Сын на бацьку…

нож_измен.размерНаш раён невыпадкова ўключаны ў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Павышэнне нацыянальнага патэнцыялу дзяржавы па процідзеянні дамашняму насіллю ў Рэспубліцы Беларусь”. На жаль, сямейныя драмы нярэдка прыводзяць да крымінальных злачынстваў. Часцей за ўсё не ладзяць паміж сабой муж і жонка, звычайна, з прычыны п’янства ў сям’і. Без “зялёнага змія” і тут не абышлося, але ў судовай справе, разгледжанай сёлета 23 красавіка,– канфлікт паміж сынам і бацькам.

Непрыязныя адносіны паміж імі былі і раней. Жыхар пас.Прыазёрскі, 39-гадовы Васіль Ш., у 2010 годзе быў асуджаны судом нашага раёна за прычыненне свайму бацьку лёгкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да кароткачасовага расстройства здароўя. Пакаранне адбыў, але належных вывадаў, відаць, не зрабіў. Не аднойчы быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах. А сёлета 28 студзеня Васіль прыйшоў дамоў нецвярозым і пасварыўся з бацькам. Канфлікт закончыўся драмай: Васіль наўмысна нанёс бацьку удар рукой у галаву, пасля чаго ўзяў ў руку нож, прыставіў яго да шыі бацькі, пагражаў яму забойствам. Пагроза была рэальнай: Васіль нанёс не менш чатырох парэзаў. Сваю віну Васіль прызнаў часткова, патлумачыў, што парэзы нанёс выпадкова, калі бацька вырываўся… Не памятае, ці бег за бацькам і ці разбіў шкло ў дзвярах пакоя, кінуў нож на кухні і пайшоў спаць. Пагроза жыццю пенсіянера была рэальнай, той вырваўся і выбег на лесвічную клетку, клікаў на дапамогу; на крыкі выбеглі суседзі, што, пэўна, і спыніла далейшыя здзекі.

Жахліва, калі адбываецца такое, тым больш, паміж роднымі людзьмі. І хіба можна нечым апраўдаць такія ганебныя ўчынкі? Васіль патлумачыў у судзе свае паводзіны так: маўляў, бацька хадзіў па кватэры туды-сюды і перашкаджаў яму адпачываць пасля цяжкай працы.

Суд раёна, які разгледзеў гэтую справу 23 красавіка, не знайшоў у адносінах падсуднага змякчаючых абставін. Да абцяжарваючай аднесена ўчыненне злачынства асобай, якая знаходзілася ў нецвярозым стане. Васілю Ш. прызначана пакаранне: арышт на тэрмін шэсць месяцаў, падсудны быў узяты пад варту ў зале суда.

Прыгавор не ўступіў у законную сілу, бо падсудны падаў у Брэсцкі абласны суд касацыйную скаргу на цяжар кары.

Аксана ШКЕЛЬ, суддзя суда раёна;

Георгій ПАРАФЯНЮК, карэспандэнт “Навін”.

Добавить комментарий