Там, куды паклікала душа

IMG_6135_новый размерРаіса Кулік працуе сацыяльным работнікам усяго толькі тры гады. Прыйшла ў сацыяльную службу літаральна з-за кухоннай пліты (была поварам у сталовай ААТ “Агра-Пелішча”). Што паклікала? Душа. Чулая, добрая, чалавечная…

Раіса Рыгораўна лёгка знаходзіць агульную мову з пажылымі людзьмі, падыход да кожнага з іх і цёплае слова, часам больш неабходнае, чым нейкія матэрыяльныя рэчы. Сёння “пад крылом” жанчыны 9 чалавек, якім патрэбны дапамога і клопат: адна бабуля са Стралёў, пажылая сямейная пара з Соснаў і шасцёра жыхароў Пелішча.

Сацыяльны работнік увесь час падтрымлівае сувязь са сваімі “падшэфнымі”, наведвае некалькі разоў на тыдзень. Купляе прадукты, гатуе, прыбірае ў кватэры, паліць печку, прыносіць ваду… Работа заўсёды знойдзецца. А, галоўнае, жанчына ніколі не адмовіць у размове, па якой так сумуюць людзі, што з той ці іншай прычыны амаль увесь свой час бавяць у вымушанай адзіноце.

– Усе яны вельмі добрыя, – расказвае Раіса Рыгораўна. – Клічуць мяне дачушкай, чакаюць з нецярпеннем, а гэта дарагога каштуе. Напрыклад, Ніна Сцяпанаўна Чыліевіч са Стралёў гаворыць, што знайшла ўва мне роднага чалавека…

Тры сыны Раісы Кулік таксама ў нейкім сэнсе сацыяльныя работнікі. Яны ахвотна дапамагаюць матулі, калі патрэбна падвезці да “падшэфных”, нарыхтаваць для іх дровы і брыкет да ацяпляльнага сезона, падкасіць траву ля хаты.

Цікаўлюся:

– Як думаеце, якія якасці патрэбны чалавеку, каб ён змог стаць сацыяльным работнікам?

– Дабрыня і чуласць. Трэба старацца зразумець чалавека, улічваць, што ў кожнага свае хваробы, праблемы, нервы. Напярэдадні нашага прафесійнага свята жадаю калегам моцнага здароўя, поспехаў у рабоце, а сваім падапечным да Калядаў зычу не старэць, не хварэць, дачакацца любімых дзяцей і ўнукаў у госці.

Фатаграфавацца для газеты Раіса Рыгораўна (на здымку злева) згадзілася разам з Інгай Мікалаеўнай Вяргун, якую наведвае ўжо 2 гады. Жанчына ахвотна расказвае пра свайго любімага сацыяльнага работніка:

– Мне яе парэкамендавалі – згадзілася і не пашкадавала. Варта толькі пазваніць ды паклікаць, адразу прыйдзе, дапаможа, выслухае. Цудоўны чалавек! І раней былі з Раісай Рыгораўнай знаёмыя, а цяпер увогуле сяброўкамі сталі.

Гэта на самой справе так. Да Новага года, напрыклад, Інга Мікалаеўна падрыхтавала любімаму сацыяльнаму работніку сувенір у падарунак – Дзеда Мароза…

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий