Там, дзе гаспадараць Ляшчукі

PICT0551Фермерская гаспадарка братоў Васілія і Мікалая Ляшчукоў (першыя сто гектараў зямлі атрымалі гадоў дзесяць назад) у ліку самых стабільных на Камянеччыне, хоць аднолькава залежыць ад умоў надвор’я, якасці насення, цэн… Прыярытэт аддаюць агародніне.

– Аднак з-за зацяжной вясны сёлета яна спее больш як на месяц пазней звычайнага, – удакладняе Васіль Іванавіч. – Толькі-толькі пачынаем рэалізоўваць капусту, буракі сталовыя, моркву, бульбу – вядомы Рэд Скарлет.

– А хто ваш асноўны аптовы “купец”?

– Цяпер – брэсцкая база “Плодаагародніна”. Прадукцыю дастаўляем у Брэст сваім транспартам. Раней, калі супрацоўнічалі з раённым каапнарыхтпрамгандлем, было больш зручна і нам, і нарыхтоўшчыкам. Але купленае імі ў фермераў не залічваецца у планы закупак – яны зацікаўлены ў закупах ад насельніцтва. Да нас звяртаюцца толькі ў выпадку асобай неабходнасці, як, напрыклад, летась было з цыбуляй…

– Ваша фермерскае поле – па-ранейшаму паўтары сотні гектараў?

– Не, мабыць, пашырыцца. Калі “ўтрасуцца” ўсе фармальнасці, восенню апрацуем яшчэ дадатковыя 80 гектараў. Тая зямля таксама недалёка ад Абяроўшчыны. Ад цяпліц мы амаль адмовіліся, уся агародніна ў адкрытым грунце. Нам з братам добра дапамагаюць нашы сыны. А вясной у полі наша найпершая памочніца – сучасная пнеўматычная сеялка дакладнага высеву; каштуе яна дорага, але аўчынка вырабу вартая – з дакладнасцю амаль да сантыметра, па адным зярняці, сеецца насенне розных культур.

– Ведаю, што раней планавалі ўвесці ў севазварот зерневыя…

– Так, гэта кукуруза. Летась атрымалі 100 тон зерня. Але былі праблемы з рэалізацыяй яго. Прадалі з дапамогай пасрэднікаў, якія таксама мелі кукурузнае зерне для рэалізацыі. Аднак, ні яны, ні мы дасюль не атрымалі грошы за тое зерне. Спадзяемся, што сёлета будзе па-іншаму.

– З якімі перапрацоўчымі прадпрыемствамі супрацоўнічаеце?

– Раней вельмі актыўна – з Кобрынскім агароднінакансервавым заводам. Яны бралі ў нас многа агуркоў, капусты, морквы, памідораў, кабачкоў. Цяпер, на жаль, перапрацоўка там спынілася.

– Наколькі адчувальная дапамога дзяржавы ў фермерскай справе?

– Сёлета яна вельмі значная: за кошт бюджэтных сродкаў былі забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі. Вядома, гэты важкі крок насустрач – адказ на тое, што летась дзяржаўным прадпрыемствам гандлю паставілі агародніны на паўтара мільярда рублёў. Акрамя таго, у нас бралі яе оптам і гандляры-прыватнікі. Увогуле, упэўнены, што агароднінай беларусы могуць забяспечыць сябе поўнасцю, каб не купляць замежную за валюту.

Галіна НОВІК.

Добавить комментарий