Тамара Дроздзік з Макарава – пра простую філасофію сацыяльнага работніка

«Мне з табою здаравей!» менавіта так гавораць падапечныя сацыяльнага работніка Тамары Дроздзік з Макарава, калі не хочуць адпускаць яе пасля чарговага наведвання іх дамоў, дзе дзякуючы спагадзе і добразычлівасці гэтай жанчыны становіцца святлей і цяплей. Гэта, думаецца мне, – лепшае тлумачэнне таму факту, што сёлета Тамара Сцяпанаўна занесена на Дошку гонару раёна…

Сацыяльным работнікам звычайна становяцца паводле паклікання душы – так склалася і ў жыцці маёй суразмоўніцы. Да 2005 года яна працавала на ферме ААТ “Макарава-Агра”. Тамару Сцяпанаўну ведалі як чалавека добразычлівага, адкрытага, каму- нікабельнага, здольнага знайсці агульную мову з людзьмі незалежна ад іх узросту. Сукупнасць гэтых якасцей і стала вырашальным фактарам, калі ў Макараве шукалі новага сацыяльнага работніка. Папярэдні – Марыя Целяпей – ішла ў заслужаны адпачынак і адразу ўбачыла ў Тамары Дроздзік вартую змену.
Мая суразмоўніца згадзілася на прапанову адразу ж і некаторы час была адзіным сацработнікам на ўвесь аграгарадок (цяпер іх 3). – Спярша людзі баяліся, адмаўляліся ад паслуг, якія магла ім аказаць. А раптам за гэта пенсію забяруць? А раптам дом адпісаць давядзецца?.. Трывожных думак у пажылых было многа, – прыгадвае Тамара Сцяпанаўна. – Старалася растлумачыць, супакоіць, ездзіла літаральна штодзень. Тады мае падапечныя жылі не толькі ў Макараве – дабіралася на веласіпедзе і ў Вульку, і ў Зарэчча. У рэшце рэшт атрымалася наладзіць кантакт.
Сёння ў Тамары Дроздзік сямёра падапечных. Ёсць сярод іх і сямейная пара – Васіль Васільевіч і Ірына Міхайлаўна Руцкія, да якіх сацыяльны работнік прыходзіць тройчы на тыдзень.

– Добра, што яны ёсць адзін у аднаго,
– дзеліцца мая суразмоўніца. – Падтрымка роднага чалавека дарагога каштуе. Калі нехта з суджэнцаў ляжыць у баль ніцы, напрыклад, другі заўсёды хвалюецца, перажывае. Я і сама стараюся наведаць…

Іншыя падапечныя Тамары – адзінокія. Да іх яна прыходзіць 2 ці 3 разы на тыдзень, за выключэннем толькі Надзеі Касянік, да якой завітвае штодзень. Бабуля перанесла інсульт, але аптымізму не губляе. Ды з Тамарай Сцяпанаўнай асабліва і не засумуеш! Па яе просьбе Надзея Дзямідаўна асвоіла вязанне, якое, дарэчы, спрыяе хутчэйшаму аднаўлен ню пасля хваробы. Цяпер усе ўнукі маёй суразмоўніцы (а іх шасцёра – тры дзяўчынкі і тры хлопчыкі) забяспечаны і камізэлькамі, і павязкамі… Яшчэ і ў спадчыну тыя рэчы, сагрэтыя цеплынёй добрых рук, застануцца. А галоўнае: чалавек не проста робіць нешта сваімі рукамі, ён адчувае сябе патрэбным! З цеплынёй расказвае Тамара Дроздзік і пра Зінаіду Васільеўну Макарэвіч (на здымку)… Увогуле ўсе падапечныя для яе – родныя людзі.

– Бабулі мне і сяброўкі, і мамы. Іду да іх з адкрытым сэрцам. І вельмі люблю сваю работу! Падапечныя кажуць, што я – добры псіхолаг. Стараюся не проста слухаць, а чуць, суцяшаю, калі балюча, падбадзёрваю. Яны мне давяраюць, і гэта вялікая адказнасць, якую выдатна разумею.

У вольны час Тамара Сцяпанаўна ахвотна займаецца кветкамі ды ўдзяляе ўвагу сям’і. Муж яе працуе на трактары ў гаспадарцы, старэйшая дачка Лілія жыве і працуе ў Каваліках, сярэдняя Наталля – у Макараве, малодшая Лізавета вучыцца ў медыцынскім каледжы.
А яшчэ Тамара Дроздзік – чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. І дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў. У свой час, летась увосень, не без яе ўдзелу ў Макараве з’явілася дзіцячая пляцоўка, якая сёння заўсёды запоўнена маленькімі га рэзамі.
Да маёй суразмоўніцы аднавяскоўцы ідуць з самымі надзённымі пытаннямі, і кожнаму яна стараецца дапамагчы. “Кот знікне – і з тым ідуць, – з усмешкай расказвае Тамара Сцяпанаўна. – Нікому не адмаўляю”.
Яна трымае самую цесную сувязь з Інай Штаненка, старшынёй Агарод ніц кага сельвыканкама, – усё для таго, каб ніводны зварот людзей не застаўся без увагі.
Калі ідзеш да людзей з адкрытым сэрцам, яны табе адказваюць тым жа. Простая філасофія…

Настасся НАРЭЙКА
Фота Алега КУНАХА

Хотите читать актуальные новости Каменца и Каменецкого района первыми?Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/navinykam