Тры пляжы на раён?

sm_full.aspx20 лютага ў Каменцы прайшоў штогадовы агульны сход старшынь пярвічных арганізацый і ўпаўнаважаных прадстаўнікоў юрыдычных членаў раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах. Са справаздачай выступіў старшыня раённага савета таварыства Алег Скрыбуноў, у рабоце сходу прыняў удзел і вядучы спецыяліст абласнога савета таварыства Анатоль Сцяпанаў.

Станоўчая тэндэнцыя – рост колькасці прыхільнікаў таварыства: за 2012 год пярвічных арганізацый стала 80 (прыбавілася 15), у іх на сёння – 3061 чалавек, што на 985 больш, чым у папярэднім годзе; юрыдычных членаў 65 (рост на 5). За лета нашы матросы-ратаўнікі падрыхтавалі да аказання дапамогі пацярпелым на вадзе 10 школьнікаў, а выкладчыкі фізкультуры і выхавальнікі навучылі плаванню 404 вучні.

Абавязковымі ў прафілактычнай рабоце сталі інструктажы ў летніках па правілах паводзін дзяцей на вадзе, патруліраванне на пляжах сумесна з работнікамі міліцыі, праверкі стану пляжаў разам з іншымі арганізацыямі напярэдадні купальнага сезона, ачыстка вадаёмаў у месцах купання, распаўсюджванне плакатаў з інфармацыяй таварыства і іншае. У многім бяспеку людзей гарантавала дзяжурства на ратавальным пасту паблізу рэчкі Лясная ў Каменцы.

Тым не менш, дапушчаны ахвяры на вадзе, іх чацвёра (у 2011 годзе было двое). Асноўныя прычыны бяды: купанне ў нецвярозым стане, у недазволеных месцах і іншыя парушэнні правілаў. Удалося выратаваць дваіх чалавек.

На Брэстчыне летась загінула на вадзе 104 чалавекі. Аналіз паказаў, што палова з іх купаліся не ў адведзеных для гэтага месцах, прычым, амаль усе былі ў нецвярозым стане.З прычыны ап’янення многія гінуць і зімой у час рыбалкі. Анатоль Сцяпанаў прывёў яскравы прыклад бяздумнай рызыкі, якая сёлета прывяла да трагедыі ў вёсцы Рубель Столінскага раёна. 15 лютага двое мужчын у росквіце сіл пайшлі пад лёд разам з 9-тонным МАЗам, калі ехалі праз раку. Недалёка ёсць масты, але па іх не паехалі, бо асцерагаліся работнікаў ДАІ: былі нецвярозыя, таму вырашылі “праскочыць” праз раку па лёдзе, каб купіць у магазіне… спіртное. Як аказалася, сабе на пагібель. З траіх, хто быў у кабіне, толькі аднаму ўдалося цудам выратавацца. Здараецца, што гінуць і цвярозыя, і ўмелыя, калі пераацэньваюць свае сілы і здольнасці. Так загінуў аматар падлёднага палявання на рыбу, не трапіўшы пры ўсплыцці ноччу на ўчастак, свабодны ад лёду. На жаль, часам гінуць і дзеці, калі за імі няма нагляду дарослых.

На сходзе абмеркавалі надзённае пытанне: як у летні сезон абсталяваць месцы для купання ўсюды, дзе мясцовыя жыхары адпачываюць ля вады. Хіба ж дастаткова абследаваных і ачышчаных вадалазнай службай пляжаў у камянецкім парку, на возеры “Катэра”, дзе гаспадар – ААТ “Усход-Каменец”, і ў лагеры “Вярба”? У таварыстве выратавання на водах прыйшлі да высновы, што забараняць купанне можна толькі ў пэўных месцах, не прызначаных для гэтага (паблізу плацін, на меліярацыйных каналах, на вадаёмах, дзе спецыяльна разводзяць рыбу). За парушэнне забароны вызначаны штрафы. А вось накладваць штраф на жыхара, які купаецца ў рэчцы, сажалцы каля свайго горада, вёскі было б парушэннем правоў чалавека. Аднак, без абследавання і ачысткі тыя аблюбаваныя мясцовымі жыхарамі месцы купання небяспечныя: можна атрымаць парэзы ад кінутага шкла, жалязяк, зачапіцца за карагу, заблытацца ў воднай расліннасці. Мясцовай уладзе і гаспадаркам не хапае сродкаў, каб навесці там парадак. Што ж рабіць? У такім выпадку трэба абазначаць непадрыхтаваныя для купання месцы шыльдамі з папярэджаннем, што купацца там небяспечна, лепш не рызыкаваць.

Было ўзнята і такое пытанне: хто абсталюе, як належыць па правілах, улюбёнае месца масавага купання на возеры Сіпурка? Гэтая тэрыторыя ўваходзіць у рэкрэацыйную (прызначаную для адпачынку) зону НП “Белавежская пушча”. Нацыянальны парк арганізаваў там платную лоўлю рыбы. А вось пра бяспеку аматараў купання ніхто не падумаў. Магчыма, гэтую праблему можна будзе вырашыць сумеснымі намаганнямі розных інстанцый.

У пастанове сходу вызначаны адпаведныя меры актывізацыі прафілактычнай работы па папярэджанні няшчасных выпадкаў на вадзе.

Георгій ПАРАФЯНЮК.

1 thought on “Тры пляжы на раён?

  1. И не только Сипурку, но и возле Рожковки надо навести порядок. Как не стыдно этому национальному парку? Хотя бы убрать этой бамбизий забор, а то машиной подъехать с детьми к озеру( не к воде, а к 30 метрам по закону), чтоб не тащить все и детей на себе, бросая машину за великой китайской стеной, нельзя почему то (почему?), а вот выращивать кукурузу, обрабатывать тракторами, химикатами, навозом прямо у самого озера (7 метров) -эт пжлста!!! Где ж эн новый директор? Появись!
    Кста! Вот если (не дай Бог ,конечно) утонет кто, как скорая то должна туда заехать к 30-ти метрам? Вот тогда в тюрьму прямая дорожка. Было озеро облюбованное, идеальное дно, глубина, ни травы, ни мусора, объехать-разъехаться, и тут свалилось оно, это чучело. Забор! Штрафы! За купание в бамбизье царствование! А то вдруг увидит его кто, когда он с вышек своих стрелять будет! А сейчас что? Озеро заросло, дорога лесом поросла, но кукуруза растет (озимая!).

Добавить комментарий