Торг дарэчы…

P6197823Даўно вядома, што ў ягадна-фруктовы сезон самае свежае – на рынку, у прыватніка. І хоць гандлёвыя прылаўкі нашых рынкаў ніяк не параўнаеш з брэсцкай “колхозкой”, але калі пільна патрэбны кілаграм-другі парэчак ці вішні, бо свае не ўрадзілі ці гаспадар кватэры ўвогуле не “загружае” сябе загарадным домікам, дык найперш узнікае імкненне наведацца на рынак. Хай сабе і сціплы…

У Каменцы ён прыблізіўся ў літаральным сэнсе слова да пакупніка: летась побач з універсамам, у мікрараёне шматпавярховай забудовы, быў адкрыты міні-рынак пад дахам для гандлю сельгаспрадукцыяй. Прадаўцам, а гэта ў асноўным пажылыя людзі, тут зручна ў любое надвор’е, ды і пакупнікі не прамінуць зазірнуць сюды па дарозе з магазіна дадому. Найбольш шматлюдна напрыканцы рабочага дня і ў выхадныя, да тых “патокаў” наведвальнікаў рынку падладжваюцца і прадаўцы, таму зранку іх тут менш.

Гаспадыня рынка Наталля Алейнікава (пад яе прыватнай апекай лінейка магазінаў “Гермес”) зазначае:

– Калі летась адкрывалі міні-рынак, спадзяваліся на большую актыўнасць гаспадароў прыватных падвор’яў. Маю на ўвазе пажаданні гараджан купіць больш раннюю агародніну, прыйсці на рынак па зяленіва і агуркі значна раней, чым яны масава з’явяцца на градках. Значнага разрыву пакуль няма. Летам прылаўкі, разлічаныя на 15-20 месцаў, звычайна заняты. І калі на цэнтральным рынку, што ля магазіна “Мэбля”, найбольш пакупнікоў раніцай, дык у нас – пад вечар, калі людзі вяртаюцца з работы, мікрараён жа “спальны”. Адметная асаблівасць нашага міні-рынка – гандлёвыя месцы прадастаўляем бясплатна. Праўда, зімой і тая важкая прэферэнцыя не спрацоўвае – за прылаўкамі пуста. А з надыходам цяпла зноў з’явіліся жадаючыя прадаць тое, што са­мі вырасцілі, у тым ліку і расаду. Да таго ж гэта і магчымасць пажылому чалавеку пабыць сярод людзей, мець да пенсіі “лішні” рубель, а нам – вярнуцца ў кватэру з пакетам дамашняй агародніны.

Дзеля справядлівасці зазначу, што на цэнтральным камянецкім рынку, які пад апекай райспажыўтаварыства і дзе створаны самыя неабходныя зручнасці (ёсць туалет, праточная ва­да), плата невысокая: за 1 пагонны метр прылаўка – 5 тыс. рублёў, калі змесціцеся на паўметры, – удвая менш. Штогод ёсць тут і пастаянныя арандатары некалькіх гандлёвых месцаў…

Дарэчы, цяпер можна купіць клубніцы (15-20 тыс. рублёў за 1 кг), чарэшні (10 тыс.), агуркі (6-9 тыс.), капусту (ад 5 тыс.), дамашнім водарам хваляцца кроп і зялёная цыбуля – за пучок просяць да 3 тыс. рублёў, з’явілася маладая бульба (не польская, а свая, “вясковая”, праро­шчваць якую пачалі ў хаце яшчэ ў лютым,– 10-15 тыс.) Тавар тутэйшы, дарога да прылаўка недалёкая.

У Высокім для гандлю агароднінай і садавінай абсталяваны невялікі навес у даволі людным месцы – на гарадской плошчы, паміж “Кулінарыяй” і бістро. Але нярэдка бабуль-P6197810прадавачак з ягадна-агароднінным скарбам можна ўбачыць на тратуары ля прыступак магазінаў. Вядома, – жаданне прадаць напэўна і як найхутчэй. У той жа час пад вышэйзгаданым навесам ёсць прылавак, лаўка – застаецца толькі “прывучыць” пакупнікоў да пастаяннага, адзінага месца гандлю, якое відаць здалёк. Ва ўнітарным гандлёвым прадпрыемстве “Высокаўскае” называюць яшчэ адзін варыянт: ніхто не будзе супраць, калі прадукцыю са свайго агарода і сада будуць прадаваць на рынку ля Дома культуры. Але гэта наўрад ці мае якія шансы на жыццяздольнасць, бо на гарадской плошчы ўсё ж больш шматлюдна.

Попыт нараджае прапанову. І калі ў тым жа Высокім, дзе больш за 5 тыс. жыхароў, штодня некалькі бабуль выходзяць на вуліцу з тым, што спее ў іхнім садзе-агародзе, значыць, камусьці гэта трэба, пакупнік знаходзіцца. І, мабыць, настаў час зрабіць той невялічкі навес ў цэнтры горада больш прывабным, магчыма, каб стаў, як сёння кажуць, малой архітэктурнай формай, своеасаблівым упрыгажэннем плошчы, астраўком дамашнасці, дзе можна купіць і пучок (толькі з градкі) пятрушкі, і са смакам пагутарыць за жыццё. А торг тут заўжды дарэчы.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы Шума.

Добавить комментарий