Наша любімая краіна можа спаць спакойна да той пары, пакуль ёсць у яе верныя сыны ў зялёных берэтах. Яны дзень і ноч стаяць на ахове дзяржаўнай мяжы, тым самым абараняючы кожнага з нас. Каб упэўніцца ў праўдзівасці гэтых агульнавядомых словаў, напярэдадні Дня пагранічніка мы накіраваліся на заставу “Перароў” імя Рыгора Кафанава. Чалавек, у гонар якога яна названа, у 1937 годзе разам са сваім аднапалчанінам Фядотам Найдзёнавым уступіў у няроўную схватку з дыверсантамі і ўзяў іх у палон. А ў 1939-м Рыгор Ільіч загінуў смерцю мужных у паходзе падчас вызвалення Заходняй Беларусі…
Сустрэў нас начальнік пагранзаставы Яўгеній Паўлоўскі, які праходзіць тут службу ўжо другі год. Спярша мы наведалі музей баявой славы пагранічнай заставы імя Р.І.Кафанава Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага. Тут праводзіць экскурсіі намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце Андрэй Ласюкоў. З 1970 года ў музеі вядзецца кніга водгукаў. У ёй пакінулі свае думкі аб убачаным грамадзяне розных краін, нават на нямецкай мове. Як зазначыў Яўгеній Віктаравіч, паглядзець экспазіцыі можа кожны ваеннаслужачы заставы ў любы час.
У гэтым жа будынку размешчана бібліятэка, якая карыстаецца папулярнасцю сярод салдат, няхай і не такой вялікай, як раней. Тут ёсць літаратура не толькі патрыятычнай накіраванасці, але і мастацкая, а таксама часопісы і газеты.
Большая частка пагранзаставы знаходзіцца ў Пружанскім раёне, а асобны ўчастак – у Камянецкім. Памер яе складае 12 кіламетраў у шырыню (флангі ўздоўж мяжы) і ад 30 да 50 кіламетраў у глыбіню. Навокал – балоты. Да бліжэйшай вёскі Ляцкія Камянецкага раёна 5,5 кіламетра, да хутара Перароў у Пружанскім – 5 кіламетраў. Каля 50 кафанаўцаў з усёй рэспублікі ахоўваюць не толькі мяжу, але і Віскулі; абслугоўваюць дом урадавых сустрэч, кантралююць дарогу, па якой едуць экскурсійныя аўтобусы Нацыянальнага парка “Белавежская пушча” і аўтамашыны турыстаў.
На тэрыторыі заставы знаходзіцца міжнародны пешаходна-веласіпедны пункт пропуску “Перароў-Белавежа”. Ён функцыянуе з 9.00 да 21.00, і яго могуць
перасякаць усе жадаючыя, у каго ёсць віза. І такіх нямала. Але ёсць дні, калі ні адзін чалавек не пераступае дзяржаўную мяжу.
Апошняга парушальніка мяжы, грамадзяніна Расіі, затрымалі летась 6 студзеня. Месца размяшчэння заставы тлумачыць тое, што, акрамя людзей, спрабуюць яе перасячы і насельнікі векавечнай пушчы: ласі, дзікі, алені, ваўкі… У такіх выпадках даводзіцца паднімаць людзей па трывозе. Звычайна выязджаюць 10-15 чалавек. Ім дазволена адкрываць агонь, але пагранічнікі не страляюць…
“Перароў” – незвычайная застава. Яна нагадвае нечым аўтаномную дзяржаву. Тут ёсць усё для жыцця, і калі раптам яе “адрэжа” ад навакольнага свету – яна зможа існаваць сама са сваёй сістэмай водазабеспячэння, ацяплення, электрычнасці… Цяпер на заставе ідзе інтэнсіўная падрыхтоўка да зімы. Каб было цёпла ў моцныя маразы, сюды прывозяць дровы, самастойна нарыхтаваныя ў бліжэйшым лясніцтве. Усё трэба рабіць загадзя. Пагранічнікі клапоцяцца і аб сваім здаровым харчаванні: трымаюць свінню, вырошчваюць агародніну. І, галоўнае, усё сваімі рукамі… Астатнія прадукты двойчы на тыдзень прывозяць спецыяльныя аўтамашыны.
У сталоўцы, куды мы таксама не прамінулі зазірнуць, заканчвалі снеданне (каша і чай) трое салдат тэрміновай службы. А на кухні ўжо гатаваўся абед, які складаўся з гарохавага супу, рысавай кашы з гуляшом і вішнёвага кісялю.
Пасля сталоўкі накіроўваемся ў пакой псіхалагічнай разгрузкі, дзе, дарэчы, свой вольны час бавіў наш зямляк з Навіцкавічаў. Зручна размясціцца на канапе, насупраць якой знаходзіцца акварыум з рыбкамі, уключыць тэлевізар з DVD-прайгравальнікам – чым не адпачынак? Ёсць у салдат і гітара, пад якую спяваюць армейскія песні (дарэчы, адну з іх нам выканалі двое сяброў-саслужыўцаў). Акрамя гітары, гэтыя хлопцы ўмеюць трымаць у руках і валейбольны мяч, шахматныя фігуры. Акрамя таго, тут гуляюць у футбол, займаюцца ў спартыўнай і трэнажорнай залах. Кафанаўцы мараць яшчэ і пра інтэрнет…
Штомесяц выходзіць у свет сценгазета “Пагранічнік”. Майскі нумар, напрыклад, прысвечаны прафесійнаму святу абаронцаў мяжы. У гэты дзень на заставе пройдуць мітынг і плац-парад, прыедуць самадзейныя артысты, павіншуюць, напэўна, і шэфы.
Нягледзячы на тое, што пагранзастава знаходзіцца ў пушчанскай глыбіні, да салдат тэрміновай службы прыязджаюць родныя і блізкія ім людзі. Пісьмы, на жаль, у наш час пішуць вельмі рэдка, часцей размаўляюць па тэлефоне.
Самых адказных і надзейных пагранічнікаў возяць на экскурсіі ў сядзібу Дзеда Мароза, Музей прыроды, вальеры. Ды і ўвогуле, жывуць тут адной сям’ёй. Ёсць павага да старэйшых, сяброўскія адносіны адзін да аднаго і, самае галоўнае, тая сувязь, што застанецца з імі назаўжды. У архіве Яўгенія Паўлоўскага захоўваецца развітальны відэаролік былых салдат тэрміновай службы (дарэчы, адзін з іх застаўся тут на звыштэрміновую службу па кантракце), у якім адлюстраваліся адносіны ўжо сапраўдных мужчын да сваіх камандзіраў і сяброў.
У кожнага ваеннаслужачага свой распарадак дня. Пакуль адзін адпачывае пасля дзяжурства, другі заступае ў нарад. За дзень амаль кожны кафанавец праходзіць каля 15 кіламетраў пешшу ўздоўж дзяржаўнай мяжы. Заўсёды побач з людзьмі крочаць іх чацвераногія сябры. Сабакі (Кейн, Жэнева, Канора і Ада – усе нямецкія аўчаркі) трапляюць сюды пасля навучання ў спецыяльнай школе і “служаць” тут звычайна сем гадоў.
Нам, відавочна, няма чаго баяцца. Цішыня ў нашых мірных дамах не будзе парушана, бо ёсць у яе вартавыя – смелыя, адважныя, самаадданыя юнакі ў зялёных берэтах. Са святам!
Непрыступнасць мяжы правяралі Наталля ГРЫЦУК
і Настасся НАРЭЙКА
Фота Наталлі ГРЫЦУК
Это может быть интересно:
-
Александр Лукашенко подписал закон, комплексно корректирующий Кодекс об образовании
-
РЕСПУБЛИКАНСКИЙ ПРОСВЕТИТЕЛЬСКИЙ ПРОЕКТ «ПРЕЗИДЕНТСКАЯ РЕСПУБЛИКА» В КАМЕНЕЦКОМ РАЙОНЕ!
-
В Беларуси с 1 декабря вступят в силу изменения по оплате ЖКУ: что нужно знать
-
Подписаться на “Навіны Камянеччыны” можно не выходя из дома!
-
Александром Лукашенко внесены изменения в Указ «Об оплате труда работников бюджетных организаций»