Судовы кантроль у дзеянні

1293091096_scale41 (1)Аналіз артыкула 4 Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГПК) дазваляе выдзеліць два віды судовага кантролю: непасрэдна працэсуальны і непрацэсуальны. Працэсуальны вынікае з арт.326 ГПК, дзе гаворыцца аб кампетэнцыі гаспадарчага суда ў выканаўчай вытворчасці, абавязку судовага кантролю. Формай рэалізацыі працэсуальнага судовага кантролю з’яўляецца судовая пастанова.

Непрацэсуальны судовы кантроль вынікае з арт. 341 ГПК як кантроль гаспадарчага суда за правільным і своечасовым выкананнем адпаведных дакументаў судовым выканаўцам. Зацверджана Палажэнне аб арганізацыі кантролю за работай судовых выканаўцаў гаспадарчых судоў. Арганізацыя непрацэсуальнага кантролю ў кожным судзе можа адбывацца па-рознаму. Так, у гаспадарчым судзе Брэсцкай вобласці за кожным судовым выканаўцам замацаваны суддзя-куратар. Старшага судовага выканаўцу, які выконвае найбольш складаныя выканаўчыя справы, а таксама ў адносінах “праблемных” даўжнікоў (прадпрыемствы, якія маюць вялікае сацыяльнае значэнне для вобласці і знаходзяцца ў неспрыяльным фінансавым стане) курыруе старшыня суда. Распрацаваны метадычныя рэкамендацыі суддзям па кантролі і праверцы работы судовага выканаўцы. Мяркую, судовы кантроль за выкананнем пастаноў суда з’яўляецца неабходнай і дзейснай мерай па прафілактыцы і папярэджанні эканамічнай неплацежаздольнасці і банкруцтва, дапамагае кантраляваць сітуацыю і прымаць канкрэтныя меры рэагавання.

Які кантроль у гаспадарчым судзе Брэсцкай вобласці?

Судовы выканаўца, аналізуючы выканаўчыя дакументы, уносіць курыруючаму суддзі прадстаўленні, інфармуе яго аб неспрыяльнай сітуацыі ў адносінах канкрэтнага даўжніка. Суддзя вывучае сітуацыю, пры неабходнасці патрабуе ад даўжніка дадатковую інфармацыю аб яго фінансавым становішчы і выносіць прыватнае вызначэнне, якое накіроўваецца ў вышэйстаячыя арганізацыі, галіновыя ўпраўленні ці інфармуе аб стане спраў камісію адпаведнага гаррайвыканкама з мэтай прыняцця мер дасудовага аздараўлення. У разглядзе пытання на пасяджэнні камісіі прымаюць удзел суддзя і пры неабходнасці судовы выканаўца. Так, за апошнія тры гады ў рамках выканаўчых вытворчасцяў суддзямі вынесена 19 прыватных вызначэнняў і 5 інфармацыйных запісак у камісіі па банкруцтве гаррайвыканкамаў. Гэта дае станоўчыя вынікі.

Судовы кантроль у выканаўчай вытворчасці дапамагае выкананню і такіх задач, як садзеянне ўдасканальванню партнёрскіх дзелавых адносін, прымірэнню бакоў у выканаўчай вытворчасці. Безумоўна, працэдура прымірэння, як альтэрнатыўная форма вырашэння спрэчак, у большасці выпадкаў больш выгадная бакам, чым традыцыйныя (судовыя) спосабы. З 31 студзеня 2011 года ў сувязі з уступленнем у сілу Закона “Аб унясенні дапаўненняў і змен у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях ўдасканальвання гаспадарчай судавытворчасці” прымірэнне бакоў стала даступным і на стадыі выканання пастановы суда. Хоць спрэчка ўжо вырашана судовым рашэннем, якое ўступіла ў законную сілу, але ў бакоў могуць узнікаць рознагалоссі адносна спосабаў і метадаў выканання судовага акта. У сувязі з гэтым у гаспадарчым судзе вобласці ўсе восем судовых выканаўцаў прызначаны прымірыцелямі. Пры неабходнасці ім аказваюць метадычную дапамогу суддзя-куратар і суддзя па спецыялізацыі, а практычную – спецыялісты суда (прымірыцелі), якія маюць вопыт работы.

Асноўныя ўдзельнікі прымірэння

Аналіз статыстычных даных паказвае, што асноўнымі ўдзельнікамі прымірэння ў выканаўчай вытворчасці выступаюць суб’екты гаспадарання, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферах сельскай гаспадаркі або цяжкай прамысловасці. Так, летась з 58 заключаных пагадненняў у 28 выпадках адным з бакоў выступалі сельгаспрадпрыемствы.

Выгаду ад пагадненняў аб прымірэнні можна бачыць хоць бы на адным прыкладзе. Гаспадарчым судом Брэсцкай вобласці яшчэ ў 2010 годзе быў выдадзены выканаўчы дакумент аб спагнанні запазычанасці з прадпрыемства на карысць банка шляхам утрымання за закладзеную маёмасць, у ліку якой – вежавы кран з пачатковай цаной у 10 млн. рублёў. Той кран аказаўся няспраўным, і яго аднаўленне было немагчымае. Падчас работы ўстаноўлена, што пры здачы крана на металалом кошт яго складзе каля 60 млн. рублёў. У ходзе прымірэння было дасягнута пагадненне аб устанаўленні, з улікам рэалій, новай цаны маёмасці (вежавага крана) у 60 млн. рублёў. Дамовіліся, што даўжнік перадае тую маёмасць банку для пагашэння запазычанасці па адпаведным крэдытным дагаворы, а банк самастойна здае кран на металалом. У выніку выгада – для абодвух бакоў: калі б банк прыняў маёмасць у кошт доўгу толькі на 10 млн. рублёў, а сума звыш гэтага пры здачы крана на металалом пайшла б на прыбытак банка, яе нельга было б залічыць як пагашэнне запазычанасці па крэдытным дагаворы.

Вядома, яшчэ не ўсе пытанні судовага кантролю адпрацаваны як след. Пасля навуковай ацэнкі ўсіх аспектаў можна будзе больш дэталёва аналізаваць ролю судовага ці судова-адміністрацыйнага кантролю ў выканаўчай вытворчасці.

Сяргей КУЛАК,

старшыня гаспадарчага суда

Брэсцкай вобласці.

Добавить комментарий