У маладых гаспадароў на прыватных падворках каго і чаго толькі ні ўбачыш: і свіней розных парод, і трусоў, і незвычайных казачных персанажаў на агародзе… Сям’я, у госці да якой завітала адразу пасля навагодніх святаў, завяла дзвюх прыгожых птушак – страусаў, каб радавалі не толькі іх вочы, але і тых, хто проста праходзіць ці праязджае міма.
Вёска Дварэц нешматлюдная, але можа пахваліцца тым, што тут ёсць незвычайныя навасёлы. На прыватным падворку Вадзіма Грыцука ў ліпені мінулага года з’явіліся двое маленькіх страусянят, якія па велічыні нагадвалі дарослых індыкоў. Вадзім Міхайлавіч выношваў мару завесці гэтых птушак ужо каля пяці гадоў, але ўсё ніяк не мог адважыцца на такую пакупку. Гэта і не дзіўна – страусы не такая ўжо і распаўсюджаная ў нашай мясцовасці птушка. Аднойчы была спроба вывесці прыгажуноў самастойна, з яек, купленых у Іванаве. Але яна скончылася тым, што нічога не атрымалася.
Вясной 2012-га Вадзім Грыцук па асабістых справах паехаў на страусіную ферму ў Перкавічы, а вярнуўшыся дадому, на сямейным савеце агучыў сваё рашэнне – купляем. Так у хляве разам з курамі, ва ўзросце адзін месяц, пасяліліся Кнопка і Фунцік – такія імёны для страусаў прыдумала старэйшая дачка Ала.
Спачатку птушкі баяліся ўсяго, але праз кароткі час прызвычаіліся і адчувалі сябе ўжо як дома. Елі і пілі разам са сваімі новымі суседзямі. Усю інфармацыю па доглядзе страусаў даў былы гаспадар Кнопкі і Фунціка, таму ніякіх праблем з гэтым не ўзнікала. Рацыён іх харчавання вельмі просты: дробна пасечанае сена, восыпка і вада. За дзень страусы з’ядаюць каля двух кілаграмаў прыгатаваных “страў”. Летам жа любілі паласавацца люцэрнай і канюшынай.
З-за таго, што птушкі вельмі хутка раслі, іх прыйшлося перасяліць у асобны хлеў (мабыць, каб маленькія куры ды пеўні не адчувалі сябе ліліпутамі). Зараз, у зімовы час, яны пачуваюцца добра, бо памяшканне, у якім знаходзяцца страусы, ацяпляецца.
Калі ехала на сустрэчу з гаспадаром, то чакала, што ўбачу яшчэ невялікіх птушак, але была некалькі здзіўлена: мне насустрач грацыёзна “выплылі” двухмятровыя прыгажуны. Як мяне запэўнілі, – “яны яшчэ маленькія”. І пачалося сапраўднае шоу: страусы спачатку паазіраліся навокал, а потым, нібы на сцэне, сталі выконваць танец, зразумелы толькі для іх дваіх. Гэта, аказваецца, адбываецца кожны раз, калі толькі птушкі выходзяць на падворак. Прасачыўшы мой зацікаўлены позірк, гаспадар пачаў апавядаць розныя гісторыі з пакуль яшчэ кароткага жыцця новых пасяленцаў. Вось некаторыя з іх. Калі першы раз птушак выпусцілі на падворак, яны, доўга не думаючы, “далі лататы” ў накірунку лесу, так, што толькі іх і бачылі. Добра, што сын гаспадароў Андрэй хутка бегае – уцекачоў вярнулі на месца. А яшчэ не вельмі любяць страусы сабаку – Босага: як толькі ён аказваецца побач з птушкамі, яны ім, нібы мячыкам, пачынаюць гуляць у футбол. Дарэчы, гэтую сітуацыю прадэманстравалі і мне.
З самага пачатку хацелася задаць пытанне, якое цікавіць многіх: ці праўда, што страус – самая дурная птушка ў свеце? Калі яго задала, адразу запэўнілі: “Нікога не слухай, гэта разумная птушка”. І расказалі яшчэ адну гісторыю, якая адбываецца вельмі часта. Калі ўжо пасталелыя птушкі адыходзяць на нейкую адлегласць ад сядзібы, патрэбна толькі клікнуць іх па імёнах, і яны “ляцяць” назад.
Калі запытала ў Вадзіма Грыцука аб тым, чаму ён выбраў менавіта страусаў для свайго падворка, атрымала адказ: “Гэта ж самыя прыгожыя птушкі ў свеце. А колькі радасці яны прыносяць кожны дзень не толькі нам, дарослым, але і нашым дзецям” (іх, дарэчы, у сям’і сямёра).
Кнопка і Фунцік – міралюбівыя птушкі і сябруюць з усімі, але ўсё ж такі перавагу аддаюць тым, хто іх даглядае. А ўбачыўшы непадалёк чужога чалавека, спачатку нібы саромеюцца, але потым і чужы становіцца сваім. У птушак розныя характары: адна – спакойная, а другая – гарэза. Але гэта не так важна, калі бачыш перад сабой, у першую чаргу, прыгожых істот, у чыіх вачах бяздонне…
У планах сям’і – некалі заняцца развядзеннем страусаў на фермерскіх асновах, каб не толькі для сябе, але і для іншых. А яшчэ ёсць жаданне набыць паўліна. Але гэта ўжо іншая гісторыя, і, хто ведае, можа, праз некаторы час сцежка прывядзе мяне ў гэтую сям’ю зноў, каб напісаць пра новых жыхароў падворка…
Наталля ГРЫЦУК.
Фота аўтара.
Вярховіцкі сельсавет.
Это может быть интересно:
-
В Каменце запланирована серия субботников во дворах многоквартирных домов
-
20 копеек за литр — стоимость березового сока в Каменецком районе. Где можно купить?
-
Сегодня в Каменецком районе стартовала республиканская акция «За безопасность вместе»
-
Фоторепортаж. В Каменце прошло мероприятие «Наш животновод»
-
Прямые телефонные линии. Март