Сядзіба Пузынаў у Грымячы чакае абнаўлення

Метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Рэзнічук паведаміла ў рэдакцыю добрую навіну: у Мінску абаронены макет-рэканструкцыя сядзібна-паркавага комплексу Пузынаў у вёсцы Грымяча нашага раёна. Ён перададзены ўласнікам сядзібы. Дарэчы, гэты сядзібна-паркавы комплекс уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Падзеі разгортваліся та­кім чынам. У гімназіі №75 г.Мінска стартаваў дабрачынны праект “Нам засталася спадчына”, які ставіў на мэце стварэнне кампазіцый па аднаўленні і рэканструкцыі гісторыка-культурных каштоўнасцей рэспублікі, якія знаходзяцца ў заняпадзе. Ад­на з гімназістак навучальнай установы зацікавілася сядзібай у Грымячы нашага раёна, знай­шла кантакты з Ірынай Рэзнічук, якая параіла звярнуцца да ўласнікаў. Намеры ў дзяўчыны былі сур’ёзныя: яна прасіла ў “ВэскаБел” згоды выехаць на месца і зрабіць абмеры сядзібна-паркавага комплексу. Атрымаўшы станоўчы адказ, разам з навуковым кіраўніком плануемай работы і бацькамі, у суправаджэнні метадыста па ахове гісторыка-культурнай спадчыны раёна дзяўчына наведала вёску. А потым пачалася карпатлівая работа над макетам. Яна вялася цэлы год. Было прачытана і вывучана шмат гістарычнага матэрыялу, правядзена вялікая доследная работа. І макет-рэканструкцыя атрымаўся.
А 19 мая сёлета ў дзяржаўнай установе адукацыі “Гімназія №75 г.Мінска імя Масленнікава П.В.” адбылася абарона выніковых работ па кампазіцыі ў межах дабрачыннага праекта “Нам засталася спадчына”. Вучаніца 11 “Б” класа Валерыя Каплунова (а гэта яна зацікавілася сядзібай Пузынаў) сумесна з кіраўніком праекта Таццянай Вайценка прадставілі макет сядзібна-паркавага комплесу ў вёсцы Грымяча. Ён і сапраўды ўражвае! (гл. здымак).

Screenshot_3
Ва ўрачыстай абстаноўцы макет-рэканструкцыя быў перададзены ўласнікам сядзібы – СП ТАА “ВэскаБел”, яго атрымала юрысконсульт прадпрыемства Ганна Чыжэўская.
За такую сур’ёзную работу над макетам Валерыі Каплуновай уручылі падарункавы сертыфікат на набыццё ў прадпрыемства шклопакетаў, а таксама ёй перадалі кнігу аб гісторыі горада Брэста аўтара Валерыя Марозава. Ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ірына Рэзнічук уручыла выпускніцы мінскай гімназіі Падзячнае пісьмо за праведзеную работу па папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Камянецкага раёна.
Гэты макет-рэканструкцыя размешчаны ў фае вестыбюля прадпрыемства ў Брэсце. Вельмі хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе можна будзе ўбачыць у такім выглядзе, як на макеце, і сам адноўлены сядзібна-паркавы комплекс Пузынаў у вёсцы Грымяча.

 

Screenshot_4 Screenshot_5

Вера ІВАНЮКОВІЧ.
Фота Міколы ШУМА,
 Ірыны РЭЗНІЧУК і з архіву Георгія Мусевіча.

Добавить комментарий