Прыгожым словам “жарынка” ў беларускай мове называюць гарачы вугалёк з вогнішча. І талент, схаваны ў кожным з нас, – пагадзіцеся – нечым нагадвае гэты вугалёк. Калі абыходзіцца з ім неасцярожна, можна патушыць кволы агеньчык…
У пошуку такіх талентаў 20 студзеня завітала ў Камянюцкую СШ адказны сакратар раёнкі, сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі Настасся Нарэйка. Сустрэча са школьнікамі атрымалася цёплай і карыснай. Падчас яе госця расказала дзецям пра сваю літаратурную творчасць, работу ў “Навінах Камянеччыны” і пісьменніцкай суполцы, каштоўнасць роднай мовы і любоў да Беларусі.
Прыемным сюрпрызам стала вялікая колькасць пытанняў, што прагучалі ад слухачоў. Вучань, які задаў самае арыгінальнае з іх, і лепшы знаўца беларускай мовы атрымалі невялікія падарункі. (А вы, дарэчы, можаце вось так, не задумваючыся, адказаць, як гучыць па-беларуску слова “вдохновение”? )
Была ў візіту Настассі Мікалаеўны менавіту ў Камянюкі і яшчэ адна прыемная прычына… Калі вы ўважліва чытаеце раённую газету, то безумоўна запомнілі цудоўную навагоднюю казку пра вужыка і Новы год, што была апублікаваная 28 снежня мінулага года. Яе аўтар – Вікторыя Бяскроўная, вучаніца 9 класа Камянюцкай СШ. Дзяўчынка наведвае заняткі гуртка “Жарынка”, што працуе ўжо 5 гадоў пры рэдакцыі “НК” ад Саюза пісьменнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам Настассі Нарэйкі, збіраючы юных паэтаў і празаікаў.
Госця папрасіла Віку выйсці да дошкі і агучыць свой твор. Адна справа – пазнаёміцца з казкай, прачытаўшы яе з газетнай паласы, і зусім іншая – пачуць з вуснаў аўтара. Атрымалася цудоўна! І апладысменты былі шчырымі.
На заканчэнне сустрэчы настаўніца беларускай мовы і літаратуры Яўгенія Шахалевіч прадэкламавала некалькі вершаваных твораў, напісаных у розныя гады вучнямі Камянюцкай СШ. Багатая талентамі пушчанская зямля! Важна берагчы іх…

Это может быть интересно:
-
Пятага сакавіка сёлета Кандрату Крапіве споўнілася б 130 гадоў
-
Комментарий сенатора Александра Карпицкого, главного врача Брестской областной клинической больницы
-
В Каменце пройдут игры Чемпионата Республики Беларусь по баскетболу
-
Первое заседание ОПЦ в Каменце: конкретно, предметно и по делу
-
Израиль и США открыли ящик Пандоры, Иран объявил джихад. Главное о ситуации на Ближнем Востоке