Мая дыктоўка. Нa пачатку кожнага ўрока яна выклікала нас да дошкі па трое. Мы стаялі спінамі да класа, бялюткая крэйда дробна дрыжала ў нашых руках, а ў галовах мітусіліся-блыталіся слоўнікавыя словы, якіх у вялікай рускай мове безліч.
Пачыналася дыктоўка. 20 слоўнікавых слоў, якія строгая настаўніца дыктавала так хутка, што мы ледзьве паспявалі запісваць, не тое што думаць над нейкім там правапісам. Пільныя вочы сачылі, каб чулыя аднакласнікі не падказвалі, а мы не падглядалі адзін у аднаго.
20 слоў… Пасля апошняга можна было нарэшце выдыхнуць, супакоіцца на шчаслівае імгненне, якое аддзяляла ад слоў настаўніцы: “Цяпер праверым”. За імі – новая хваля трымцення.
Адна памылка – два балы. Усяго адна! Знайшоўшы яе ў першым слове, наступныя ніхто ўжо не глядзеў… Мы атрымлівалі свае нездавальняючыя адзнакі, садзіліся, пакутліва думалі, як выправіць, і перад наступным урокам засыналі з “Орфографическим словарем для школьников” пад падушкай.
Я да гэтай пары памятаю 20 слоў, за якія атрымала першую двойку ў сваім жыцці: аккордеон, барбарис, портьера, экстравагантный… Помню. А яшчэ, вось у чым парадокс, маю самую строгую настаўніцу ўзгадваю цяпер часцей за іншых, і выключна з удзячнасцю.
Мой пераказ. Гэта быў выпускны экзамен у 9 класе. Пераказ. Мы ведалі, што тэкст будзе прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, бо якраз набліжалася чарговая гадавіна Перамогі. “Ленінградская сімфонія,” – прадыктавала настаўніца загаловак. Тэкст аб тым, як у блакадным горадзе галодныя, змучаныя, даведзеныя да адчаю людзі сабралі ўсю сваю волю ў кулак, дасталі немаведама як захаваныя музычныя інструменты, апранулі канцэртныя касцюмы, сабраныя літаральна па частках, і стварылі… сапраўдны сімфанічны аркестр (колькасць музыкантаў у ім звычайна вагаецца ад 60 да 120). Стварылі, каб гучала бессмяротная 7-я сімфонія Шастаковіча. Іх слухаў увесь свет. І немцаў прабіралі дрыжыкі. “Мы ніколі не пераможам гэты народ,” – сказаў адзін з іх, самы дальнабачны.
Мяне так уразіла тады гэта гісторыя, што ўрэзалася ў памяць надзвычай глыбока! Ці трэба гаварыць, што свой пераказ я напісала амаль слова ў слова. Так блізка да тэксту, што экзаменатары спярша не паверылі мне, падумалі – спісала…
Маё сачыненне. Пра конкурс сачыненняў “Пісьмо чалавеку, якога мне не хапае” даведалася ў клубе “Юны журналіст”, заняткі якога наведвала ў цэнтры пазашкольнай работы роднага Маладзечна. Пісаць пісьмы я заўсёды любіла, мела некалькі сябровак па перапісцы, знойдзеных праз дзіцячую газету “Раніца”, але тут справа была зусім іншая. Пісаць трэба было таму, каго… няма. Доўга выбірала сабе адрасата, думала, каго ж мне не хапае, і раптам зразумела! Старэйшай сястры!
Я назвала яе Сашай. Акуратна вырвала двайны аркуш са сшытка ў клетку, узяла ручку, пакусала па старой звычцы зялёны каўпачок і пачала шпарка пісаць. Мне раптам падалося, што яна, мая старэйшая сястра, існуе. Я расказвала пра ўсё, што мяне хвалявала, устаўляючы праз абзац вершы, як натуральна ўпляталіся яны ў тэкст!
“Твая Насця”. Я вывела на апошняй старонцы гэтыя два словы, і рука міжволі пацягнулася да шуфлядкі, дзе мама захоўвала канверты. Я забыла, што ў мяне няма старэйшай сястры…
Маё пісьмо заняло другое месца. Першае аддалі дзяўчынцы, якая пісала сваёй бабулі-нябожчыцы …
Мы вучымся усё жыццё. І кожны дзень яно правярае нашы веды, не робячы скідак ні на ўзрост, ні на вопыт. Мы жывём першы раз, але гэта не ўлічваецца. Нас правяраюць…
Часам мы пішам дыктоўкі – дакладна пераносім на паперу тое, што чуем, слова ў слова. Прапусціш адно па няўважлівасці ці няспрытнасці – памылка. Часам нам даводзіцца пераказваць нешта, пачутае раней, прычым як мага бліжэй да тэксту.
Гэтыя два віды праверкі здольнасцей у нечым падобныя, але ёсць і адрозненні. Па-першае, дыктуюць павольна, ёсць час падумаць, ёсць шанец адгадаць працяжнік на месцы міжвольнай паўзы. Пераказ жа іншы: чытаюць хутчэй, і варта спадзявацца толькі на сваю памяць, і апаноўвае страх, што нішто ўжо не вернецца, што гэта першы і апошні раз. Па-другое, падчас дыктоўкі мы пішам адразу на чыставік, і закрэсленае ці падпраўленае карэктарам лічыцца памылкай, знакам няўпэўненасці. Не ўпэўнены? Значыць, не ведаеш, а ведаць павінен. А ў пераказа ёсць чарнавік, які дае час успомніць ці хаця б падглядзець у суседа.
Часам мы пішам сачыненні. Гэта самае лепшае, самае цікавае, самае захапляльнае. Асабліва, калі сачыненне на вольную тэму. Гэта свабода, права на слова і думку.
Усё наша жыццё – бясконцая праверка ведаў і здольнасцей. Яно то дыктуе нам, то расказвае, то дае магчымасць гаварыць самім. Мы запісваем, пераказваем, ствараем…
Часам мы робім памылкі, і яно карае нас. І мы крыўдзімся, адкідваем ручку ўбок, як Маякоўскі («Вот вам, товарищи, моё стило! И можете писать сами!»). А між тым, што будзе з намі, калі дыктоўкі ды пераказы скончацца назаўсёды? Калі жыццё перастане выпрабоўваць? Без гэтага чалавек не зможа даведацца, чаго ён варты. З самага нараджэння ёсць тры сшыткі: для дыктовак, для пераказаў і для сачыненняў. Пішыце. І пішыце правільна. Няхай жыццё дыктуе – занатоўвайце, няхай расказвае – запамінайце. І ведайце: у вас заўсёды застаецца асобны сшытак, на вокладцы якога стаіць простае: “Для сачыненняў”. У ім вы – гаспадары, асобы, творцы. І кожны росчырк пяра набліжае вас да дасканаласці.
Настасся НАРЭЙКА.
Это может быть интересно:
-
Поздравления с Пасхой от священнослужителей Каменетчины
-
46-Й РАЙОННЫЙ СЛЕТ-КОНКУРС ЮНЫХ ИНСПЕКТОРОВ ДОРОЖНОГО ДВИЖЕНИЯ ПРОХОДИТ В КАМЕНЦЕ
-
Освящение пасхальных куличей пройдет в Каменце
-
В «Беловежских сырах» проверили знания истории Великой Отечественной войны
-
КОЛЛЕКТИВ «КАТРЫНКА» ПОДТВЕРЖДАЕТ СВОЕ ВЫСОКОЕ ЗВАНИЕ