Жыццё – па адвечным крузе. І хоць лютаўскія маразы ўзяліся не на жарт, думкі гаспадарнікаў ужо аб вясне: не прамарудзіць бы на пачатку яе з падрыхтоўкай глебы, апрацоўкай азімых, сяўбой яравых… Уся надзея – на тэхніку.
Аб тым, якой будзе лінейка гатоўнасці яе,– гутарка з начальнікам аддзела механізацыі райсельгасхарча А.А. Пыжыкам.
– Аляксандр Аляксандравіч, наколькі актуальнай для сельгасарганізацый раёна застаецца праблема тэхнічнага пераўзбраення?
– Гэтае пытанне амаль ніколі не знікае, бо неабходна адпавядаць найноўшым тэхналогіям, а ў сельскай гаспадарцы – асабліва. Калі б абнаўленне тэхнікі і летась працягвалася такімі ж тэмпамі, як у 2009-2010 гадах… Аднак у 2011-м паступленне новай тэхнікі спынілася. Добра, што паспелі цалкам абнавіць парк зернеўборачных камбайнаў. А вось недахоп энерганасычаных трактароў адчуваюць у “Агра-Ніве”, што яскрава пацвердзіла леташняя азімая сяўба, калі давялося звяртацца па дапамогу да суседзяў. Зусім не лішнімі былі б такія трактары для “Агра-Зарэчча”, “Усхода-Каменца”, “Макарава-Агра”, “Відамлянскага”. Сучасныя ж глебаапрацоўчыя, камбінаваныя сеяльныя агрэгаты ёсць ва ўсіх гаспадарках – неабходна толькі падтрымліваць іх у адпаведным стане.
– Машынна-трактарны парк значна абноўлены. Гэта знімае ранейшую напружанасць рамонтна-падрыхтоўчых работ?
– Даць станоўчы адказ не магу, бо новыя машыны – больш складаныя, больш дарагія, нямала замежных. Таму, каб падтрымліваць іх у належным стане, неабходны значныя сродкі, у тым ліку і на імпартныя камплектуючыя. Акрамя тэхнікі, выдзяляемай паводле дзяржпраграмы, гаспадаркі за ўласныя сродкі набылі і замежную: касілкі шыроказахопныя, пагрузчыкі тэлескапічныя, машыны для нарыхтоўкі сенажу ў плёнцы і іншае.
Дзяржаўная праграма па забеспячэнні гаспадарак сучаснай тэхнікай у нейкай меры разбалавала гаспадарнікаў: падлічылі, што заплаціць першапачатковы ўзнос за новую тэхніку – гэта больш танна, чым рамантаваць яе. Вось і былі дзе-нідзе незапатрабаваныя амаль новыя сельгасмашыны, а цяпер іх трэба даводзіць да ладу.
– Вядома, у кожнай з гаспадарак імкнуцца абысціся сіламі сваіх рамонтнікаў, каб максімальна сэканоміць сродкі. Тым не менш, наколькі запатрабавана дапамога абслугоўваючых арганізацый?
– Лічу, што паслугі райаграсэрвіса ў рамонце камплектуючых, глебаапрацоўчай тэхнікі, поўнакамплектных машын і іншага былі б больш запатрабаваныя, калі б прадпрыемства больш “назойліва” прапаноўвала іх. Патэнцыял гэтай арганізацыі значна шырэй, чым выкарыстоўваецца, а якасць рамонту даволі высокая; нездарма ж у райаграсэрвіс адпраўляюць тэхніку, якую не могуць адрамантаваць самі, і тут яна атрымлівае другое жыццё.
– Штогод на падрыхтоўку тэхнікі да веснавых работ выдаткоўваліся бюджэтныя сродкі. А як сёлета?
– Калі раней выдзялялі грошы з бюджэту, дык цяпер – толькі крэдытныя рэсурсы. Наш раён атрымаў 1,5 мільярда рублёў. З іх 1 мільярд ужо асвоены гаспадаркамі – на тыя сродкі куплены запчасткі. На тыя ж мэты скарыстаны 1,8 мільярда рублёў уласных грошай сельгасарганізацый. Аднак, гэтага недастаткова, бо для веснавой кампаніі патрэбна 4 мільярды. Спадзяемся, што будзе выдзелены яшчэ адзін крэдытны транш.
– Якія з гаспадарак, на ваш погляд, першымі прадставяць сваю тэхніку на лінейку гатоўнасці?
– Увогуле з графіка рамонтных работ не выходзім, адрамантавана ўжо 80 працэнтаў тэхнікі да неабходнага. Амаль завершана гэта работа ў “Александрыі-Агра”, “Агра-Ніве”, не марудзяць у “Белавежскім”, някепска арганізаваны рамонт у “Новым шляху”, дзе паклапаціліся аб умацаванні гаспадаркі кадрамі…
– Праблема кадраў… Яна не знікае?
– Найбольш стабільныя калектывы механізатараў склаліся ў “Александрыі-Агра” і “Каленкавічах”. Недастаткова іх у “Стаўскім”,”Камянецкай Пушчы”, “Агра-Ніве”, “Агра-Турне”, “Агра-Зарэччы”… Вядома, многае залежыць ад таго, які заробак, наколькі своечасова атрымлівае механізатар запчасткі і тым самым задзейнічаны ў рабоце, якія бытавыя ўмовы створаны яму ў час рамонту, як забяспечваецца спецадзеннем… На жаль, недастаткова ўвагі моладзі. Юнакі пасля службы ў арміі рэдка вяртаюцца на працу ў гаспадарку. А між тым сучасная тэхніка, аснашчаная электронікай, патрабуе і сучасных ведаў, сярэдне-спецыяльнай адукацыі, дадатковага навучання, якое праводзяць дылерскія і сэрвісныя цэнтры заводаў-вытворцаў.
Што датычыць інжынернай службы, дык вакансій быццам бы і няма, але… Летась у 6-і гаспадарках з 14-і змяніліся галоўныя інжынеры. Больш за 5 гадоў працуюць у раёне толькі чацвёра, у асноўным – мясцовыя. У “Агра-Турне”, напрыклад, галоўныя інжынеры змяняюцца кожныя два гады…
Пажаданні вядомыя: мэтанакіраваная работа з моладдзю павінна пачынацца яшчэ ў школе, бо самыя надзейныя спецыялісты – тутэйшыя. Маладыя людзі павінны мець важкія сацыяльныя гарантыі, магчымасць вучыцца завочна, цікава праводзіць вольны час, стварыць сям’ю. Тады, пэўна, не будзе патрэбы і жадання шукаць “долю” далёка ад дома.
Гутарыла Галіна НОВІК
Это может быть интересно:
-
Департамент охраны приглашает принять участие в республиканском конкурсе творческих работ
-
Стало известно, что изменится в Беларуси с октября
-
Гость нового выпуска программы “Марков. Ничего личного” — РОМАН ПРОТАСЕВИЧ
-
Чем будут вакцинировать белорусов против гриппа и COVID-19 этой осенью
-
Делегация Беларуси во главе с Рыженковым посетит Нью-Йорк для участия в мероприятиях Генассамблеи ООН