Такія важныя дробязі

Жыхары раёна ўжо адчулі набліжэнне зімы. Як паказваюць шматгадовая практыка і статыстыка, з надыходам халадоў значна павялічваецца колькасць пажараў.

Многія забываюць і не рыхтуюць свае домаўладанні да зімовага пажаранебяспечнага перыяду. Асноўнымі прычынамі здарэнняў з’яўляюцца пячное ацяпленне, электранагравальнікі саматужнага вырабу і дрэнная электраправодка. У бягучым годзе ў нашай вобласці па гэтых прычынах адбылося 1115 пажараў. У агні загінулі 89 чалавек.

Найбольш распаўсюджаная прычына зімовых пажараў – парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення. Часта гэта адбываецца з-за перагрэтых печак, з’яўлення трэшчын у цаглянай кладцы, несвоечасовай ачысткі дымаходаў ад сажы, адсутнасці кантролю за топкай. Таксама нярэдкімі з’яўляюцца пажары з-за няправільнага ўладкавання печак і дымаходаў. Усе названыя парушэнні – далёка не дробязі. Неабходна ўсім домаўладальнікам прыкласці максімум намаганняў, каб прывесці свае дамы, аб’екты з пячным ацяпленнем у пажарабяспечны стан і не стаць ахвярамі асабістай безадказнасці.

Што патрэбна рабіць, каб пазбегнуць бяды? Не пакідайце электранагравальныя прыборы ўключанымі ў сетку на доўгі час і без нагляду; не карыстайцеся няспраўнымі і самаробнымі прыборамі; не перагружайце электрасетку адначасовым уключэннем некалькіх прыбораў вялікай магутнасці; не дапускайце трапляння пабочных прадметаў на адкрытыя спіралі электракамінаў, не сушыце на іх рэчы.

Не так ужо і многа патрабуецца ад кожнага з нас, каб засцерагчы свае жыцці, аб’екты і дамы ад агню. І патрэбна памятаць, што ў пытаннях бяспекі дробязей не бывае.

Генадзь КОХНЕНКА, інспектар групы прапаганды і навучання райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Добавить комментарий