Толькі ўперад!

DSCF0936Хутчэй, вышэй, мацней – менавіта гэтыя тры словы адлюстроўваюць дэвіз Алімпійскіх гульняў сучаснасці, менавіта гэтыя тры словы жывуць у сэрцах мільёнаў людзей па ўсім свеце, і навучэнцы Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійна-тэхнічнага каледжа не выключэнне.

З 29 студзеня тут стартаваў зімовы кубак па міні-футболе. У ім прынялі ўдзел 14 вучэбных груп. У суме было згуляна 29 матчаў. Пераможцам стала група 134, другое месца – у групы 60Т, трэцяе – у групы 59Т. Каманда-пераможца ўзнагароджана дыпломам і пераходным кубкам, каманды-прызёры адзначаны дыпломамі. Таксама дыпломы ў розных намінацыях атрымалі Аляксей Мальчук (лепшы малады ігрок), Сяргей Хахлоў (лепшы варатар), Сяргей Зарэцкі (лепшы абаронца), Ігар Баневіч (прыз глядацкіх сімпатый). Лепшым нападаючым турніру стаў Дзмітрый Гуркін, які забіў 16 галоў.

З 16 студзеня па 18 лютага ў стралковым ціры каледжа праводзіліся спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай зброі, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны. У іх прынялі ўдзел 60 вучняў. Пераможцамі сярод юнакоў сталі Дзмітрый Выгоўскі і Аляксандр Заяц, якія набралі з пяці стрэлаў 45 ачкоў. Сярод дзяўчат перамогу святкавала Лізавета Олендзер (42 ачкі).

З 19 па 21 лютага на першым паверсе інтэрната ў зале атлетычнай гімнастыкі праводзіліся спаборніцтвы па сілавым трохбор’і (станавая цяга, прысяданне са штангай, жым штангі лежачы). Пераможцам стаў навучэнец трэцяга курса Раман Пясецкі, які ў суме падняў 445 кг, на другім месцы – Ігар Галямаў (391 кг), на трэцім – Мікалай Церашчук (336 кг).

Напярэдадні 8 сакавіка на базе каледжа праводзіўся вясновы кубак па баскетболе. Прыняць удзел у спаборніцтвах пажадалі тры каманды: Высокаўскі каледж, «Праваслаўныя браты», «Зборная ветэранаў баскетбольнага руху горада Высокае». Усе гульні былі займальнымі, відовішчнымі і ўпартымі. У першым матчы сустрэліся «Праваслаўныя браты» і зборная каледжа – перамога за навучэнцамі (56:42). У другім – «Праваслаўныя браты» ў апошняй чвэрці з лікам 44:40 вырвалі вікторыю ў зборнай Высокага. У трэцім – Высокаўскі каледж таксама пераадолеў зборную Высокага (48:42). У выніку першае месца выйграла каманда Высокаўскага каледжа, другое – «Праваслаўныя браты», трэцяе – зборная ветэранаў Высокага. Пераможца ўзнагароджаны кубкам, прызёры – дыпломамі.

З 2 па 5 красавіка каманда юнакоў Высокаўскага каледжа па міні-футболе адстойвала гонар навучальнай установы ў занальных абласных спаборніцтвах. Атрымаўшы чатыры ўпэўненыя перамогі, яны выйшлі ў фінал, які пройдзе ў г. Маларыта з 16 па 19 красавіка.

Сяргей ГУК, кіраўнік фізічнага

выхавання Высокаўскага каледжа.

Добавить комментарий