Стымул для прадпрымальнасці

tsienyiiЗ мэтай стымулявання прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці быў прыняты Дэкрэт №6 (ад 7 мая 2012г.). Гэта стала адметнай падзеяй мінулага года, бо прадпрымальніцтва набыло больш самастойнасці.

Паводле Дэкрэта №6, значна пашыраны пералік тавараў, вызваляемых ад абкладання ўвазнымі таможнымі пошлінамі і падаткам на дабаўлены кошт.

Як удакладнілі ва ўпраўленні прадпрымальніцтва камітэта эканомікі аблвыканкама, за мінулыя паўгода прадстаўнікі 20-і арганізацый, у т.л. транспартных, Камянецкага раёна звярталіся за пацверджаннем рэгіструючага органа аб тым, што дадзеная камерцыйная арганізацыя – на тэрыторыі сярэдняга, малога гарадскога паселішча ці сельскай мясцовасці. Гэта адна з галоўных умоў для прымянення палажэнняў Дэкрэта. А ўвозімы тавар – неграшовы ўклад у статутны фонд камерцыйнай арганізацыі.

У адпаведнасці з Дэкрэтам №6, арганізацыі могуць увозіць тэхніку без уплаты падаткаў і збораў.

– Якія дадатковыя дакументы неабходныя для вызвалення ад іх пры таможных аперацыях, звязаных, напрыклад, з увозам грузавой тэхнікі ў якасці ўкладу ў статутны фонд арганізацыі?

Намеснік начальніка Брэсцкай таможні Ільдар Сітдзікаў:

– Неабходна пацвердзіць права на льготы. У прыватнасці, камерцыйнай арганізацыі, акрамя іншых дакументаў, трэба прадставіць пацверджанне рэгіструючага органа, а таксама ўстаноўчыя дакументы (дапаўненні і змяненні ў іх), у якіх дэкларуемыя тавары на момант падачы таможнай дэкларацыі павінны быць вызначаны як неграшовы ўклад у статутны фонд гэтай арганізацыі. Каб атрымаць льготу ў адносінах таможнай пошліны, дадзены неграшовы ўклад павінен быць унесены заснавальнікам гэтай арганізацыі, што вынікае з пагадненняў у межах Таможнага саюза.

– Дазволены ўвоз і “бэушнай” тэхнікі. Не старэй за які “ўзрост” яна павінна быць на дзень увозу ў Беларусь?

– Абмежаванняў няма. Спадзяванні – на развагу і рацыянальнасць кіраўнікоў кожнай з арганізацый.

– Колькі адзінак тэхнікі дазволена ўвозіць адной арганізацыі на падставе Дэкрэта №6?

– Гэта вызначаецца памерам зарэгістраванага статутнага фонду канкрэтнай арганізацыі.

– З якой даты для прымянення асобага рэжыму, паводле Дэкрэта №6, вылічваецца сямігадовы тэрмін: з дня дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыі як юрыдычнай асобы ці з даты рэгістрацыі яе абасобленага падраздзялення ў сельскай мясцовасці, малым, сярэднім гарадскім паселішчы?

Начальнік аддзела падаткаабкладання арганізацый і іншых даходаў інспекцыі МПЗ па Камянецкім раёне Ганна Арсенцьева:

– Маюць права прымяняць вызначаныя льготы камерцыйныя арганізацыі Беларусі, у якіх ёсць філіялы або іншыя абасобленыя падраздзяленні, дзе наладжаны выпуск тавараў, выкананне работ, аказанне паслуг на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці. Гэтыя філіялы павінны мець асобны баланс, адкрыты банкаўскі рахунак для здзяйснення аперацый арганізацыяй – з правам службовых адносін дадзеных абасобленых падраздзяленняў распараджацца грашовымі сродкамі.

– Калі суб’ект гаспадарання зарэгістраваны ў сельскай мясцовасці да ўступлення ў сілу Дэкрэта №6, напрыклад, у 2007 годзе, ці распаўсюджваюцца на яго прадугледжаныя льготы?

– Так, камерцыйныя арганізацыі, якія знаходзяцца на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадоў, сельскай мясцовасці, пры вытворчасці тавараў, выкананні работ і аказанні паслуг на названай тэрыторыі маюць права прымяняць вызначаныя льготы на працягу сямі каляндарных гадоў з дня дзяржрэгістрацыі гэтай арганізацыі. Датай рэгістрацыі юрыдычнай асобы з’яўляецца дата прастаўлення штампа на яго статуце або ўстаноўчым дагаворы і ўнясення запісу ў Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Калі ж камерцыйная арганізацыя мае філіялы або іншыя абасобленыя падраздзяленні на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці, яна мае права прымяняць вызначаныя льготы на працягу сямі каляндарных гадоў з дня прыняцця рашэння аб стварэнні гэтага абасобленага падраздзялення. Пры гэтым рашэнне аб стварэнні яго павінна быць прынята не пазней за 31 снежня 2018 года.

Галава фермерскай гаспадаркі “Юсцівек” Валерый Яскавец (Войскі сельсавет):

– Сапраўды, крок дзяржавы насустрач прадпрымальніцтву значны. Дзякуючы льготам, вызначаным Дэкрэтам №6, мінулай восенню набыў у Польшчы самазвал “Сканія-124” 1997 года выпуску, змяшчальнасць – 20 тон. Ён вельмі спатрэбіўся на ўборцы бульбы і кукурузы. Калі б не названы Дэкрэт, купіць яго не змаглі б, бо за сам аўтамабіль заплацілі 53 мільёны беларускіх рублёў, а толькі “растаможка” абышлася б у 280 мільёнаў. Збіраюся на тых жа падставах набыць і 4-корпусныя абаротныя плугі нямецкай фірмы “Квернеланд”…

Гэты Дэкрэт актывізуе дзелавую ініцыятыву грамадзян і развіццё бізнесу ў рэгіёнах.

Галіна НОВІК.

Добавить комментарий