У розных камянецкіх арганізацыях працаваў Анатолій Яшчук, найбольш (12 гадоў) у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Цяпер вось, ужо чацвёрты год, – у райаграсэрвісе. Агульны працоўны стаж Анатолія Аркадзьевіча складае больш за 30 гадоў, прычым, нязменна выконваў аднолькавыя абавязкі – электрагазазваршчыка.
Усё пачалося з таго, што да службы ў арміі закончыў па гэтай спецыяльнасці адпаведнае брэсцкае вучылішча №65. Мяняць прафесію не хацеў – лепш рабіць заўжды тое, што як след асвоіў.
– Самыя добрыя словы магу сказаць аб Анатолію і як пра спецыяліста, і як пра чалавека, – сказаў начальнік аддзела аўтатранспарту ААТ “Камянецкі райаграсэрвіс” Рыгор Кавальчук. – Працуе ён па вышэйшым (пятым) разрадзе, умелы, дысцыплінаваны…
Размаўляю з Анатоліем Яшчуком на яго рабочым месцы. Ён сціпла зазначае, што тут на рамонце тэхнікі такі ж вопытны і яго калега электрагазазваршчык Сяргей Кучынскі.
Расказаў Анатолій і пра сваю сям’ю: жонка, два сыны і дачка, дзве ўнучкі і ўнук. Так што адну мужчынскую справу выканаў – наконт таго, каб выгадаваць наследніка. Не адно дрэва, а сад ля ўласнага дома пасадзіў з сынамі. А наконт пабудовы дома…
– Не першы год будую, пэўна, хутка закончу, – усміхаецца Анатолій. – Не хапае і часу, і сродкаў. Але той уласны дом на вуліцы 1 Мая пад дахам ужо…
Дарэчы, родам Анатолій – з Гарадзішча. Прывык жыць у вясковай хаце. Таму, відаць, і прадаў сваё жытло ў шматкватэрным доме. Тут жа і двор свой – з садам, агародам, сам сабе гаспадар… Так лічыць Анатолій Яшчук – умелы працаўнік, добры сем’янін, добразычлівы мужчына ў росквіце сіл і, як мне падалося пасля гутаркі з ім, аптыміст па натуры. А з верай у будучыню можна не толькі тры, а яшчэ многа слаўных спраў зрабіць. І на карысць сваёй сям’і, і дзеля Айчыны.
Георгій ПАРАФЯНЮК
Фота Міколы ШУМА
Это может быть интересно:
-
БДИТЕЛЬНЫЙ СОСЕД СПАС НА ПОЖАРЕ В ВЫСОКОМ СОСЕДКУ
-
«Здравствуй, Россия»: высоковчане приняли участие в проектной школе
-
Награды лучшим высоковчанам вручили сегодня в парке
-
Выставка раритетных автомобилей развернулась на площади в Высоком
-
Фоторепортаж. Стал известен обладатель Кубка города Высокое по футболу