Напярэдадні 17 верасня ў нашай школе адбылося шмат цікавых падзей: урачыстая лінейка, дзе вучні разам з настаўнікамі выконвалі гімн, выпуск плакатаў з нагоды свята, тэматычныя інфармацыйныя і класныя гадзіны, прагляд відэаролікаў, напісанне рэспубліканскага дыктанта, майстэрня “Таямніцы беларускага арнаменту”.
А ўвесь наступны тыдзень наша школа ўдзельнічала ў шэрагу займальных мерапрыемстваў, прысвечаных роднай мове. Тыдзень роднай мовы – гэта быў працяг свята Дня народнага адзінства. А таму хацелася, каб і тыдзень, калі вучні будуць далучаны да таямніц роднай мовы, таксама быў святочны. Хацелася, каб вучні ўпэўніліся, што беларуская мова можа быць вясёлай, гуллівай, моднай, каларытнай, адметнай, цікавай.
На працягу тыдня у школе працавала выстава “Сэрцам роднага слова краніся”, дзе былі размешчаны навінкі школьнай бібліятэкі, на перпынках гучалі беларускія песні ў выкананні сучасных беларускіх гуртоў, ў фае першага паверха школы была наладжана выстава “Мой родны кут…” Вучні і настаўнікі ўдзельнічалі ў афармленні паштовак “Пажаданні роднай мове” . А на лінейцы, якой распачаўся тыдзень, было вырашана, што фізкультхвілінкі на ўсіх уроках будуць праводзіцца толькі на беларускай мове.
Закончыўся тыдзень літаратурнай сустрэчай “Моладзь чытае” з выкананнем любімых вершаў беларускіх паэтаў, дзе гучала ўзорная літаратурная беларуская мова.
А калі адкрылі скрынку з “Пажаданнямі роднай мове”, у якую на працягу тыдня дасылаліся паштоўкі роднай мове, было зразумела, што наша мова – наш гонар, і наша песня, бо жадалі ёй вучні квітнець, не ўміраць, развівацца і жыць у сэрцы кожнага беларуса.
Падводзячы вынік, хочацца зазначыць, што не засталося абыякавых, што ўся школа з радасцю і задавальненнм прыняла ўдзел у наладжаных мерапрыемствах, а гэта значыць, што лёс нашай мовы ў надзейных руках маленькіх грамадзян нашай краіны.
Людміла Лойкуц,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Пелішчанскай сярэдняй школы.