Ранейшая праблема з працаўладкаваннем у Высокім з амаль шасцітысячным насельніцтвам паступова змяняе сваё “аблічча” да лепшага. Дзякуючы ў тым ліку і таму, што нямала збудаванняў вытворчага прызначэння, якія пуставалі, набылі ва ўласнасць ініцыятыўныя людзі, змаглі стварыць рабочыя месцы не толькі для сябе. Так, выкуплены ўжо амаль усе памяшканні былога камбіната электратэхнічных вырабаў (на слыху скарочаная назва – КЭТИ). Тут наладжаны работа швейнага цэха, выраб штучных кветак і вянкоў, запатрабаваны складскія памяшканні.
Ужо шэсць гадоў без прастояў працуе цэх па выпуску кардоннай тары (ТАА “РаптарКам”), якою забяспечваюць буйныя прадпрыемствы Брэстчыны. У цэху заняты сямёра рабочых.
Амаль па суседстве – будынак былога абменнага пункта райаграпрамтэхнікі, які не так даўно стаў уласнасцю ТАА “Белмінералгруп” (дырэктар Аляксандр Кужэльны). Сюды ўжо падведзены прыродны газ. Цяпер ідзе мантаж абсталявання (дарэчы, украінскай вытворчасці) для вырабу базальтавага супертонкага валакна. Вытворчасць яго наладжваецца ў Беларусі ўпершыню. Зыходная сыравіна – шчэбень базальту, які пры тэмпературы 1430 С ператвараецца ў вадкую масу; з яе і атрымліваюць мінеральныя ніці таўшчынёй з волас, а на выхадзе – экалагічнае нятканае палатно. Яно патрэбна для ўстановак з высокімі тэмпературамі, у т. л. у бытавых газавых плітах. Базальтавы шчэбень будуць дастаўляць з Валыні, і патрабуецца яго не надта многа. Сюды на работу запросяць 16 чалавек…
Нядоўга, пэўна, засталося да таго часу, калі ажывуць цэхі харчовага завода (так высакаўчане па звычцы называюць прадпрыемства “Высокавае”). Пасля працяглага зацішша ім ушчыльную зацікавіліся бізнесмены. Права арэнды цяпер атрымлівае адна з вытворчых харчовых кампаній. На першым часе тут плануюць 20 рабочых месцаў.
Другое жыццё атрымае адметны будынак старога млына, які ўжо стаў набыткам прадпрымальнага брастаўчаніна. Ён збіраецца стварыць тут утульную мясціну для адпачынку. Да таго ж і Пульва недалёка. Былая сталовая сельгаскаледжа таксама шляхам публічных таргоў “знайшла” свайго гаспадара. Ім стаў высакаўчанін, тутэйшы прадпрымальнік, які плануе наладзіць сваю вытворчасць…
Так, многае з гарадской нерухомасці ўжо раскуплена. Але для тых, хто і сёння шукае сваю рынкавую нішу, старшыня Высокаўскага гарвыканкама Мікалай Сачык назаве яшчэ не адзін аб’ект, які зачакаўся дбайнага гаспадара.
На аўкцыён будзе прадстаўлены будынак былога цэха забою жывёлы. Былой кацельняй ЖКГ па вул.Савецкай ужо зацікавіліся – яе чакаюць першыя таргі. Гэтак жа публічна з часам будзе прададзены і дом, у якім некалі жыла абслуга палаца Сапегаў. У тым жа пераліку і мураваны будынак былога кляштара баніфратараў…
Не пашанцавала, на жаль, вытворчым плошчам былога завода жалезабетонных вырабаў. Не адзін дзясятак гадоў тут пануе цішыня. І хоць тая нерухомасць гадоў пяць ужо належыць ТАА “Агра-бетон”, але ніякіх зрухаў па яе рэанімацыі не назіраецца.
Нямала цікавых аб’ектаў для прадпрымальных на тэрыторыі былой ПМК-15. Адміністрацыйны будынак ужо стаў уласнасцю ААТ “Александрыя-Агра” – тут пасля рэканструкцыі будуць восем 1-пакаёвых кватэр для работнікаў гаспадаркі. На другія таргі выстаўлены сталярны цэх, піларама, склад (1-ы лот) і гаражы (2-і лот). Не сакрэт, што з кожнымі таргамі стартавая цана істотна зніжаецца. Але ў той жа час больш верагодныя і канкурэнты.
Старадаўні сядзібна-паркавы комплекс Сапегаў-Патоцкіх доўга чакаў людзей, якія ўдыхнулі б у яго другое жыццё. Уласнікам стала мінская фірма “НВ-сэрвіс”. Цяпер вядуцца праектныя работы. Працу тут таксама знойдуць высакаўчане.
У самым заходнім горадзе Беларусі – Высокім – значныя перамены. Многія з іх яшчэ ў зародку, пакуль нябачныя. Але горад паступова маладзее, хваліцца новымі дахамі, тратуарамі, абноўленымі вуліцамі і замкавай сцяной, арыгінальнай лесвіцай ў парку…
Галіна НОВІК.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Освящение пасхальных куличей пройдет в Каменце
-
Народный контроль: общественная приемная работает в Брестском областном объединении профсоюзов
-
Картошка на контроле: как на Каменетчине следят за качеством и ценой
-
Каменецкий кубок чистоты 2025: БРСМ и БРПО объединились в борьбе за чистоту
-
11 апреля – Международный день освобождения узников фашистских концлагерей