Столетняя юбилярка

Упершыню ў пасёлку Белавежскі адзначылі стогадовы юбілей – роўна век споўніўся Марыі Адамаўне Верабей. Тым, хто нарадзіўся тут, не можа быць больш за 30 – столькі яшчэ няма і пасёлку. Але з многімі работнікамі гаспадаркі жывуць іх бацькі шаноўнага ўзросту – некаторыя адсвяткавалі сваё 90-годдзе.
Дачка юбіляркі Раіса Кавальчук працуе ветурачом, сын і дачка Раісы Іванаўны – таксама работнікі ААТ “Белавежскі”.
– Пераехалі сюды восенню 1991-га, – расказала Раіса Іванаўна, – да гэтага жылі ў Хойніцкім раёне. І не прагадалі. Пазней я перавезла сюды і маці.
З векавым юбілеем Марыю Адамаўну 9-га сакавіка прыйшлі павіншаваць старшыня Белавежскага сельвыканкама Алена Хоміч і начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама Святлана Барысюк. Вядома ж, з падарункамі: ад сельскага Савета – бялізна, ад упраўлення – цёплая коўдра.
… Лёс Марыі Адамаўны Верабей і суровы, і шчаслівы. Перажыла вайну, працавала ў калгасе. Муж, інвалід вайны, брыгадзірам быў – ужо чвэрць веку, як яго няма. А галоўнае багацце Марыі Адамаўны – яе дзеці: выгадавала пяцёра сыноў і трое дачок. Цяпер у яе 16 унукаў, 21 праўнук і сямёра прапраўнукаў. У свой час юбілярка адпрацавала 36 гадоў, ужо 45 гадоў як пенсіянерка.
У людзей шаноўнага ўзросту заўжды хочацца спытаць пра сакрэты даўгалецця. У Марыі Адамаўны яны простыя: трэба працаваць і маліцца, маліцца і працаваць… Нездарма ж кажуць, што лянота – маці ўсіх заган. А праца і малітва аберагаюць ад непатрэбнага, шкоднага для душы і цела. І яшчэ мне падумалася: чаму ж па статыстыцы жанчыны больш жывучыя? Відаць, гэта божая міласць за нараджэнне дзяцей.
– Колькі Бог дае, столькі трэба жыць, – разважае Марыя Адамаўна. – Усім зычу здароўя, шчасця і даўгалецця…
Хай жа пажаданне стогадовай жанчыны спраўдзіцца і для нашых чытачоў, хай шчасце прыходзіць да вас, як да сябе дадому. І жывіце доўга!

Георгій ПАРАФЯНЮК
Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий