Судьба привела в Ротайчицы

Калі хто даўно не быў у Ратайчыцах, сёння іх не пазнае: у любую пару года вёска мае святочны выгляд, тут абноўлены не адзін жылы дом, прыгожы плот “падпярэзаў” вуліцы. Прыметнай аздобай Ратайчыцаў стала сядзіба Святланы і Генадзя Вірко, у якіх можна вучыцца ландшафтнаму дызайну. Але калі для Генадзя гэта – работа (недалёка – гадавальнік дэкаратыўных дрэў і кустоў, што пад яго апекай), дык для Святланы – толькі захапленне, бо штодня яе чакае зусім іншая праца. Святлана Мікалаеўна – загадчыца фельчарска-акушэрскага пункта. З будучым мужам пазнаёмілася тут, у Ратайчыцах, калі прыязджала з Браншчыны, адкуль родам, у госці да цёткі.
У вёсцы Святлана ўжо 23 гады, даўно стала “сваёй”: тут нарадзіліся і выраслі двое дзяцей, тут ведае ўсіх пайменна, да яе імкнуцца людзі са сваімі праблемамі. Тым больш, што ў сельскім ФАПе індывідуальны падыход гарантаваны. А чалавек разлічвае не толькі на лекі, але і на тое, што з ім пагутараць, яму паспачуваюць, дадуць парады. Святлана ўмее зрабіць гэта далікатна і тактоўна.
Мінулай восенню Ратайчыцкі ФАП “перасяліўся” пад адзін дах з сельвыканкамам (былы будынак ФАПа пасля рэканструкцыі стане жылым домам). Тут больш зручна, да таго ж было куплена нямала новага абсталявання. ФАП працуе ў адной суполцы з войскімі медыкамі, бо ён прыпісны да Войскай урачэбнай амбулаторыі, дзе – урач агульнай практыкі, фельчар, лабарант, патранажная медсястра. У Войскай, куды ад Ратайчыц каля сямі кіламетраў, зробяць, паводле назначэння, кардыяграму, там можна атрымаць фізіяпрацэдуры, працуе дзённы стацыянар…
Пад апекай Святланы – 770 чалавек у васьмі вёсках. Летам выручае веласіпед, у іншы час – аўтобус, што да паслуг рабочых ці школьнікаў. Спадзяецца, што са з’яўленнем маладых сем’яў, якія ад “Белавежскага” атрымліваюць жыллё ў Ратайчыцах, колькасць дзіцячага насельніцтва ўзрасце. Яшчэ камусьці гэтая вёска стане роднай.

Галіна НОВІК
Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий