На малочнатаварнай ферме “Шастакова” на сёння знаходзіцца 423 галавы буйной рагатай жывёлы, з іх 168 – асноўны дойны статак. Усе яны ўтрымліваюцца ў двух нядаўна адрэканструяваных кароўніках.
Раней гэтая ферма адносілася да ААТ “Агра-Зарэчча”, а шэсць гадоў таму перайшла ва ўласнасць “Белавежскага”. Як зазначыла загадчыца МТФ Марыя Астапук, розніца паміж тым, што было і што стала, вельмі вялікая. А ёй ёсць з чым параўноўваць, бо працуе тут з 1987-га: 10 гадоў – даяркай, і ўжо каля 15-і – загадчыцай. Яшчэ шэсць гадоў таму аб механізацыі на ферме размоў не было: кароў даілі ўручную.
Зараз “Шастакова” поўнасцю механізавана. Усе рагулі знаходзяцца на бяспрывязным утрыманні (без глыбокага падсцілу). У асенне-зімовы рацыён харчавання жывёлы ўваходзяць сянаж, сілас, з лета – зялёная маса. У кармы дадаюць бялкова-вітамінныя прэпараты. У сярэднім ад адной каровы тут надойваюць 19 літраў малака ў дзень. У асноўным (85%) – малако класа “экстра”, 10% – вышэйшы гатунак, 5% – першы (ён ідзе на выпайку цялят). Сярэднясутачная прывага па ферме – 1,6 кг (сярэднегадавая за 2011-ы – 1 кг).
У стойлавы перыяд кароў дояць тры разы на дзень. Карыстаюцца “Ёлачкай” – адначасова да даільных апаратаў беларускай вытворчасці падыходзяць 20 кароў.
Статак на ферме раздзельны па ўтрыманні: 1-я і 2-я групы – высокапрадуктыўныя (больш за 27 літраў і 20-27 літраў малака ў дзень адпаведна), 3-я і 4-я – сярэднепрадуктыўныя (15-20 літраў і 9-15 літраў), 5-я – нізкапрадуктыўная (менш за 9 літраў малака). Ёсць таксама дзве асобныя групы: у адной каровы знаходзяцца на лячэнні антыбіётыкамі; у другой – каровы з павышанай саматыкай да ці пасля ацёлу.
Вельмі ганарацца жывёлаводы, што на іх ферме самая высокая тлустасць малака па аддзяленні – 4,0.
Зараз тут адказны перыяд – нядаўна цяліліся рагулі. Таму догляд патрабуе асаблівай увагі. З гэтым спраўляецца калектыў з 13 чалавек. Па словах Марыі Астапук, усе вельмі адказна ставяцца да сваіх абавязкаў і яшчэ па-сяброўску адносяцца адзін да аднаго.
Зараз з усмешкай успамінаюць і загадчыца, і начальнік аддзялення “Мінкавічы” Андрэй Босак, як зусім нядаўна сюды немажліва было ні праехаць, ні прайсці – гразлі па калена ў балоце (бывала і так, што падчас моцных дажджоў прыходзілася з цяжкасцямі пераадольваць дзесяць метраў балоцістага палону). Зараз жа на ўсёй тэрыторыі перад фермай укладзены новенькі асфальт, а вакол стаіць ажурная агароджа. Не было раней і бытавога пакоя. Зрабілі прыбудоўку, тут жа знаходзяцца кабінеты ветэрынара і загадчыцы.
Пры такіх умовах і зарплаце (яна, дарэчы, каля трох мільёнаў, плюс за добрую працу выдаецца 15 кілаграмаў мяса) працаваць хочацца. І робяць гэта работнікі малочнатаварнай фермы з задавальненнем.
Наталля ГРЫЦУК
Фота Міколы ШУМА
Это может быть интересно:
-
Третья мировая. ФК «Нива» упускает победу над «Осиповичами»
-
С заботой о старших: пасхальное тепло в больнице сестринского ухода в Ставах
-
Чистота и забота о родном крае: субботники Каменетчины продолжаются
-
В Беловежской пуще реализуют проект по восстановлению популяции темной лесной пчелы
-
Поздравления с Пасхой от священнослужителей Каменетчины