Граматная. Начытаная. Нешматслоўная. Адказная. Чатыры прыметнікі, з якіх пачалося маё знаёмства з Таццянай Прымаковіч, якая працуе старшым фельчарам аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Высокаўскай гарадской бальніцы. Так характарызуюць сваю супрацоўніцу калегі, якіх яна можа лічыць сапраўднымі сябрамі.
У 1999 годзе Таццяна Вітальеўна скончыла медыцынскі каледж у сваім родным Пінску, атрымаўшы адразу два дыпломы з адзнакай! Фельчар і медыцынская сястра – вось якімі спецыяльнасцямі авалодала адначасова гэта працавітая і таленавітая жанчына.
Па размеркаванні яна прыехала ў Высокае і да 2013-га працавала медсястрой у хірургічным аддзяленні мясцовай бальніцы, дзе зарэкамендавала сябе, як цудоўны спецыяліст. Два гады таму перайшла на сённяшнюю сваю працу, бо аддзяленне закрылася.
У абавязкі старшага фельчара ўваходзіць складанне графікаў дзяжурства, прычым, сама Таццяна Вітальеўна таксама ездзіць на выклікі. Дзве брыгады “хуткай дапамогі” выязджаюць да пацыентаў днём, адна – ноччу. Пад іх абслугоўванне трапляе ўся Высокаўская зона раёна, а гэта – 14 тысяч чалавек. І кожны, калі набірае “103”, спадзяецца на кампетэнтную дапамогу, а таксама на чулае, цёплае слова, без якога нават самыя моцныя лекі – не лекі.
Цікаўлюся, якімі прынцыпамі кіруецца Таццяна Вітальеўна ў паўсядзённай рабоце.
– Імкнуся цвяроза ацаніць сітуацыю, дапамагчы чалавеку не толькі як доктар, але і як псіхолаг. Галоўнае – быць чулай, адчуваць чужы боль.
Таленты Таццяны Прымаковіч ацэнены і на раённым узроўні. Некалі яна ўдзельнічала ў конкурсе “Лепшая медсястра” і заняла ў Высокім першае месца, а ў раёне – трэцяе. Гэта і не здзіўляе. Мне здаецца, нават ад фатаграфіі жанчыны сыходзіць незвычайнае цяпло. А непасрэдныя зносіны з ёю – самі па сабе лекі для хворага чалавека.
У Высокім склалася таксама і сямейнае жыццё маёй гераіні. Тут яна пазнаёмілася з будучым мужам Васіліем. Ён працуе на “Савушкіным прадукце” ў Брэсце. Растуць у сям’і двое дзетак: пяцігадовы Косця і дванаццацігадовая Люда. А гэта азначае, што і на рабоце, і дома ўсё ў парадку.
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Республиканский профсоюзный правовой прием граждан состоится 27 февраля
-
Здоровье — наша главная ценность: в СШ №2 г. Каменца прошла информационно-образовательная акция
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
О ремонтах в ЦРБ и поставках нового медоборудования рассказали в Брестском облисполкоме
-
Мастер-классы для будущих художников и музыкантов прошли в Каменце