызму?

– Акрамя прадастаўлення крэдытаў суб’ектам аграэкатурызму, банкам аказваецца кансультацыйная, інфармацыйная і метадалагічная падтрымка. У першую чаргу гэта арганізацыя і правядзенне спецыялізаваных канферэнцый па пытаннях развіцця сельскага турызму. Штогод “Белаграпрамбанк” фінансуе выданне каталогаў аграсядзіб рэспублікі на трох мовах. Ужо выйшла 4. Прэзентацыя першай электроннай версіі каталога стала яркай дзеяй для ўсіх карыстальнікаў інтэрнэта. Гэта своеасаблівы інфармацыйны партал аб турыстычных аб’ектах з фотаздымкамі, кантактнымі данымі і апісаннем паслуг. Што датычыць метадалагічнай падтрымкі, то яна заключаецца ў правядзенні сумесна з “Адпачынкам у вёсцы” навучальных семінараў для суб’ектаў аграэкатурызму. Гэта дазваляе ім атрымаць навыкі ў арганізацыі абслугоўвання турыстаў, азнаёміцца з вопытам іншых сядзіб, патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да ўзроўню сэрвісу з боку замежных гасцей, умовамі крэдытавання. Кансультацыю па пытаннях крэдытавання суб’ектаў аграэкатурызму можна атрымаць у кожным падраздзяленні “Белаграпрамбанка”.

– Дзякуй за размову!

Гутарыла

Наталля ГРЫЦУК.

Добавить комментарий