У конкурсе “Трыумф. Героям спорту 2012”, які праводзяць Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Беларусі, рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне “Прэзідэнцкі спартыўны клуб”, Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальны алімпійскі камітэт, 31 студзеня закончыўся час папярэдняга галасавання. Як паведамілі ў аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, на Камянеччыне прагаласавала амаль 900 чалавек. У намінацыі “Каманда года” больш галасоў (232) набраў удзельнік плэй-оф Лігі Еўропы УЕФА сезона 2012-2013 гадоў барысаўскі футбольны клуб “БАТЭ”. У намінацыях “Спартсмен года” і “Спартсменка года” з вялізнай перавагай перамаглі чэмпіён Алімпійскіх гульняў 2012 года ў Лондане ў кулявой стральбе Сяргей Мартынаў (330 галасоў) і бронзавы прызёр Алімпіяды 2012 года па цяжкай атлетыцы, наша зямлячка, выхаванка СДЮШАР “Пушча” Ірына Кулеша (479 галасоў). У намінацыі “Трэнер года” лідзіраваў Віктар Ганчарэнка, галоўны трэнер ФК “БАТЭ” (г.Барысаў). За яго прагаласавала 306 чалавек.
Цяпер, з 1 па 15 лютага, журы конкурсу абагульніць вынікі галасавання і вызначыць лаўрэатаў. Таксама будуць названы пераможцы ў намінацыях “За волю да перамогі”, “Прарыў года”, “Вынік года” і “Самы яркі спартыўны момант года”. Фінал конкурсу з цырымоніяй урачыстага ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца 27 лютага ў сталічным Палацы спорту.
* * *
На першынстве вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 1999 года нараджэння і маладзей, якое адбылося ў Брэсце, каманда Камянеччыны заняла шостае месца (усяго прынялі ўдзел 18 каманд). Лепшы вынік паказала выхаванка Івана Драпуна Зарана Клімук, якая штурхнула ядро на 9,05 м і заняла трэцяе месца. У васьмёрку мацнейшых таксама ўвайшлі Дзмітрый Чыкідзюк, Максім Замкавец, Васілій Селіванюк, Ілья Юшкевіч, Ірына Цупа і Кірыл Драчук.
* * *
На Алімпійскіх днях моладзі Брэстчыны па дзюдо сярод юнакоў і дзяўчат 1997-1998 гадоў нараджэння лепшы вынік у Марыі Кавальчук (вагавая катэгорыя 57 кг). У яе першае месца, і яна адзіная змагла прабіцца ў склад каманды Брэсцкай вобласці, якая з 31 студзеня па 2 лютага прымае ўдзел у рэспубліканскіх стартах у Бабруйску. Таксама на абласным форуме добры вынік паказалі Павел Мартысюк (55 кг), Станіслаў Гумбатаў (66 кг) – у іх другое месца. Трэцяе – у Антона Сачыловіча (81 кг) і Артура Гаўрылаўца (73 кг).
* * *
На зімовым спартыўным свяце “Белавежская лыжня – 2013”, якое прайшло 25 студзеня на базе Свішчоўскай школы і было прысвечана Сусветнаму дню снегу, у трох узроставых групах спаборнічалі работнікі раённай “вертыкалі”. Лепшы вынік паказалі Вольга Парафянюк і Аляксандр Адамчук (аддзел адукацыі), Таццяна Букач (упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання), Святлана Дацкевіч (упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне), Генадзь Сашко і Віктар Міхайлоўскі (гарсельвыканкамы). Усе пераможцы адзначаны каштоўнымі падарункамі ад аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.
* * *
26 студзеня ў межах першынства раёна па баскетболе сярод юнацкіх каманд прайшлі фінальныя гульні. На жаль, паўнацэннага спартыўнага свята не атрымалася: высокаўская каманда проста не з’явілася на спаборніцтвах. У адсутнасці галоўнага канкурэнта прадстаўнікі СШ №2 Максім Пушкарэвіч, Дзмітрый Мартысюк, Дзмітрый Швед, Дзмітрый Шкель, Аляксей Макараў, Кірыл Голяк і Павел Краўчынскі (трэнер Уладзімір Пратасевіч) без праблем разабраліся з вярховіцкімі і відамлянскімі баскетбалістамі. У вочным жа паядынку гэтых каманд мацнейшымі былі спартсмены з Вярховічаў. На трэцім месцы – юныя “джорданы” з Відамлі.
* * *
27 студзеня прайшлі адборачныя гульні чэмпіянату раёна па валейболе сярод мужчынскіх каманд. У Каменцы і Белавежскім змагаліся 11 дружын. У фінал, які адбудзецца 3 лютага, прабіліся чатыры лепшыя: “Белавежскі”, “Белавежскія сыры”, “Экстрым” і Камянецкі раён электрасетак.
Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.
Фота Андрэя КУДРАШОВА.
Это может быть интересно:
-
Команда ДЮСШ «Пуща» установила рекорд на спартакиаде Брестчины
-
Третья мировая. ФК «Нива» упускает победу над «Осиповичами»
-
Юные дзюдоисты Каменецкого района показали класс на открытом первенстве ДЮСШ «Пуща»
-
Открытое первенство в ДЮСШ «Пуща» по дзюдо на кубок ОВД Каменецкого райисполкома: честный спорт и яркие победы
-
День чистого спорта и борьбы с допингом проходит в Каменце