На пытанні аб тым, як яны гэта робяць, адказала начальнік метэастанцыі “Высокае” Валянціна ПАТАПЕНКА.
– Валянціна Іванаўна, напачатку – аб гісторыі метэастанцыі ў Высокім…
– Наша метэастанцыя, у адпаведнасці з планам развіцця гідраметэаралагічнай сеткі, была адкрыта 31 кастрычніка 1950 года (як гідраметэастанцыя). З улікам таго, што інфармацыя сіноптыкаў мае важнасць для народнагаспадарчых аб’ектаў і што больш за 80% усіх стыхійных бедстваў – гідраметэаралагічнага паходжання, штогод у развіццё службы ўносіліся адпаведныя змены. Цяпер створана аўтаматызаваная інфармацыйна-аналітычная сістэма маніторынгу, апрацоўкі і размеркавання інфармацыі аб стане навакольнага асяроддзя. Калі меркаваць па шматлікіх званках на метэастанцыю, і адпаведныя службы, і насельніцтва раёна зацікаўлены ў атрыманні даных сіноптыкаў.
– І што паказалі назіранні сёлета, найперш, з пункту гледжання аграрыяў?
– Паводле тэмпературных паказчыкаў на Брэстчыне кліматычная зіма наступіла толькі 13 студзеня – на паўтара месяца пазней звычайных тэрмінаў, і тады тэмпература паветра ўстойліва перайшла нуль у бок паніжэння. Люты вызначыўся анамальна цёплым надвор’ем і недаборам ападкаў. Пераход на вясну адбыўся ўжо 7 лютага – на 1,5 месяца раней звычайнага. Назіранні за станам азімых культур паказалі, што мінімальная тэмпература на ўзроўні кушчэння ніжэй, чым да мінус 3 градусаў, не апускалася. Горшымі для перазімоўкі былі адлігі, з-за якіх снег рана растаў і расліны расходавалі больш пажыўных рэчываў, назапашаных з восені. Аднак, вынікі адрошчвання проб азімай пшаніцы, азімага рапсу і люцэрны, праведзеныя метэастанцыяй 3 і 20 лютага, паказалі, што азімыя – у добрым стане, зрэджанасць у пробах не перавышала натуральную гібель – да 10%.
– А які прагноз на бліжэйшы час?
– Сярэднямесячная тэмпература паветра ў сакавіку складзе на 1 градус вышэй за кліматычную норму. Месячная колькасць ападкаў – у межах сярэдніх шматгадовых значэнняў. Павышаны тэмпературны рэжым у першай палове сакавіка садзейнічаў аднаўленню ранняй вегетацыі, таму падкормка азімых азотнымі тукамі неабходна ў раннія тэрміны. Атмасферныя франты напачатку гэтага тыдня прывялі да аранжавага ўзроўню небяспекі і неспрыяльных умоў надвор’я з пахаладаннямі, моцнымі вятрамі і мокрым снегам. Але цяпер з ростам атмасфернага ціску дажджы прагназуюцца толькі кароткачасовыя, а тэмпература ад нуля ноччу зноў выйшла на плюс, днём жа яна ў выхадныя дасягне 12-15 градусаў цяпла. Так што вясну не спыніць…
– Скажыце, калі ласка, аб спецыялістах метеастанцыі…
– Штат метэастанцыі “Высокае” – 6 чалавек. Значны ўклад у агульную справу ўнеслі ветэраны службы, сярод іх – Людміла Шокала. У мяне таксама стаж значны. А маладыя спецыялісты ахвотна пераймаюць наш вопыт і веды. Зычу калегам добрага здароўя і заўжды яснай пагоды ў доме. А ўсё астатняе, як у песні, можна наладзіць з дапамогай парасона…
Гутарыў Георгій ПАРАФЯНЮК.
Это может быть интересно:
-
24-й Пленум РО ОО БРСМ в Каменце : награды, планы на будущее и обучение для лидеров
-
ДТП в Каменецком районе: работники МЧС спасли водителя грузового автомобиля
-
Сегодня активистки избирательной кампании-2025 получили благодарности
-
Многодетная семья Литвинюк из Войской сегодня принимала гостей
-
На Каменетчине мототранспорт на особом контроле ГАИ