Пачаўшы прыручаць жывёлу, чалавек зрабіў адзін з найвялікшых крокаў на шляху да цывілізацыі. Гэты крок даваў чалавеку ўпэўненасць у сваіх сілах і адчуванне сябе “царом прыроды”. Ён перастаў залежаць толькі ад палявання, мог асесці ў нейкім пастаянным жыллі, абзавесціся маёмасцю.
Дакладна ніхто не ведае, калі былі прыручаны тыя ці іншыя жывёлы. Адзінае, што можна сказаць, – адбылося гэта ў старажытныя часы. Качавыя плямёны разводзілі статкі кароў і быкоў дзеля мяса і шкур. Пазней, з пераходам да аседлага жыцця, з развіццём земляробства, людзі сталі запрагаць моцных жывёл у плуг, перавозіць на іх грузы. Пра тое, што кароў можна даіць, даведаліся ў Старажытнай Грэцыі каля 2800 гадоў таму.
Ішоў час, і, акрамя традыцыйных жывёл, на падворках сталі з’яўляцца нават трусы. Ведаю, што яшчэ нейкіх гадоў 15 таму некаторыя трымалі дома пушных звяроў – нутрыі, норкі. А як справы ў наш час на прыватных падворках?
Сёння ў гаспадарках сялян можна ўбачыць і кароў, і свіней, і авечак, і коз, і птушку. Аднак, з’яўляюцца новыя віды, напрыклад в’етнамскія свінні, бройлерныя куры.
Паводле даных, прадстаўленых аддзелам статыстыкі Камянецкага раёна, на працягу апошніх 10 гадоў ідзе скарачэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы: у 2002 годзе на прыватных падворках сялян раёна яе было 5114 галоў, у 2012 – 1165. Гэтак жа скарачаецца і колькасць свіней: дзесяць гадоў таму іх было 11953, а цяпер – 7099. Колькасць авечак у раёне за дзесяцігоддзе зменшылася больш чым на 1 тысячу галоў (2002 год – 2464, а 2012 – 1112). Затое ўсё больш вяскоўцаў аддаюць перавагу козам: у 2012 годзе іх у раёне – 887, што на 385 больш, чым у 2002-м. Колькасць коней значна не скарацілася: у 2002 годзе – 431, а сёлета – 335 галоў. Птушкі ў 2012 годзе на падвор’ях мелі – 53266.
З чым звязана значнае скарачэнне колькасці жывёлы? Адказаў на пытанне два. Калі нехта хоча мець на сваім стале экалагічна чыстыя прадукты, любіць працаваць на зямлі і мае шмат вольнага часу, тады, вядома, ёсць сэнс трымаць уласную гаспадарку. Але ўсё больш жыхароў вёскі адмаўляецца ад утрымання жывёлы, аддаючы перавагу гарадскому тыпу жыцця. Можа, гэта і апраўдана: калі параўнаеш кошт літра малака ў краме і цану, па якой яго прымаюць, становіцца шкада сваёй працы. Ці з пункту гледжання эканомікі: затраты на апрацоўку зямлі, угнаенні, пасяўны матэрыял, а яшчэ дадаць да гэтага час, затрачаны на працу, то, вядома ж, – нявыгадна. Калі палічыць, колькі затрачана сродкаў на тое, каб вырасціць і выкапаць бульбу, то і апетыт на яе знікне…
Але ж кожны займаецца той працай, да якой у яго ляжыць душа. Бо калі нешта рабіць з любоўю, то і вынік заўсёды будзе станоўчы.
Што думаюць сяляне наконт гэтага?
Сяргей, в. Воўчын:
– Я не разумею сэнсу ў гаспадарцы. Шмат часу і сіл траціш на працу, якая зараз нічога не каштуе. Калі ёсць галава на плячах, рукі і ногі, можна па-іншаму зарабіць сабе на каўбасу і малако. Я і бацькоў пераконваю, каб не садзілі бульбу і не трымалі вялікай гаспадаркі. А калі яны ўжо зусім не могуць жыць без яе, няхай маці пакіне сабе пяць курэй, а бацька – кабанчыка. Яны напрацаваліся ўжо, няхай лепш жывуць для сябе, а не для каровы.
Ганна Пятроўна, в. Войская:
– Наша сям’я, колькі сябе памятаю, заўсёды трымала рагулю. У маёй бабулі іх было ажно чатыры. Калі маладой дзяўчынай пайшла замуж, то бацькі ў пасаг далі цялушку. Праз некаторы час наша маладая сям’я набыла яшчэ адну. А як жа ў вёсцы без свайго малачка, дамашняга тварагу і сыру?.. Зараз мне ўжо нямала гадоў, таму па стане здароўя не маю магчымасці трымаць кароўку, ды і дзеці забараняюць. А тых маладых людзей, якія жывуць у вёсцы, нібы ў горадзе, асуджаю, бо не разумею, калі ў чарзе ў магазіне ўзнікаюць сваркі з-за таго ж малака. Дык трымайце ж карову!
Валянціна, в. Каленкавічы:
– Мы маем вялікую гаспадарку, у нас шмат авечак, козачак, свінак, гусей, індыкоў, ёсць і трусы. Зараз цэны ў магазінах жахлівыя, і кожны дзень мяса не накупляешся. Пра дамашнія яйкі і казаць не буду – спячыце пірог з дамашнімі, ён жа, нібы сонейка, жоўты і такі смачны! Канешне, вялікая гаспадарка – гэта вельмі цяжка, таму не асуджаю тых, хто адмовіўся ад яе. У мяне ж двое сыноў, муж, якія любяць смачна паесці, і я іх вучу так, як вучылі мяне бацькі: “Каб смачна есці, трэба добра і папрацаваць.”
Дар’я ДЗЯМЯНКА.
Это может быть интересно:
-
Республиканский профсоюзный правовой прием граждан состоится 27 февраля
-
Здоровье — наша главная ценность: в СШ №2 г. Каменца прошла информационно-образовательная акция
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
О ремонтах в ЦРБ и поставках нового медоборудования рассказали в Брестском облисполкоме
-
Мастер-классы для будущих художников и музыкантов прошли в Каменце