Ёсць адзін вельмі цікавы псіхалагічны тэст. Чалавеку прапаноўваецца, не задумваючыся, назваць тры любыя прыметнікі, якія характарызуюць мора. Ласкавае, пяшчотнае, цёплае… Шчаслівы той, хто агучыць гэта трыа, бо такімі словамі ён адначасова апіша сваё жыццё, нездарма яго здаўна параўноўваюць з морам. А калі жыццё – мора, то мы, людзі, будуем кожны сваю лодку, каб плыць да пэўнай мэты. І пашчасціла таму, хто знайшоў чалавека, з якім так добра і радасна будаваць адну сямейную лодку на дваіх, а потым плыць у ёй па хвалях і не баяцца буры…
Алене Казарэз у гэтым сэнсе пашанцавала. У яе ёсць цудоўны муж Іван, з якім ужо 7 гадоў яны дзеляць усё ў жыцці напалам. Першая іх сустрэча адбылася ў адным з калідораў Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, дзе яна вучылася на педагагічным факультэце (выкладанне з ухілам у выяўленчае мастацтва), ён – на фізкультурным. Гэта быў, напэўна, лёс, бо інакш як Алена, што нарадзілася ў г.Масты, і камянчанін Іван знайшлі б дарогу адзін да аднаго?
Першым дыплом атрымаў малады чалавек і па размеркаванні паехаў працаваць дадому (спярша настаўнічаў у адной са школ раёна, а потым – у райцэнтры). А Алена годам пазней знайшла першае рабочае месца ў раённым цэнтры пазашкольнай работы ў Мастах, дзе стала метадыстам, арганізатарам аддзела тэхнічнай і дэкаратыўнай творчасці. Аднак, гэта зусім не азначала, што закаханыя забыліся адзін пра аднаго. Наадварот. Тэлефонныя званкі, паездкі ў госці і сумесныя падарожжы дапамагалі пераносіць разлуку. А потым Іван атрымаў другую вышэйшую адукацыю ў камандна-інжынерным інстытуце ў Мінску і пасаду ў Камянецкім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. У 2005 годзе ён папрасіў рукі Алены і адразу ж перавёз будучую жонку ў Каменец. Спярша ёй давялося працаваць кіраўніком фізічнага выхавання ў дзіцячым садку, выхавацелем групы падоўжанага дня ў СШ №1, а ў 2010-м работа, звязаная з любімым выяўленчым мастацтвам, сама знайшла жанчыну. Яна была тады яшчэ ў дэкрэтным водпуску (дачушка Сонечка нарадзілася ў 2008-м), але адмовіцца ад вельмі цікавай прапановы дырэктара дзіцячай школы мастацтваў Мікалая Краўчынскага не змагла. І не шкадуе. Сёння Алена Казарэз – настаўніца ў класе выяўленчага мастацтва.
Маладая сям’я жыве пакуль з бацькамі мужа, але ў хуткім часе будзе дабудаваны іх прыватны домік, у якім так утульна размесцяцца і бацькі, і маленькая Сонечка, якая ўжо ходзіць у дзіцячы садок. Збірацца за адным сталом Казарэзам ўдаецца не так часта, бо графікі іх работы рэдка супадаюць, а якая непрадказальная работа ў МНС-нікаў, кожны ведае (Іван камандуе аддзяленнем). Кожны раз, калі атрымліваецца правесці час разам, ён ператвараецца ў свята. З задавальненнем ездзяць на розныя фестывалі, у заапарк у Гродна, у Камянюкі, на радзіму жонкі, дзе купаюцца ў Нёмане. Вада – гэта, увогуле, вялікая любоў усёй сям’і. Нават дачушка любіць паплёхацца, а з часам і яна паплыве, як рыбка, навучыўшыся ў бацькоў. Карацей кажучы, жыве сям’я. А ў аснове яе, па словах Алены, павінны быць ўзаемапаразуменне, дабрыня, цёплыя адносіны, павага і здольнасць саступаць. Тады сямейная лодка ніколі не саб’ецца з курсу. А курс адзін – да шчасця.
Настасся НАРЭЙКА.
Фота з сямейнага архіва Казарэзаў
Это может быть интересно:
-
Районный день охраны труда прошел сегодня на Каменетчине
-
Шикарный гол Романа Козела приносит «нивчанам» важнейшую победу в Витебске
-
Брестские следователи разоблачили мошенника из Каменецкого района
-
ЗАСЕДАНИЕ РАЙОННОГО ИСПОЛНИТЕЛЬНОГО КОМИТЕТА ПРОШЛО СЕГОДНЯ
-
Выбытие скота остается под контролем прокуратуры Каменетчины