Тамара АНДРАЙЧУК: “У нашай сям’і ўсе юрысты…”

P4110015Вясною натарыят Рэспублікі Беларусь адзначае 95-годдзе. З таго часу, як ў Камянецкім раёне з’явілася дзяржаўная натарыяльная кантора, прайшло каля 70 год. Усе, хто працаваў тут, выконвалі асноўную задачу – забяспечвалі абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб, дзяржаўных інтарэсаў шляхам здзяйснення натарыяльных дзеянняў ад імя Рэспублікі Беларусь. З 1999 года натарыяльнай канторай раёна загадвае Тамара Іванаўна Андрайчук. Пра сваю работу і сённяшні дзень у жыцці – у інтэрв’ю раённай газеце.

 

– Наколькі вядома, работнікаў канторы неаднаразова заахвочвалі, яны атрымлівалі ўзнагароды ад Міністэрства юстыцыі РБ і галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама. Натарыяльная кантора не на апошнім месцы ў вобласці і ў рэспубліцы па некаторых паказчыках, у прыватнасці, па абслугоўванні насельніцтва аграгарадкоў і прававой асвеце грамадзян. Раскажыце, калі ласка, пра гэты вопыт аказання юрыдычнай дапамогі.

– Пытанні арганізацыі і аказання натарыяльных паслуг у аграгарадках упершыню былі разгледжаны на пасяджэнні калегіі Міністэрства юстыцыі РБ у верасні 2005 года. Прававой асновай такога абслугоўвання стала ў сакавіку 2007 года Пастанова “Аб юрыдычным абслугоўванні ў аграгарадках”. Цяпер дзяржаўны натарыус выязджае ў аграгарадкі на падставе заявак старшыняў і кіраўнікоў спраў сельвыканкамаў. На тэрыторыі раёна 17 аграгарадкоў. Адзін раз у месяц работнікі натканторы едуць у кожны з іх. Вядзем журнал прыёму грамадзян.

– У раёне ў 236 населеных пунктах жывуць больш за 37 тысяч чалавек. Статыстыка сведчыць аб тым, што насельніцтва старэе, смяротнасць пераважае над нараджальнасцю. І тым не менш, колькасць аказваемых паслуг натарыяльнай канторай узрастае…

– Працуем над тым, каб задаволіць усе запыты людзей. Нягледзячы на тое, што паміж населенымі пунктамі аўтобусная сувязь, ёсць праблемы для тых, хто хацеў бы ў патрэбны час трапіць на прыём да натарыуса. Што ў такіх выпадках прадпрымаем? Наладзілі цесную сувязь з райвыканкамам. Штогод у снежні накіроўваю на імя старшыні райвыканкама паперу аб неабходнасці выезду ў аграгарадкі для вядзення прыёму. Райвыканкам выносіць распараджэнне, у якім, акрамя графіка прыёму, вызначаны службовыя асобы, адказныя за прадастаўленне транспарту для выезду загадчыцы і натарыусаў у аграгарадкі. Вырашаны пытанні прадастаўлення і аргтэхнікі, інфармавання насельніцтва аб аказваемых паслугах, магчымым папярэднім запісе. Адпаведная інфармацыя штомесяц друкуецца ў раённай газеце, размяшчаецца на інфармацыйных стэндах у памяшканні натарыяльнай канторы, у сельвыканкамах, на стэндах арганізацый, прадпрыемстваў і ў іншых даступных месцах. Наладжана ўзаемадзеянне са старастамі вёсак, нярэдкія выезды натарыуса дадому да састарэлых грамадзян.

– З якімі пытаннямі найчасцей звяртаюцца грамадзяне да натарыуса?

– Асноўную масу пытанняў складаюць кансультацыі аб афармленні спадчынных правоў, прыняцце заяў аб выдачы пасведчання аб праве на спадчыну, збор па заяўным прынцыпе “адно акно” дакументаў, неабходных для наступнага засведчання дагавораў адчужэння жылых памяшканняў і інш. Грамадзяне звяртаюцца за здзяйсненнем і тых натарыяльных дзеянняў, якія не маюць права выконваць упаўнаважаныя службовыя асобы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Гэта датычыць дакументаў, прызначаных для дзеяння за межамі Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, пры выездзе ў аграгарадкі натарыусы даюць кансультацыі і па шлюбна-сямейных адносінах, зямельных, жыллёвых правах. Прывяду некалькі лічбаў: за 2012 год і тры месяцы сёлета ў нашай канторы здзейснена 1240 натарыяльных дзеянняў, заведзена 327 спадчынных спраў, 707 грамадзянам дадзены пісьмовыя кансультацыі, па папярэднім запісе прынята 1464 чалавекі. За названы перыяд накіравана 495 запытаў у дзяржаўныя і іншыя арганізацыі, выдадзена 535 пасведчанняў аб праве на спадчыну, засведчана 50 дагавораў адчужэння жылых дамоў…

– Акрамя аграгарадкоў, Вы вядзеце прыём грамадзян у Высокім…

– Натарыяльнае абслугоўванне высакаўчан ажыццяўляецца згодна з пастановай Міністэрства юстыцыі ад 17 лютага 2010 года “Аб некаторых пытаннях натарыяльнага абслугоўвання ў малых і сярэдніх гарадскіх паселішчах”, на тэрыторыі якіх адсутнічаюць дзяржканторы і якія не маюць статуса аграгарадка. Едзем у Высокае, як і ў аграгарадкі, адзін раз у месяц. Прынялі за мінулы год і тры месяцы сёлета 146 грамадзян, 66 гараджан атрымалі кансультацыі, здзейснена 123 натарыяльныя дзеянні…

– За гэтымі лічбамі – работа, якая патрабуе ўважлівасці, кампетэнтнасці, не даруе памылак і заўваг. А Вы паспяваеце праводзіць і тэлефонныя “прамыя лініі” з жыхарамі раёна, адказваць на пытанні чытачоў праз нашу газету…

– І не толькі. Яшчэ арганізуем дабрачынныя акцыі “Права ў кожны дом”, даем бясплатныя кансультацыі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам і пенсіянерам, маламаёмным грамадзянам. Мы не толькі засведчваем факты і абставіны, якія маюць юрыдычнае значэнне, але і тлумачым грамадзянам іх правы і абавязкі, папярэджваем аб выніках праводзімых імі натарыяльных дзеянняў. Каб людзі мелі больш поўнае ўяўленне аб рабоце натарыуса, з даверам да яго адносіліся.

– Тамара Іванаўна, Вы любіце сваю работу?

– Не тое слова – я яе абажаю. У свой час скончыла каледж, інстытут, атрымала прафесію юрыста. Працавала кансультантам, натарыусам. Не магла дачакацца, каб пасля выхадных зноў дапамагаць людзям вырашаць шматлікія пытанні, даваць кансультацыі і парады. І чуць у адказ: “Вялікі дзякуй!” Прыемна, што твая работа запатрабаваная.

– Ваш муж таксама займаецца юрыдычнай дзейнасцю. Ці пайшлі па шляху бацькоў дзеці?

– У нашай сям’і ўсе юрысты. Мікалай Канстанцінавіч, да выбрання дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, быў старшынёй суда Камянецкага раёна. Цяпер, пасля складання дэпутацкіх паўнамоцтваў у новым скліканні, займае тую ж пасаду ў Брэсцкім раёне. Сын Мікалай – суддзя Брэсцкага міжгарнізоннага ваеннага суда. Дачка Юлія працавала памочнікам суддзі ў гаспадарчым судзе Брэсцкай вобласці. Цяпер яна ў дэкрэтным водпуску, гадуе дачушку Ганначку. І муж, і сын, і дачка вельмі адказна ставяцца да сваіх службовых абавязкаў. А калі збяромся разам, спрэчкам па розных пытаннях юрыспрудэнцыі няма канца.

– Калі ёсць вольны час, чым Вы захапляецеся?

– Люблю чытаць кнігі, асабліва дэтэктывы. Багатая дамашняя бібліятэка айчыннай і замежнай літаратуры. А каб быць у курсе падзей сённяшняга дня, – выпісваем шмат газет. Пачынаю агляд прэсы з раёнкі.

– Любімая пара года?

– Люблю зіму, калі ідзе снег і марозна. А яшчэ вясну. У гэты час нешта асаблівае ў душы адбываецца. І паветра такое бадзёрае…

– Яшчэ аб надзённым. Гатаваць любіце?

– Гатаваць стравы люблю, але не настолькі, каб таптанне ля пліты стала больш важным, чым сустрэча з сябрамі, наведванне выставы, паездка ў тэатр…

– Якія вартасці, на Ваш погляд, павінны быць уласцівы мужчыну?

– Высакародства, пачуццё ўласнай годнасці, дабрыня, прыстойнасць.

– Што для чалавека галоўнае ў жыцці?

– Галоўнае – быць добразычлівым. А яшчэ – калі ён здаровы, упэўнены ў заўтрашнім дні… Недзе чытала: ”Калі кожны з нас здолее зрабіць шчаслівым хоць бы аднаго чалавека, тады будуць шчаслівыя ўсе.” Трэба асэнсоўваць свае дзеянні, нешта ў сабе карэкціраваць і памятаць: калі адчуваеш уласную гармонію, яна распаўсюдзіцца і на навакольны свет.

Вера ІВАНЮКОВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий