14 ліпеня прайшлі матчы чарговага тура чэмпіянату раёна па футболе.
Цэнтральным паядынкам бачылася супрацьстаянне паміж лідарамі – “Нівай” (што, думаю, нікога не здзіўляе) і “Ставамі”, якія на старце добра пашумелі. Вочная дуэль павінна была расставіць усе кропкі над “і”. У першую чаргу, наколькі каманда са Ставаў гатова змагацца за чэмпіёнства. Гульня з “Нівай” паказала, што пакуль замахвацца на такі высокі вынік яшчэ рана. А вось пазмагацца за другое-трэцяе месцы будзе ў самы раз. Праўда, і канкурэнцыя ўжо значна большая (бадай, кожная з каманд). А хто казаў, што будзе лёгка? Галоўнае, каб запалу хапіла. Што датычыцца непасрэдна выніку матча, то перамагла “Ніва”. Абураныя паражэннем у мінулым туры ад “Высокага” “ніваўцы” выплюхнулі ўвесь негатыў на гасцей. Прычым, гульня скончылася з даволі знаёмым лікам 5:0 (у чацвёртым туры той жа “Ніве” аналагічна саступіў “Аграпрадукт”). Галамі адзначыліся Дзяніс Піліпчак, Дзмітрый Немцаў, Аляксандр Давідзіч і Марат Мазур (двойчы). Тэндэнцыя. Паглядзім. У наступным туры “Ніве” прыйдзецца гуляць яшчэ з адным парушальнікам спакою – “Камянецкай пушчай”. Але, як бачна, “ніваўцы” ўмеюць здымаць скальпы з найбольш назойлівых канкурэнтаў. Ці пройдзе такі ж нумар з “пушчанцамі” – пабачым. У сваю чаргу ў шостым туры “Камянецкая пушча” без праблем разабралася з аўтсайдарам чэмпіянату – “Доўбізна”. У “пушчанцаў” зноў саліраваў Дзмітрый Асташэня. Нападаючы змог паўтарыць свой рэзультатыўны поспех, шэсць мячоў за гульню, які быў зафіксаваны ў першым туры. Яшчэ адзін мяч на рахунку Васілія Пашкевіча. Такім чынам, у турнірнай табліцы ўсталявалася двоеўладдзе, якое, магчыма, рухне ўжо заўтра.
Яшчэ ў адной гульні тура “Агра-Зарэчча” прымаў “Высокае”. Вынік сустрэчы вырашыў адзін гол. У другім тайме высакаўчане пакінулі Сяргея Шульжыка аднаго ў межах штрафной. З убойнай пазіцыі юнак не прамахнуўся. Шчыра кажучы, мог Сяргей забіваць і да перапынку, але яго ўдар прыйшоўся ў перакладзіну.
ВЫНІКІ: “Доўбізна” – “Камянецкая пушча” – 0:7, “Ніва” – “Ставы” – 5:0, “Агра-Зарэчча” – “Высокае” – 1:0.
Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.
Это может быть интересно:
-
46-Й РАЙОННЫЙ СЛЕТ-КОНКУРС ЮНЫХ ИНСПЕКТОРОВ ДОРОЖНОГО ДВИЖЕНИЯ ПРОХОДИТ В КАМЕНЦЕ
-
Освящение пасхальных куличей пройдет в Каменце
-
В «Беловежских сырах» проверили знания истории Великой Отечественной войны
-
КОЛЛЕКТИВ «КАТРЫНКА» ПОДТВЕРЖДАЕТ СВОЕ ВЫСОКОЕ ЗВАНИЕ
-
Об истории, сфере здравоохранения и иных насущных вопросах говорили сегодня в Высоком