Тры працоўныя месяцы новага кіраўніка гаспадаркі…

Копия IMG_8277Аляксей Леанідавіч Савіч нарадзіўся 16 кастрычніка 1981 года ў Лунінецкім раёне. У 2009-м скончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны (зааінжынерны факультэт па спецыяльнасці “Заатэхнія”). Пазнаёміўся з ААТ “Усход-Каменец” 1 жніўня 2005 года, заняў пасаду загадчыка адной з ферм. Далей 2,5 года працаваў заатэхнікам-селекцыянерам, чатыры – галоўным заатэхнікам. 17 лютага сёлета Аляксея Савіча зацвердзілі на пасаду кіраўніка ААТ “Усход-Каменец”. Перад гэтым тры месяцы выконваў абавязкі кіраўніка.

З таго дня, як Аляксей Леанідавіч пачаў кіраваць гаспадаркай, прайшло амаль тры месяцы. Аб асноўных напрамках працы ў таварыстве і планах на будучае – з першых вуснаў.

– Аляксей Леанідавіч, скажыце, калі ласка, якія асноўныя накірункі гаспадарчай дзейнасці вашага прадпрыемства?

– У асноўным гэта раслінаводства і жывёлагадоўля.

– Давайце пачнём з раслінаводства.

– Агульная плошча сельгасугоддзяў гаспадаркі – 5849 гектараў, з іх 4,5 тысячы – ралля, астатняе – сенакосы і лугі. Бал урадлівасці раллі – 33,8. Ёсць у нас і невялікі сад.

Што тычыцца зерневых? Тут трэба пачаць з таго, што 1010 гектараў занята азімымі зерневымі культурамі. Яравыя зерневыя размесцяцца на 833 гектарах, на 600 – кукуруза на зерне. З прапашных культур у нас прыярытэтнай з’яўляецца бульба. Плануем у гэтым годзе засадзіць ёю 200 гектараў. У гаспадарцы робіцца ўсё для таго, каб развядзенне культуры набывала ўсё большыя маштабы. Для гэтага вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва бульбасховішча. Ужо закончаны першы пускавы комплекс на 2800 тон і яшчэ дабудоўваем дзве секцыі на 1400 тон кожная. Такім чынам, агульная плошча бульбасховішча складзе 4800 тон. Асноўная крыніца фінансавання – сродкі рэспубліканскага бюджэту. Паралельна з будаўніцтвам адразу купляем у бульбасховішча неабходнае абсталяванне. Ужо зманціравалі сістэму вентыляцыі і працягваем добраўпарадкаванне тэрыторыі новабудоўлі. Плануем ураджай гэтага года закласці ўжо ў новае бульбасховішча.

Акрамя бульбы, гаспадарка інтэнсіўна займаецца цукровымі буракамі. У бягучым годзе плануем пасеяць 500 гектараў. Ураджай здаём на Жабінкаўскі цукровы завод. У мінулым годзе нядрэнна спрацавалі па гэтай культуры. Яна ў нас у таварнай прадукцыі займае 100%, таму атрымліваем ад гэтага добры прыбытак.

Калі гаварыць аб кукурузе, то яна – асноўная крыніца сыравіны для сіласавання. “Каралева палёў” – асноўная кармавая культура.

З мэтай забеспячэння бялковай часткі рацыёнаў для жывёлагадоўлі вырошчваем люцэрну. У мінулым годзе яе пасеялі на 300 гектарах і знялі на некаторых плошчах да трох укосаў. Таксама з мэтай бесперапыннага зялёнага канвеера і для выпасу жывёлы вырошчваем свірэпіцу. Вырошчваем і шматгадовыя травы, яны ў нас размяшчаюцца на прыфермскіх участках у межах кіламетра-паўтара, каб жывёла далёка не хадзіла. Шматгадовыя травы ўзбагачаны бабовымі – канюшынай ружовай і белай. Таму атрымліваем таннае малако і больш высокі выхад прадукцыі.

– Вось так, плаўненька, перайшлі да другога накірунку гаспадарчай дзейнасці – жывёлагадоўлі…

– На 1 студзеня бягучага года пагалоўе жывёлы склала 6789 галоў, з іх 2617 – каровы дойнага статка. Усе яны ўтрымліваюцца на шасці малочнатаварных фермах. Тысяча галоў размяшчаецца на новай “прэзідэнцкай” ферме ў Катэры, якую пабудавалі ў 2009 годзе па Указу Прэзідэнта №332. На фермах у Паніквах, Навасёлках, Кастарах і Дубавым – прывязная сістэма ўтрымання. У Вялічкавічах – бяспрывязная. На ферме Воўчын-2 плануем замяніць абсталяванне на больш сучаснае, паставіць сістэму Вэстфалія ці Дэлаваль, каб добра весці раздой цялушак.

Што тычыцца вытворчасці прадукцыі вырошчвання, то па гаспадарцы за студзень-сакавік гэтага года сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы склала 714,1 г., а гэта 108,9% да росту 2012-га.

Калі ўзяць па валу прадукцыі вырошчвання, то тут мы маем 274,4 тоны мяса. Па надоях крыху адстаём ад узроўню мінулага года: вал – 3006,9 тоны надаілі за першы квартал бягучага года, а гэта на 6,9 тоны менш, чым за аналагічны перыяд 2012-га. Не дацягваем па некалькіх прычынах: у нас атрымліваецца так, што рацыён жывёлы не забяспечваецца на добрым узроўні бялковай часткай. Зараз жывёла пойдзе на выпас, тым самым і навярстаем гэтыя ўпушчаныя працэнты.

– Раскажыце крыху падрабязней пра рацыён харчавання буйной рагатай жывёлы.

– Калі ўзяць структуру рацыёну, то яна заключаецца ў наступным: калі мы вывозілі жамерыны з Жабінкаўскага цукровага завода, то закансервавалі каля 500 тон на корм. Буракі здрабнялі і ўводзілі ў рацыён. Такім чынам узбагачалі кармы, каб кормасумесь была больш вільготнай, тым больш прыбаўка да валавога надою. Калі гаварыць аб якасці малака, то ў бягучым годзе яна значна палепшылася. Прадалі вышэйшым гатункам 1398,4 тоны, у мінулым годзе – 1570,3. Малако – зараз асноўны рэсурс паступлення фінансавых сродкаў: і цана трымаецца, і на якасць не скардзімся…

– А калі гаварыць аб узнаўленні статка?

– Зараз мы інтэнсіўна займаемся гэтым пытаннем, вядзём індывідуальнае замацаванне быкоў, у якіх прадуктыўнасць бацькоў – 12-14 тысяч. У гаспадарцы ўжо 15 гадоў вядзецца галштынізацыя. Робіцца гэта для далейшай інтэнсіфікацыі малочнай жывёлагадоўлі і павышэння генетычнага патэнцыялу жывёлы. Для гэтага неабходна паскарэнне работы па стварэнні высокапрадуктыўных статкаў з выкарыстаннем таго генфонду, які ёсць у наяўнасці. Адзін з такіх метадаў – галштынізацыя чорна-пярэстай пароды. Прыліў галштынскай крыві істотна адлюстроўваецца на статках: цялушкі пачынаюць даваць малака больш за 20 літраў на галаву.

– Станоўчае развіццё сельскай гаспадаркі ва ўсе гады залежала ад тэхнічнага аснашчэння. Як у вас з гэтым пытаннем?

– Машынна-трактарны парк укамплектаваны поўнасцю. У нас ёсць 4 энерганасычаныя трактары, самаходныя раздатчыкі, якія выкарыстоўваюцца, дарэчы, на комплексе ў Катэры. Плануем у будучым набыць свой малакавоз. Хочацца аднавіць крыху машынны парк. Тут з’явяцца некалькі машын для перавозкі грузаў…

– Ці плануецца ў гэтым годзе ўзвядзенне новых аб’ектаў?

– Плануем пабудаваць два дамы: адзін – па льготным крэдыце, згодна з адным з Указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, другі – гаспадарчым спосабам. Яшчэ збіраемся рэканструяваць сваімі сіламі дом у Паніквах.

– Аляксей Леанідавіч, а якая ў вас сітуацыя са спецыялістамі?

– Сёння штат укамплектаваны: прыйшлі эканамісты, юрысты, аграномы, інжынер. Штат у нас малады, усе кіраўнікі структурных падраздзяленняў маюць вышэйшую адукацыю. Востры недахоп у нас аператараў машыннага даення. Зараз вядзём работу з насельніцтвам, даём аб’явы ў газеты, не толькі нашу, раённую, але і ў іншыя…

Маладыя спецыялісты ўсе забяспечваюцца жыллём з усімі выгодамі. Калі гаварыць аб замацаванні маладых людзей на першым месцы працы, то ў гаспадарцы ўсё для гэтага робіцца: даём работу па спецыяльнасці, забяспечваем транспартам, даплачваем тым, хто застаецца, – такім чынам, у моладзі з’яўляецца стымул да працы ў вёсцы. Але ўсё ж такі частку маладых людзей утрымаць не можам: адзін ідзе ў армію, другі – жэніцца…

– Раз ужо пачалі гаворку пра зарплаты, то скажыце, калі ласка, якая сітуацыя складваецца ў гаспадарцы з выплатамі работнікам?

– У нас са студзеня ідзе рост аплаты працы. За мінулы год у цэлым сярэдняя зарплата склала за год 2 мільёны 571 тысячу рублёў. Гэта вельмі нізкі ўзровень. Таму зараз мы інтэнсіўна займаемся пытаннем павелічэння зарплаты, каб выйсці на паказчык 3,5 мільёна рублёў. Такая перад намі стаіць задача, а, як вядома, аплата працы – галоўны фактар для стымулявання ўсіх катэгорый работнікаў.

– Аляксей Леанідавіч, вы з’яўляецеся кіраўніком гаспадаркі не так даўно. Скажыце, ці ёсць ужо нейкія планы на перспектыву?

– Вельмі важнае і вострае пытанне ў гэтым годзе – нарыхтоўка кармоў. Калі ўзяць па лічбах, то плануем нарыхтаваць у бягучым годзе сенажу 16100 тон, сіласу – 34000, зерня на кармавыя мэты – каля сямі тысяч, 13900 кормаадзінак.

Па аб’ёмах прадукцыі жывёлагадоўлі плануем з улікам гэтых нарыхтаваных якасных кармоў атрымаць па вытворчасці малака 14200 тон прадукцыі за год, а гэта на 1460 тон больш, чым летась. Што тычыцца мяса, то тут мы разлічваем, пры ўліку, што якасныя кармы дадуць аддачу на 30%, атрымаць 1200 тон мяса – на 60 тон больш, чым у 2012-м. Рэалізацыя малака плануецца на адзнацы 12780 тон пры таварнасці 90%, не ніжэй. Таксама на гэты год перад зааветслужбай стаіць задача атрымаць 3000 цялят – гэта не менш за 85% на сто кароў. Па якасці малака – плануем рэалізаваць класам “экстра” не менш за 40%, вышэйшым – 50%. На гэтым, адпаведна, мы атрымаем больш станоўчага прыбытку…

Калі гаварыць аб запланаваным будаўніцтве, то ў гэтым годзе будзе мадэрнізавана ферма ў Паніквах. Там паставім сістэму монарэек, што дазволіць нам больш тэхналагічна выконваць усе аперацыі даення кароў.

– А што скажаце пра пасяўную кампанію-2013?

– Тэрміны пасяўной змясціліся больш, чым на тры тыдні. Зараз мы прыкладваем усе намаганні, каб у час адсеяцца. Вельмі важна ўпісацца ў пастаўленыя тэрміны, каб не згубіць ураджай культур. Для нас будзе вялікім мінусам, калі мы атрымаем ураджайнасць ніжэй за 20%. Проста мы не выканаем запланаваныя аб’ёмы кармоў. А ў нас амаль 7000 галоў жывёлы. Гэта будзе вельмі цяжкі ўдар…

– Усё будзе добра! Аляксей Леанідавіч, дзякуй Вам вялікі за цікавую гутарку. Да хуткіх сустрэч!

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

1 thought on “Тры працоўныя месяцы новага кіраўніка гаспадаркі…

Добавить комментарий