Сяло стала родным

Аляксандр Русецкі родам з Мінскай вобласці. Бацькі пераехалі ў Камянецкі раён, тут, у райцэнтры, скончыў школу. Пасля Пружанскага тэхнікума быў накіраваны аграномам-аграхімікам у ААТ «Відамлянскае». Пазней атрымаў пасаду галоўнага агранома, затым – намесніка дырэктара па раслінаводстве. У гаспадарцы працуе ўжо 13 гадоў.

Галоўная задача Аляксандра – забеспячэнне жывёлы кармамі. Планаванне плошчаў, унясенне мінеральных угнаенняў, забеспячэнне насеннем, тэхнічныя пытанні і ўсё, што датычыцца поля, уваходзіць у яго абавязкі. Аляксандр спрабуе мяняць спосабы глебаапрацоўкі, ужываць новыя прэпараты і мікраэлементы. Гаворыць, што яго прафесія не можа не падабацца – увесь час на прыродзе, прыемна атрымліваць добрыя вынікі. Хай надвор’е не заўсёды спрыяе, але астатняе ў руках чалавека.

З людзьмі ўмее ладзіць. Ён ведае, што калектыў – сіла. Адносіны не павінны будавацца па прынцыпе «начальнік-падначалены». Яны складаюцца найперш з узаемапавагі, таму што праца ў сельскай гаспадарцы – гэта праца адной сям’і. Тут прыходзіцца часам па 10-15 гадзін разам быць. А калі ў чалавека ёсць свае сямейныя праблемы? Як жа не дапамагчы яму? Бо калі ён табе давярае, то пазней зробіць усё неабходнае яшчэ больш якасна.

Праца ў Аляксандра такая, што яе цяжка абмежаваць у часе. Яго жыццё – дынаміка. Трэба ісці наперад. Падымаць узровень вытворчасці, аддачы зямлі, на якой працуе, а таксама – тэхналогій. Гаворыць, што тут дасканаласці няма мяжы. І там жа, дзе, здавалася б, усё добра, з іншага боку зірне – яшчэ нешта можна падправіць. Аляксандр працуе ўжо шмат гадоў, але ёсць моманты, на якія раней глядзеў так, зараз – інакш. Увесь час ён нешта мяняе. Таму што ёсць рух – тэхналогіі не стаяць на месцы.

Аляксандр сустрэў на Камянеччыне свой лёс. Жонка Алёна працуе ў гаспадарцы бухгалтарам. Разам атрымалі дом, пасадзілі сад. Гадуюць сына Сашу і дачку Дашу. Адзіны недахоп яго працы – не стае вольнага часу, але родныя ўжо прывыклі, разумеюць і падтрымліваюць Аляксандра. А для яго няма нічога больш важнага за тое, каб усе ў сям’і былі здаровыя – астатняе нажывецца.

Ганаровая грамата Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, якою ўзнагароджаны Аляксандр Анатольевіч, сведчыць, што “Відамлянскае” ідзе ў правільным накірунку.

Анастасія ЯНКІНА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий